У Вільні адкрываецца новая беларуская прастора «Золак»

14 чэрвеня ў Вільні адкрыецца беларуская прастора «Золак». Сярод стваральнікаў — актывіст Пётр Маркелаў, пісьменніца Аліна Нагорная і фатограф Сяргей Гудзілін.

Bielaruskaja prastora «Zolak»
Беларуская прастора «Золак». Фота: zolak.lt

На адкрыцці 14 чэрвеня пройдуць варкшопы, лекцыі і вялікая музычная вечарына.

Місія «Золка» — даць беларускім творцам і актывістам пляцоўку, тэхнічнае абсталяванне і падтрымліваючую супольнасць для рэалізацыі сваіх ідэй. Прастора не залежыць ад грантавай падтрымкі. Каштоўнасці «Золка» — свабода і радыкальнае самавыяўленне.

«Золак» існуе за кошт прыватных унёскаў і не плануе фінансавацца грантамі. Прастора шматфункцыянальная — гэта рэзідэнцыя для мастакоў і актывістаў, месца для кінапраглядаў, дыскусій, рэйваў і іншых мерапрыемстваў, каворкінг ды нефармальнае месца прыцягнення беларусаў горада.

Унутры — 150 кв. метраў аўтэнтычнай атмасферы сквота, івэнт-спэйс, зона адпачынку, кухня і лазня.

«Золак» ужо прыняў у сябе майстар-клас мастака Андрэя Бусла «Хутка смачна» і анансаваў канцэрт спевака Вячаслава Кміта. Тут рэгулярна праводзяцца кінапрагляды ды іншыя імпрэзы.

Bielaruskaja prastora «Zolak»
Беларуская прастора «Золак». Фота: zolak.lt

Мастацкая рэзідэнцыя і месца для супольнасці

«Вільні не хапае месца, дзе беларускія мастакі ды актывісты могуць рэалізоўваць свае ідэі свабодна, і дзе іх у гэтым падтрымаюць: дадуць пляцоўку, прафесійнае абсталяванне; дапамогуць чалавечым рэсурсам. У «Золку» гэта магчыма, — кажа Пётр Маркелаў. — Хочаш рабіць выставу — рабі выставу. Шукаеш прастору для праваабарончага праекта? Звяртайся. Можаш нават прыйсці на сценах памаляваць».

Bielaruskaja prastora «Zolak»
Беларуская прастора «Золак». Фота: zolak.lt

Яшчэ адно важнае прызначэнне прасторы — гуртаванне кам’юніці. «Сюды можна прыйсці на імпрэзу ці без нагоды, але ўсё роўна сустрэць сяброў. І пачувацца як дома», — тлумачыць Аліна Нагорная.

Альтэрнатыва фінансаванню грантамі

Каманда распавядае, што адна з асноўных задач на бліжэйшы час — дасягнуць фінансавай устойлівасці прасторы без грантавай падтрымкі. «Мы шукаем новае рашэнне для аўтаномнага існавання беларускай культуры у бягучай сітуацыі нестабільнага фінансавання», — распавядае Сяргей Гудзілін.

«Золак» існуе за кошт прыватных унёскаў і праграмы рэзідэнцтва. Рэзідэнцтва мяркуе штомесячную аплату па прынцыпе падпіскі і дае магчымасць наведваць прастору па-за імпрэзамі, бясплатна браніраваць пакоі для мерапрыемстваў, а таксама дае доступ да каворкінгу і лазні. Рэзідэнтам можна стаць і праз пра-бона ўнёскі «справай» — арганізатары вітаюць любыя навыкі ды ідэі.

Таксама даступная арэнда прасторы для прыватных мерапрыемстваў, тут ёсць гук, святло, вялікі экран, лазня.

Дамовіцца пра творчае супрацоўніцтва, стаць рэзідэнтам «Золка», забраніраваць прастору для імпрэзы ці задаць пытанні можна праз сайт.

Сачыць за падзеямі прасторы можна праз Інстаграм і Фэйсбук.

Паводле прэс-рэліза