Беластоцкі ўніверсітэт запусціў новы напрамак — беларускую этнафілалогію

Філалагічны факультэт Беластоцкага ўніверсітэта запускае новы напрамак навучання — беларускую этнафілалогію. Ва ўстанове паведамілі, што набор пачнецца ўжо ў гэтым годзе, а навучанне будзе праходзіць у вочнай форме, піша MOST.

Bielastocki ŭniviersitet

Паступаць на гэтую спецыяльнасць універсітэт прапануе як абітурыентам з Польшчы, так і кандыдатам з Беларусі, якія зараз жывуць на Падляшшы.

Плануецца, што выпускнікі гэтага курса змогуць працаваць між іншым у медыя, выдавецтвах, установах культуры, а таксама ў дзяржаўным кіраванні.

— Беларуская этнафілалогія — гэта гуманітарны кірунак, які прапануе ўнікальнае спалучэнне лінгвістычных, літаратурных і культуралагічных ведаў, якое дазволіць студэнтам набыць комплексныя моўныя і культурныя кампетэнцыі, — кажа доктар Беата Пецыхна, намесніца дэкана па навуцы і міжнародным супрацоўніцтве філалагічнага факультэта.

Паведамляецца, што ў вучэбнай праграме ўлічвалася рэлігійная разнастайнасць беларусаў, таму былі ўведзеныя прадметы ў галіне рэлігіязнаўства, такія як філасофская і рэлігійная думка ці выбраныя пытанні візантыйскай культуры. Будуць таксама заняткі, звязаныя з культурай і літаратурай польска-беларускага памежжа, а таксама з гістарычнымі працэсамі фарміравання беларускай меншасці ў Польшчы.

Запланаваны таксама прадмет, які не прапануе ніводзін іншы ўніверсітэт Польшчы, — аналіз тэкстаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага. На ім студэнты навучацца чытаць дакументы былых польскай і беларускай дзяржаў.