Чым сёння жыве музейны навабуд у Клімавічах, які паўстаў замест знішчанай сядзібы ХІХ стагоддзя

Два гады таму адбылася шумная падзея на ўсходзе Беларусі — да «Дажынак» у Клімавічах знішчылі аўтэнтычную сядзібу ХІХ стагоддзя і паставілі замест яе цалкам новы будынак. Экспазіцыя новага музейнага «дома» атрымала мультымедыйныя тэхналогіі і больш упарадкаваную структуру, але апынулася цалкам зрусіфікаванай і пазбаўленай гістарычнай пераемнасці. Аналізуем, як сёння працуе музейны навабуд, з якімі праблемамі сутыкаецца яго калектыў, і што атрымалі наведвальнікі замест знішчанай драўлянай спадчыны горада.

Што змянілася ў новым музеі

Новазбудаваны аб’ект не мае амаль ніякага дачынення да знішчанага помніка архітэктуры, які мясцовыя ўлады знеслі без аніякіх наступстваў для сябе. Новы будынак, хоць і змяшчае асобныя разныя элементы страчанай пабудовы, ужо пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, што вельмі паказальна. Больш за тое, адсутнасць пераемнасці ўсведамляюць і самі музейшчыкі: у адной з экспазіцыйных залаў размешчаны фотаздымкі ранейшай сядзібы — рэтра-фота пачатку XX стагоддзя і здымак помніка архітэктурнай спадчыны, які яшчэ нядаўна цешыў вока жыхароў Клімавічаў. Цяпер жа на гэтай тэрыторыі стаіць зусім іншы будынак...

Klimavicki muziej
Фотаздымкі колішняй знішчанай сядзібы рознага часу ў музейнай экспазіцыі. Фота: yandex.by

Не можа не здзіўляць спарадычнае выкарыстанне беларускай мовы ў экспазіцыі музея. Матчынай мовы ў клімавіцкім музеі вобмаль, значна менш, чымся ў папярэдняй экспазіцыі музея. Відавочна, гэтая праблема датычыць не толькі Клімавічаў, татальная русіфікацыя чакае шмат якія музейныя экспазіцыі па ўсёй Беларусі, калі своечасова не спыніць навалу «рускага свету» на нашую краіну. 

У цэлым экспазіцыю пастараліся перадаць, згодна з тэматычнымі заламі колішняй сядзібы-музея. Аднак ёсць істотная розніца паміж часткай экспазіцыі пра ўладальнікаў Мяшчэрскіх у аўтэнтычных сценах і тым жа матэрыялам у навабудзе. Размяшчэнне скульптуры княжны Марыі Мяшчэрскай ва ўнутраным дворыку музея выглядае па-савецку цынічна: яе радавое гняздо знішчана, а скульптурная выява паказальна пастаўлена ля муляжа. Больш за тое, у новым будынку адсутнічае ўваходная частка, якая раней адлюстроўвала гістарычную дзяржаўную сімволіку Беларусі — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Klimavicki muziej
Наведвальнікі ў экспазіцыйнай зале, прысвечанай роду Мяшчэрскіх. Фота: klimovichi.museum.by

Безумоўна, цяпер экспазіцыйная прастора выглядае свежа і сучасна. Аднак шлях да занядбання старой сядзібы быў вынікам свядомай бяздзейнасці: улады не рабілі ніякіх планамерных крокаў для ратавання аўтэнтычнага будынка. Адсутнасць рэстаўрацыі прывяла да руйнавання інтэр’ераў, і гэтае пытанне чыноўнікі вырашылі радыкальна — знішчэннем архітэктурнага помніка Клімавіччыны, які меў статус гісторыка-культурнай спадчыны.

У экспазіцыі з’явіліся мультымедыйныя тэхналогіі, што вылучае клімавіцкі музей на фоне многіх іншых рэгіянальных краязнаўчых устаноў, якія не маюць такіх магчымасцей. Аднак і тут варта падкрэсліць засілле рускай мовы пры мізэрнай прысутнасці беларускай. Нягледзячы на абнаўленне экспазіцыі, а фактычна стварэнне новага музея, гэта не пазбаўляе ўстанову праблемы пошуку кадраў. Яшчэ нядаўна ў клімавіцкім музеі шукалі навуковага супрацоўніка, бо, відавочна, установа не надта вабіць маладых спецылістаў з гуманітарнай сферы.

Klimavicki muziej
Цяперашні выгляд клімавіцкага музея. Фота: planetabelarus.by

Асаблівасці музейнай экспазіцыі

Стваральнікі новай экспазіцыі пастараліся захаваць структуру папярэдняй, якая ўключала выставачную залу і пяць залаў пастаяннага паказу: «Прырода і археалогія», «Этнаграфія», «Гісторыя краю», «Клімавіччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны» ды «Сучаснасць краю». 

Асаблівую зацікаўленасць выклікае археалагічны блок. Сярод яго экспанатаў — зуб шарсцістага насарога (узростам ад 15 да 30 тысяч гадоў), каменныя сякеры, керамічны посуд розных эпох і жаночыя ўпрыгожанні з курганных пахаванняў Клімавіччыны. Археалагічнае вывучэнне рэгіёна прадстаўлена падрабязна і наглядна, у тым ліку праз фотаздымкі раскопак мясцовых помнікаў. Багатая калекцыя прылад працы, народнага адзення, рушнікоў і керамікі (у тым ліку ганчарных вырабаў) выдатна ілюструе традыцыйныя рамёствы беларусаў ды выклікае непадробную цікавасць наведнікаў музея.

Klimavicki muziej
Выгляд экспазіцыі на ваенную тэматыку (у далечыні бачны фотаздымкі часоў акупацыі горада). Фота: klimovichi.museum.by

У новай экспазіцыі адчуваецца ідэалагічная выверанасць, якой не было раней. Нягледзячы на пэўную недасканаласць мінулай экспазіцыі, у цэлым яна была цікавейшай і жывейшай за сучасную. Разам з тым нельга не адзначыць, што частка экспазіцыі, прысвечаная сучаснасці Клімавіччыны, выглядае больш упарадкаванай і лагічна збудаванай, чым у папярэдняй экспазіцыі. Такую ж характарыстыку можна даць і частцы экспазіцыі на ваенную тэматыку, якая з’яўляецца адным з самых важных ідэалагічных стрыжняў новага музея. Адна з яе адметнасцей — выкарыстанне фотаздымкаў горада часоў нямецкай акупацыі, што з’яўляецца рэдкасцю для рэгіянальных музеяў.

Klimavicki muziej
Выява пчалы як сімвала Клімавічаў ў экспазіцыі музея — нестандартанае мастацкае рашэнне, якое выглядае дзіўнавата і не кожнаму спадабаецца. Фота: klimovichi.museum.by

Чым быў унікальны знішчаны будынак сядзібы Мяшчэрскіх

Сядзіба князёў Мяшчэрскіх была не проста аўтэнтычным будынкам, унікальным аб’ектам драўлянай архітэктуры і адной з галоўных візітных картак горада. Гэтае месца было адлюстраваннем пакручастай гісторыі горада ХХ стагоддзя, жыхары якога зведалі ваеннае ліхалецце, рэвалюцыю ды прыход улады Саветаў, Халакост ды моцна зменены этнічны склад жыхароў горада ў пасляваенны час.

Мяшчэрскія пабудавалі сваю сядзібу ў 1878 годзе, і валодалі ёй толькі каля 40 гадоў, бо ўжо ў 1918 годзе у ім знаходзіўся мясцовы рэвалюцыйны камітэт, пасля — павятовы камітэт кампартыі і камсамола. 

Падчас нямецкай акупацыі Клімавічаў функцыі сядзібы былі зноўку зменены. Акупацыйныя ўлады вырашылі аддаць драўляны будынак пад клуб-казіно для жаўнераў Трэцяга Рэйха.

У пасляваенны час колішнюю сядзібу «штарміла»: у 1945 годзе ў будынку размясцілася адна з гарадскіх школ, пасля — кантора па нарыхтоўцы збожжа з жылым пакоем для вартаўніка. Пачынаючы з 1955 года ў будынку зноўку размясцілася мясцовая школа, а праз дзесяць год яе перафарматавалі ў школу-інтэрнат для слабаразвітых дзяцей. З 1972 года будынак быў зачынены, і толькі праз шэсць гадоў з’явілася рашэнне мясцовай улады аб адкрыцці ў колішняй дваранскай сядзібе краязнаўчага музея. Пры гэтым ад пастановы да рэальнай працы па яго стварэнні прайшло доўгіх 8 гадоў, і толькі ў 1984 годзе ўстанова культуры ўпершыню адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў.

Лёс сядзібы Мяшчэрскіх — гэта адлюстраванне няпростай гісторыі горада са сваімі драмамі і трагедыямі. Пра сядзібу Мяшчэрскіх варта было б зняць дакументальнае кіно (а магчыма, і не адно) на падставе ўспамінаў старэйшых жыхароў горада, а на практыцы, як бачым, будынак проста незваротна знішчаны.

Klimavicki muziej
Выгляд колішняга музея, знішчанага два гады таму. Фота: ekskursii.by

Пасляслоўе

Штучны глянец новага музейнага будынка не дапамог вырашыць глыбокіх праблем рэгіянальнай установы: пытанняў з кадрамі і з наведвальнікамі. Паказальныя пошукі навуковых супрацоўнікаў праз сацыяльныя сеткі толькі з’яўляюцца яскравым таму сведчаннем. 

Сёння краязнаўчыя музеі па-ранейшаму застаюцца закладнікамі завышаных планаў па наведвальнасці і платных паслугах, з-за чаго кіраўніцтву даводзіцца выкручвацца любымі спосабамі, у тым ліку ствараючы прыгожыя лічбы на паперы. Акцэнт на наведвальнасць зроблены і ў клімавіцкім музеі, пры гэтым навуковая дзейнасць вельмі слабая, у першую чаргу з-за малалікасці калектыва (налічвае ўсяго 6 чалавек). Музейныя супрацоўнікі працягваюць працаваць з навучэнцамі і працоўнымі калектывамі, аднак узнікае важнае пытанне: 

што рэальна можа прапанаваць наведвальніку цалкам зрусіфікаваная экспазіцыя ў новай бяздушнай каробцы, дзе беларускае слова стала рэдкасцю?

А. К., Budzma.org