У закрытых кнігасховішчах манастыроў на Святой Гары Афон даследчыкі вывучаюць тры раней невядомыя асобнікі славутай Астрожскай Бібліі 1581 года — аднаго з найважнейшых помнікаў усходнеславянскага кнігадрукавання. З’яўленню гэтых кніг у Грэцыі паспрыяла падзенне Канстанцінопаля пад ціскам асманаў, піша «Наша Ніва».

Даследчык Сяргей Шуміла са знойдзеным асобнікам Астрожскай Бібліі 1581 года. Фота: Facebook / Сяргей Шуміла
Пра існаванне трох раней невядомых асобнікаў стала вядома яшчэ ў чэрвені 2024 года, калі іх упершыню зафіксаваў дырэктар Міжнароднага інстытута афонскай спадчыны Сяргей Шуміла. Аднак шырокай публіцы вынікі працы прадстаўлены толькі ў жніўні 2026 года. Як паведамляе ўкраінскае выданне «Історична правда», дэталёвае вывучэнне і алічбаванне трох кніг праводзілася пры падтрымцы Інстытута гісторыі і культуры Усходняй Еўропы імя Лейбніца.
Разварот аднаго з выяўленых на Афоне асобнікаў Астрожскай Бібліі. Фота: Facebook / Сяргей Шуміла
Дагэтуль у свеце налічвалася каля 350 захаваных экзэмпляраў Бібліі 1581 года. Гэта першы поўны друкаваны звод Святога Пісання на царкоўнаславянскай мове. Выданне было рэалізавана ў Астрожскай друкарні пад кіраўніцтвам Івана Фёдарава.
Навукоўцы звязваюць паходжанне друкара Івана Фёдарава з дробнай заходнебеларускай або палеска-падляшскай шляхтай, абапіраючыся на выкарыстанне ім асабістага друкарскага знака — герба Рагозаў «Шранява».
У прыватнасці, метрыкі Кракаўскага ўніверсітэта за 1532 год утрымліваюць запіс аб прысваенні ступені бакалаўра «Івану Фёдараву з Петкавіч» — магчыма, гаворка ідзе пра таго ж самага друкара і вёску Петкавічы ў сучасным Баранавіцкім раёне.
Да прыезду ў Астрог Іван Фёдараў паспеў папрацаваць ў маёнтку Заблудаў Гарадзенскага павета гетмана Грыгорыя Хадкевіча, дзе разам з іншым беларускім друкаром, Пятром Мсціслаўцам, выдаў «Евангелле вучыцельнае» з тэкстамі Кірылы Тураўскага. Заблудаў — гэта на захадзе беларускай этнічнай тэрыторыі, цяпер на польскім Падляшшы.
Пры падрыхтоўцы Астрожскай Бібліі складальнікі праводзілі параўнальны аналіз розных рукапісаў і мэтанакіравана выкарыстоўвалі папярэднія пераклады Францыска Скарыны. Уплыў беларускага першадрукара прасочваецца і ў афармленні: арнаментальнае афармленне старонак Астрожскай Бібліі і шэраг загалоўных літар маюць відавочнае падабенства са Скарынавымі выданнямі.
Астрожская Біблія стала манументальным здабыткам для ўсяго ўсходнеславянскага хрысціянскага свету. Яна забяспечвала літургічныя патрэбы праваслаўнай царквы на працягу некалькіх стагоддзяў. Менавіта яна стала асновай для першага маскоўскага выдання Бібліі ў 1663 годзе, а пазней, з пэўнымі рэдакцыйнымі праўкамі — для Елізавецінскай Бібліі 1751 года, якая застаецца афіцыйным царкоўнаславянскім тэкстам Рускай праваслаўнай царквы і дагэтуль.
Гісторыю валодання знойдзенымі кнігамі ўдалося аднавіць дзякуючы маргіналіям — рукапісным пазнакам і дарчым надпісам на палях.
Першы асобнік належаў пісьменніку-палемісту Івану Вышанскаму, які знаходзіўся на Афоне ў пячорным затворы на мяжы XVI і XVII стагоддзяў. Гэты факт пацвярджаецца дарчым надпісам ад прадстаўніка Астрожскага гуртка Васіля Суражскага. Другая кніга знаходзілася ў румынскім Нямецкім манастыры і належала вучням падзвіжніка Паісія Велічкоўскага, пасля чаго была перададзена на Святую Гару.
Разварот аднаго з выяўленых на Афоне асобнікаў Астрожскай Бібліі. Маргіналіі на старонках кніг дазволілі вызначыць іх былых уладальнікаў і шляхі перамяшчэння старадрукаў. Фота: Facebook / Сяргей Шуміла
Трэці экзэмпляр першапачаткова належаў іераманаху Калісту Мяноўскаму. Згодна з запісам, у 1754 годзе казак Палтаўскага палка Васіль Лугавы перадаў гэтую кнігу ў афонскі скіт «Чорны Вір». Скіт быў заснаваны былым казаком Нежынскага палка Рыгорам Голубам, насельнікамі там былі пераважна запарожцы, а мецэнатам выступаў кашавы атаман Пятро Калнышэўскі.
Агулам падчас працы ў манастырскіх калекцыях даследчыкі зафіксавалі 32 кірылічныя старадрукі XVI і XVII стагоддзяў, а таксама больш за сто сорак выданняў XVIII стагоддзя.
Згодна з даследаваннямі Сяргея Шумілы, апублікаванымі ў навуковым часопісе Rocznik Teologiczny, такі маштабны перанос кніг з тэрыторыі Рэчы Паспалітай у Грэцыю быў звязаны з эканамічным ціскам Асманскай імперыі.
Пасля падзення Канстанцінопаля афонскія манастыры былі вымушаныя плаціць асманскім уладам высокі падушны падатак. Каб сабраць неабходныя сродкі і захаваць самакіраванне, афонскія манахі рэгулярна адпраўляліся па міласціну на ўкраінскія і беларускія землі.

Разварот аднаго з выяўленых на Афоне асобнікаў Астрожскай Бібліі. Фота: Facebook / Сяргей Шуміла
У гэты ж час Астрог дзякуючы князю Канстанціну Астрожскаму стаў ключавым цэнтрам падтрымкі праваслаўя. Акрамя фінансавай дапамогі, паміж Афонам і Вялікім Княствам Літоўскім адбываўся шчыльны інтэлектуальны абмен: прадстаўнікі Астрожскага гуртка асабіста наведвалі Святую Гару і пэўны час жылі ў манастыры Ватапед. Дзякуючы гэтым місіям і прамым ахвяраванням магнатаў, сярод якіх гістарычныя дакументы фіксуюць князя Аляксандра Палубінскага і святара Казьму Васіловіча з Ковеля, у бібліятэках афонскіх манастыроў аселі дзясяткі ўсходнеславянскіх старадрукаў.