Сёння вандруем з «Будзьма!» у Гарадзенскую вобласць, на колішнюю Віленшчыну, у мястэчка на рацэ Іўянцы, якое зусім нядаўна, у 2000 годзе, набыло статус горада.
Як дабрацца
З Мінска да Іўя каля 130 кіламетраў па шашы М6. Зручней за ўсё дабірацца маршруткай ці на ўласным аўто. Для аматараў вандровак цягнікамі ёсць варыянт прагуляцца 10 км ад станцыі Гаўя.
Што паглядзець
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Іўе згадваецца як вялікакняжацкі двор, які ў 1444 годзе пераходзіць у прыватнае ўладанне Пятра Мантыгердавіча. Іўе ўзнікла сярод лясоў Налібацкай пушчы і балотаў, што цягнуліся ўздоўж ракі Гаўя. Праз Іўе праходзілі гандлёвыя шляхі, якія злучалі Мінск, Ліду і Навагрудак, што моцна паўплывала на развіццё будучага мястэчка.
Кожны з купцоў, пілігрымаў, шляхты, сялянаў, што праязджалі праз Іўе, нейкім чынам уплываў на жыццё местачкоўцаў і рабіў свой унёсак у аблічча горада.
Не выпадкова Іўе лічыцца сімвалам шматнацыянальнасці беларускіх мястэчак. Тут на цэнтральнай плошчы можна пабачыць помнік чатыром канфесіям: каталікам, іўдзеям, татарам, праваслаўным. Кожны з бакоў помніка скіраваны ў напрамку храма ці малітоўнага дома пэўнай канфесіі.
Дарэчы, праваслаўе — самая маладая ў Іўі рэлігія, царква тут узнікла толькі ў 1995 годзе ў будынку пачатку ХХ стагоддзя, дзе ў розныя часы месціліся радзільня і дзіцячы садок. Гэтая акалічнасць, мусіць, і паўплывала на тое, што храм асвечаны ў гонар адзінага кананізаванага ў праваслаўных дзіцяці Гаўрылы Беластоцкага.
Калі ісці ў бок праваслаўнай царквы, па вуліцы 1 траўня, побач з цэнтральнай плошчай, можна пабачыць адзін з двух захаваных па сёння будынкаў колішніх сінагог, які цяпер аддадзены дзіцячай спартовай школе.
Перад апошняй вайной, да 12 траўня 1942 года, габрэі складалі 76 адсоткаў насельніцтва Іўя, каля 3000 чалавек. Амаль усе яны загінулі ад рук нацыстаў. Як памяць пра загінулых месцічаў засталася мураваная жылая забудова міжваеннага перыяду.
Мясцовыя распавядаюць, што спачатку яна была драўлянай, але ў 1929 годзе адначасова ва ўсіх застрахаваных дамах здарыўся пажар, і на грошы са страхавых выплатаў былі ўзведзеныя мураваныя будынкі.
Адным з сімвалаў Іўя з’яўляецца касцёл Св. Пятра і Паўла. Ягоная гісторыя пачынаецца з ХV стагоддзя як драўлянага манастыра францішканаў. За сваю доўгую пакручастую гісторыю ён паспеў пабыць арыянскім, кальвінісцкім, бернардынскім. У стылі віленскага барока, якім мы яго сёння заспелі, перабудаваны з канца ХVІІІ стагоддзя.
У ХVІ стагоддзі Іўе было сталіцай еўрапейскага арыянства праз прыналежнасць да гэтай плыні тагачаснага ўладальніка мястэчка Яна Кішкі. Арыянства пашырае кола прыхільнікаў у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі. Ян Кішка атрымаў еўрапейскую адукацыю і прытрымліваўся тагачасных тэндэнцыяў. Арыяне адмаўлялі боскае паходжанне Хрыста і, адпаведна, догмат Святой Тройцы, у чым актыўна палемізавалі з прыхільнікамі сімвалу веры.
Пры храме ў Іўі арыяне ствараюць акадэмію, якая была шырока вядомая ва ўсёй Еўропе. Яны ж адкрываюць тут друкарню, у якой стварае свае кнігі актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, вельмі значны для фармавання мясцовай традыцыі мыслення і арганічнай упісанасці яе ў агульнаеўрапейскі кантэкст філосаф, перакладчык, пісьменнік Сымон Будны.
Акадэмія функцыянавала па прыкладзе, агульным для ўсіх еўрапейскіх універсітэтаў. Тут выкладалася старажытная філасофія, паэтыка, логіка, права, рыторыка, этыка, музыка, медыцына, фізіка, лацінская і старажытнагрэцкая мовы. Але асноўным адрозненнем было тое, што ў акадэміі вучыліся студэнты не толькі з арыянскіх сем’яў.
Працы рэктара Іўеўскай арыянскай акадэміі Яна Ліцынія Намыслоўскага моцна паўплывалі на развіццё тагачаснай педагагічнай і асветніцкай думкі.
Ён адпаведна еўрапейскай традыцыі стварыў важныя для навучання кнігі, такія як «Дапаможнік па авалоданні вучэннем Арыстоцеля», «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці» — першы ў Беларусі падручнік на жывых еўрапейскіх мовах. Намыслоўскі друкаваў яго паралельна на лацінскай, польскай і нямецкай мовах.
Пасля таго як хваля Рэфармацыі сцішылася, род уласнікаў Іўя, Кішкаў, вярнуўся да каталіцкай веры. У 1633 годзе Мікалай Кішка запрашае ў Іўе манахаў-бернардынцаў, будуе для іх тут жа, на месцы сучаснага касцёла Пятра і Паўла, драўляныя касцёл і кляштар, якія падчас самай стратнай у гісторыі краю вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) былі спаленыя.
Сучасны барочны выгляд касцёл займеў, калі Іўе стала ўласнасцю Тызенгаўзаў, – у другой палове ХVІІІ стагоддзя. Ад колішняга кляштарнага корпуса захавалася толькі заходняя і далучаная да прэзбітэрыя касцёла часткі ў стылі ранняга барока.
Унутранае ўбранне касцёла ў стылі ракако. Тут варта звярнуць увагу на кафляную печ ХVІІ стагоддзя з раслінным і геаметрычным арнаментам. Яшчэ вялікай каштоўнасцю касцёла з’яўляецца арган. Ён быў усталяваны тут у ХVІІІ стагоддзі і некалькі разоў рэстаўраваўся. Праспект аргана аздоблены імітацыяй трубаў з дрэва, скульптурамі двух анёлаў і цара Давіда з лірай.
Побач з касцёлам, праваруч, варта звярнуць увагу на магілу пробашча іўеўскага касцёла з 1930 па 1944 Ільдэфонса Бобіча. Ільдэфонс Бобіч — святар, пісьменнік, публіцыст (друкаваўся пад псеўданімам Пятро Просты), да 1930-х гадоў быў актыўным прыхільнікам беларусізацыі касцёла. Друкаваўся ў «Нашай Ніве», дамогся папскага блаславення на выданне часопіса адмыслова для беларусаў-каталікоў, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі закон Божы. Напісаў шмат важных для правядзення набажэнстваў на нацыянальнай мове працаў па-беларуску, якія пазней перакладаліся на ўкраінскую і польскую.
Да сённяшняга дня Іўе не губляе сувязі з еўрапейскім мінулым. Па задумцы наступнага ксяндза іўеўскай парафіі Яна Гавецкага, у 2001 годзе перад касцёлам была ўсталяваная скульптура «Распяцце Хрыста» — сапраўдная копія распяцця «Хрыстос-Цар», узведзенага ў 1959 годзе ў Лісабоне і створанага па ініцыятыве мясцовых святароў, уражаных скульптурай Хрыста-Збаўцы ў Рыа-дэ-Жанэйра, якая ў 2007 годзе была прызнаная адным з новых сямі сусветных цудаў.
Ёсць ў Іўі і свая мячэць 1884 года пабудовы — помнік драўлянага дойлідства. Фундавала яе Эльвіра Замойская, тагачасная ўладальніца мястэчка. У 1922 годзе татары, якія з’ехалі на эміграцыю ў ЗША, даслалі грошы на дабудову мінарэта і галерэі. Да сёння татары згадваюць Эльвіру Замойскую добрым словам у сваіх малітвах, як і князя Вітаўта, па запрашэнні якога яны пасяліліся на Іўеўшчыне.
Былая татарская слабада — першы раён, што сустракае, калі ехаць у горад з шашы М6. Раней гэта было ўрочышча — Мураўшчызна з мячэццю ў цэнтры. Сёння гэта ў асноўным вуліцы Савецкая і Леніна. Тут амаль кожны падворак адметны сваімі дагледжанымі агародамі і вялікай колькасцю цяпліцаў.
Татары з’явіліся на землях ВКЛ яшчэ за князем Гедымінам. Яны былі выдатнымі ваярамі. Стала пасяліў іх тут ужо Вітаўт. Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў татарам прывілей на шляхецтва, адпаведна, на атрыманне зямлі, і дазволіў брацца шлюбам з тытульным насельніцтвам. Татары пачалі актыўна асімілявацца, прымаць мясцовыя імёны і прозвішчы, мову татары таксама перанялі беларускую. Асноўным, што не падлягала зменам, была і застаецца рэлігійная прыналежнасць.
У ХVІ стагоддзі ўзніклі кітабы — кнігі рэлігійнага зместу, напісаныя па-беларуску, але арабскімі літарамі. Адметна, што мова кітабаў адрозніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў і максімальна набліжаная да формы народнага маўлення, што ўжывалася ў перыяд напісання кітаба. Мясцовыя татары — асаблівыя. У Іўе варта прыехаць толькі дзеля таго, каб бліжэй пазнаёміцца з іх даўняй унікальнай культурай.
Захаваліся татарскія могілкі — мізар, дзе варта звярнуць увагу на прозвішчы на магільных плітах і ўвогуле на адметнасці пахавальнай традыцыі. Усяго ў ваколіцах Іўя тры мізары, але ў дагледжаным стане — толькі адзін, ля вуліцы Савецкай, на ўскрайку Іўя.
З адметных архітэктурных помнікаў у Іўі яшчэ варта пабачыць капліцу Святой Барбары ХІХ стагоддзя пабудовы на старых каталіцкіх могілках.
Варта наведаць Іўеўскую крыніцу — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Крыніца вядомая здаўна, немцы падчас Першай сусветнай таксама бралі з яе ваду.
Мясцовыя жыхары з радасцю папаўняюць свае хатнія пітныя запасы з яе і сёння.
У добрым стане захаваўся будынак млына ХІХ стагоддзя. У ім сёння месцяцца цырульні, крамы і іншыя ўстановы.
Дзе паесці
На сёння ў Іўі працуюць дзве рэстарацыі, дзяржаўная «Вясна» і прыватная «Версаль».
Мясцовыя вельмі раяць падсілкавацца ў «Версалі», там абедзеннае меню дзейнічае ўвесь дзень, цэны бюджэтныя, порцыі вялікія, усё ў найлепшых традыцыях беларускага мястэчка.
Дзе заначаваць
У Іўі ёсць аднайменны гатэль, дзе можна заначаваць. Знаходзіцца яна за 400 метраў ад аўтавакзала. Рамонт у будынку свежы, хоць узведзены ён у 1973 годзе. Тут ёсць 1- і 2-месныя нумары. Ложак у двухмесным нумары — 19 BYN, 26 BYN — аднамесны нумар.
Куды схадзіць
Музей нацыянальных культур
Больш пра шматнацыянальную гісторыю Іўя можна даведацца ў мясцовым Музеі нацыянальных культур — гэта адзін з самых маладых беларускіх музеяў і, бадай, адзіны ў Беларусі падобнага профілю. Размяшчаецца ён у будынку міжваеннага перыяду па вуліцы 17 верасня.
У цэнтры Іўя, у адрозненне ад большасці раённых цэнтраў у Беларусі, няма помніка Леніну, але ля ўвахода ў музей можна пабачыць калекцыю помнікаў савецкага часу, звезеную з мясцовых калгасаў, сярод якіх і Ільіч. Астатні пастамент у шэрагу пусты — прызначаны для турыстаў. Вось такая фатазона.
У музеі чатыры залы: адна прысвечаная гісторыі Іўеўшчыны, мясцовых хрысціянскіх канфесіяў, дзве іншыя — гісторыі габрэяў і татараў, чацвёртая — вядома, Другой сусветнай вайне.
З добрым экскурсаводам тут вельмі цікава, музей варта наведаць. Тут працуе закаханая ў сваю справу старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Пятроўна Пазняк, яна адкажа на ўсе пытанні, датычныя экспазіцыі і гісторыі Іўеўшчыны.
Цана білета ў 3 залы — 3 BYN, за залу, прысвечаную Другой сусветнай вайне, — 1,20 BYN, паслугі экскурсавода ці аўдыёгід — 5 BYN.
Да таго ж музей імкнецца рабіць культурніцкае жыццё Іўя больш разнастайным. Да пандэміі тут праводзіліся музычныя імпрэзы, лекцыі, адукацыйныя курсы. Музей супрацоўнічае з ураджэнкай Іўя Тамарай Барадач (1949 г.н.), якая арганізуе мерапрыемствы ў межах міжнароднага мемарыяльна-турыстычнага праекта “Карані” — паездкі для габрэяў з Беларусі ў родныя мясціны, дзе жылі іх бацькі, дзе загінулі іх сем’і.
Тамара Барадач актыўна дапамагала і ў афармленні і зборы асноўнай часткі каштоўнасцяў экспазіцыі музея, прысвечанай габрэям Іўя: фрагмента Торы, малітоўнікаў, зборнікаў песняў, абавязковых для габрэйскай традыцыі рытуальных прадметаў, прадметаў побыту.
Мячэць
Калі атрымаецца дамовіцца пра экскурсію са старшынёй іўеўскай мусульманскай рэлігійнай абшчыны Іванам Матвеевічам Шабановічам, варта абавязкова наведаць мячэць. Лепей зрабіць гэта ў пятніцу пасля службы, якая адбываецца а 12-й гадзіне. Імамам з 2013 года тут служыць Адам Сулейманавіч Радзецкі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў мясцовай сярэдняй школе.
У Беларусі цяпер дзейнічае пяць мячэцяў: у Іўі, Навагрудку, Слоніме, Лоўчыцах, Смілавічах. Найстарэйшая — мясцовая. Мячэць у Іўі не спыняла сваю працу і за савецкім часам. Сёння ў горадзе жыве каля 600 татараў. Вернікі прыходзяць да мячэці збольшага на асноўныя святы. Іх у мусульманаў два: Курбан-байрам і Ід аль-Фітр (Рамадан-байрам). Прыязджаюць сюды не толькі мясцовыя татары, але і азербайджанцы, узбекі, таджыкі з ваколіцаў.
Асаблівасцю мячэцяў нашых літоўскіх ці беларускіх татараў з’яўляецца падзел на 2 часткі: мужчынскую і жаночую. У краінах мусульманскага Усходу такі падзел адсутнічае, традыцыйна там жанчын у мячэць не пускаюць, ім дазволена маліцца толькі дома.
У сцяне, што падзяляе жаночую і мужчынскую паловы, зробленае шырокае акно, заслоненае муслінам. Такім чынам жанчыны ў сваёй палове чуюць, як адбываецца набажэнства.
Над дзвярыма вісіць мугір — элемент аздаблення мячэці або жылога дома з цытатамі з Карана і імёнамі прарокаў. Вядомы ў нас з ХVІ стагоддзя ў выглядзе апраўленага ў рамы пергаменту з вершамі з Карана. Сёння ў Іўі ёсць толькі адзін майстар, які вырабляе мугіры.
На адной са сценаў мячэці варта звярнуць увагу на мармуровую шыльду ў гонар фундатаркі Эльвіры Замойскай.
Што прывезці
Калі давядзецца наведаць Іўе на Курбан-байрам, то варта завітаць да мячэці. У гэты дзень мясцовыя татары частуюць традыцыйнымі стравамі ўсю абшчыну і суседзяў. Аматарам слодычаў варта пакаштаваць і прывезці ў якасці пачастунку адметны татарскі дэсерт — гальму. Варыцца гальма з салодкага цеста на сметанковым алеі, муцэ і мёдзе, расчыненага ў роўных прапорцыях, астуджаецца і наразаецца ромбікамі. Першапачаткова гальма была рытуальнай стравай, але з часам набыла большы распаўсюд.
Іўе — унікальнае месца. Тут да сёння жывы дух шматнацыянальнага, шматканфесійнага беларускага мястэчка.
Тут да сёння праводзяцца кірмашы, куды з’язджаюцца гандляры з ваколіцаў, на святы ў касцёле ці мячэці не хапае месца для ўсіх ахвочых трапіць на службу, мясцовыя татары ў пятніцу перад Вялікаднем фарбуюць яйкі і раздаюць слодычы дзецям, каталіцкія бабулі таксама з радасцю далучаюцца да пачастункаў. А яшчэ тут ад месцічаў, асабліва старэйшага ўзросту, можна пачуць чысцюткую беларускую мову з такім жывым маўленнем, якое ўласцівае толькі гэтаму рэгіёну.
Вандруйце, гэта натхняе нават у самы змрочны час!
ПЖ, budzma.by
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Паставах?