17 ліпеня а 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца адкрыццё выставы Fragmenty, а 18 ліпеня а 19:00 — канцэрт салідарнасці ў дворыку музея, з удзелам беларускіх гуртоў і выканаўцаў Zui, Kriwi і Уладзіміра Пугача. Абедзве падзеі прымеркаваныя да трохгоддзя музея — прасторы памяці, якая з 2022 года збірае і асэнсоўвае гісторыю беларускай барацьбы праз экспанаты, мастацтва і асабістыя сведчанні.
Пачаўшыся як ідэя, Музей Вольнай Беларусі за тры гады стаў інстытуцыяй з выразнай місіяй і роляй у грамадстве, якая захоўвае і паказвае тое, што часта застаецца невідочным: асабістыя рэчы, дакументы, мастацкія жэсты, матэрыялы з вуліц, з турмаў, з жыцця пасля 2020 года. Калекцыя ўключае таксама прадметы з іншых перыядаў беларускай гісторыі, перададзеныя мецэнатамі, культурнымі дзеячамі, калекцыянерамі і сведкамі падзей.
Больш за 250 экспанатаў, звыш 100 культурніцкіх мерапрыемстваў штогод, тысячы наведвальнікаў, дзясяткі партнёрскіх ініцыятыў — усё гэта стварае музей не як статычную інстытуцыю, а як прастору, якая змяняецца разам з людзьмі.
Выстава Fragmenty. Зборы Музея Вольнай Беларусі 2020-2025 — сведчанне, складзенае з найбольш выразных і рэпрэзентатыўных прадметаў з музейнай калекцыі. Гэта асабістыя і калектыўныя фрагменты, праз якія праступаюць супраціў, рэпрэсіі, гераізм, ахвярнасць і надзея.
Сярод экспанатаў — гумавая куля, што засталася ў целе ўдзельніка акцыі пратэсту і была выдалена хірургічна; самаробныя прадметы, створаныя палітвязнямі ў зняволенні; разламаны напалам тэлефон рэжысёра-дакументаліста, якога жорстка збілі; асабістыя рэчы Рамана Бандарэнкі; паліто пратэсту са стужкамі; сцяг з імёнамі палітвязняў, які працягвае дапаўняцца.
Канцэрт 18 ліпеня прадставіць беларускую музыку ў яе сучасным гучанні. Музыка Zui аб’ядноўвае інды-поп і электроніку з эмацыйнай выразнасцю, а Kriwi спалучаюць аўтэнтычныя народныя інструменты з сучаснай электронікай і візуальнымі эфектамі. Гэта выступ з сучаснай беларускай музыкай — ад фолк-эксперыментаў да інды-рытмаў. Уладзімір Пугач выступіць з акустычнай праграмай — адкрытай, эмацыйнай і з выразным рытмам сённяшняга дня.
Канцэрт адбудзецца ва ўтульным дворыку Музея, дзе можна паслухаць музыку, сустрэцца з сябрамі і падтрымаць тых, хто працягвае ствараць.
Музей Вольнай Беларусі працягвае стварацца разам з людзьмі, для людзей і сярод людзей. І гэта толькі пачатак. Мерапрыемствы адбываюцца ў межах праекта «Kreatywna prezentacja Muzeum Wolnej Białorusi dla społeczności artystycznej i mieszkańców Warszawy», суфінансаванага мэрыяй Варшавы і пры фінансавай падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве і дабрачыннага фонда «Trzy Trąby».
Музей адкрыты для наведвання з аўторка да пятніцы з 16:00 да 20:00, у выходныя з 12:00 да 20:00.
Адрас: ul. Foksal 11.
17 ліпеня (чацвер), 19:00 — адкрыццё выставы Fragmenty
18 ліпеня (пятніца), 19:00 — канцэрт сучаснай беларускай музыкі.
Уваход на абедзве падзеі — вольны.