Сяргей Харэўскі: «Не здзіўлюся, калі важны тэкст пра Менск будзе створаны не ў Менску»

Як паўстаюць міфы пра горад, і як тыя міфы адлюстроўваюцца ў сучаснай беларускай прозе і фармуюць беларускую ідэнтычнасць? Чаму Менск усё яшчэ параўноўваюць то з Вільняй, то з Кракавам ды іншымі гарадамі? Як адрозніваюцца гарады на беларускім поўдні ад тых, што на паўночным захадзе Беларусі? Пра гэта размаўлялі падчас дыскусіі «Гарадскія метафізікі: Гомель — Мінск — Вільня» на фестывалі «Прадмова-2025». У дыскусіі ўзялі ўдзел мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, пісьменніца Югася Каляда і філосаф І. Б. А чацвёртым, нябачным удзельнкім дыскусіі, як аказалася, стаў Коля Суліма — журналіст і літаратар, аўтар скандальнага тэксту пра Мінск. Пераказваем найбольш цікавыя думкі той дыскусіі.

MinskМенск, 2016 г.

Пісьменніца Югася Каляда жыве ў Вільні, любіць Менск, піша пра Гомель. Філосаф І. Б. піша пра Берлін і Вільню, жыве ў Менску, любіць Новы Свержань. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа пра закладзеную дыхатамію «Менск жыве марай пра Вільню, а Вільня — настальгіяй па Менску». Пры тым, што гэта цытата не сённяшняя, яна з невялічкага шчымлівага эсэ «Настальгія па Менску», напісанага Сяргеем Дубаўцом 30 гадоў таму.

Можна ўспомніць эсэ філосафа Валянціна Акудовіча пра Менск пад назвай «Горад, якога няма», нагадвае ІБ:

«Гэта горад-пустэча, які кожнаму з нас дазваляе быць самім сабой. Усе астатнія гарады як быццам ціснуць сваёй велічнасцю, гісторыяй ці мадэрнасцю, а Менск — такое дзіўнае месца, якое пустое як бы, але ў той жа час дае праяўляецца ўсяму цікаваму і важнаму ў чалавеку».

«Але ў 2005 годзе выходзіць кніга, якая абсалютна разрывае папярэднюю традыцыю. Кніга Югасі Каляды «Галоўная памылка Афанасія», хуліганская, героі якой вандруюць па Менску, і што там толькі з імі не адбываецца, абсалютна звар’яцелая проза. Далей Югася замаўкае — і наступная кніга «Перамена месцаў» выйшла толькі напрыканцы мінулага года, фантастыка, гомельскі раман. Югася — гомельская аўтарка, закаханая ў Менск, а лёс вымушае яе жыць у Вільні», — заўважае І. Б.

Juhasia KaliadaЮгася Каляда

Паводле Югасі Каляды, у апісанні гарадоў для яе ёсць «прынцыповы момант — я не падманваю сябе, што горад з’яўляецца суб’ектам волі, у яго няма свайго характару, ён не можа з табой размаўляць, не можа штосьці рабіць, не можа зрабіць ніводнага дзеяння, таму апісанне горада ў мастацкай літаратуры — гэта мастацкі вобраз».

Тут Югася Каляда ўспомніла зусім свежы тэкст пра горад Мінск, які выклікаў буру абмеркаванняў. Вядзецца пра пост журналіста і літаратара Колі Сулімы ў Facebook. Суліма, як аказалася, стаў нябачным чацвёртым удзельнікам дыскусіі. Пісьменніца не згодная з прэтэнзіямі да гэтага тэксту, бо «горад адлюстроўваецца ў вачох аўтара, таму не існуе нейкага аднолькавага для ўсіх горада», таму, прыкладам, пазітыўныя ўражанні ад нечага ў горадзе «не больш праўдзівыя ад уражанняў чалавека, які там стаптаў красоўкі і якому там нязручна і няўтульна перасоўвацца».

Гомель

Juhasia Kaliada i Siarhiej ChareŭskiЮгася Каляда і Сяргей Харэўскі

Што да свайго Гомеля, то «я не ўспрымала сябе нейкай часткай нібыта гомельскай школы, можа, гэтай школы і не было».

«Я ад пачатку хацела, каб Гомель быў такі, як Парыж. Не ў сэнсе, каб ён нагадваў яго чымсьці фізічна, а каб быў славуты, як вядомыя гарады, якія існуюць у метапрасторы. Каб людзі, якія не былі там ніводнага разу, марылі пра гэтыя гарады. (...)

Хачу, каб горад быў цікавы, каб быў часткай казкі, часткай нейкага цікавага сюжэту, каб па вуліцы чалавека, які чытае кніжку, вяла вось гэтая гісторыя, гэтае натхненне. Мне хочацца не архітэктуру апісаць, а адчуванне. Гэта мой творчы метад. Гомель — гэта горад дзяцінства. У мяне няма з ім кепскіх асацыяцый, вось як бывае з Менскам, бо звычайна людзі, якія з’язджаюць вучыцца ці працаваць, цяжка там вучацца і працуюць — і не любяць горад, у які яны перабраліся. Вось з Гомелем у мяне такога няма. Думаю, нашы гарады — гэта тое, як мы іх успрымаем», — кажа Югася Каляда.

Філосаф І. Б. заўважае, што «па форме душы, па тэмпераменце, па энергетыцы беларускі поўдзень сур’ёзна адрозніваецца ад паўночнага захаду і, можа быць, ад полацкага ўсходу». «Калі выходзіш у Гомелі на бераг у парку, ты бачыш Сож і разумееш, што гэта рака архетыпічная, гэта Дунай. Гэта не тое, што ты бачыш у Менску, альбо ў Вільні, альбо рэчачка ў лесе. Гэта зусім іншае адчуванне прасторы і разуменне сябе ў прасторы.

Беларуская поўнач значна больш рацыянальная, і характар — спакойны, стрыманы, разважлівы. У літаратуры гэта вельмі моцна адчуваецца. Калі мы пачынаем сутыкаць гэтыя два полюсы, то ў нас і паўстаюць беларуская ідэнтычнасць, і метафізіка, і супярэчнасці», — кажа І. Б.

І зазначае, што абодва паўднёвыя цэнтры — Гомель і Берасце — маюць аднолькавы лёс. «Берасце сцёртае абсалютна, на месцы старога горада Расейская імперыя паставіла крэпасць. А гэта быў фантастычны горад, нашыя вароты на паўднёвы захад, якія зараз сімвалічна замкнёныя. Берасцю навязаная зусім іншая метафізіка, з якой Берасце ўвесь час змагаецца, — лічыць І. Б. — Стары Гомель сцёрты Паскевічам, але не дзеля фартэцыі. Ён паставіў асветніцкі палац і парк. Уявіце, канец XVIII стагоддзя, расейскі вяльможа, якому дораць гэтыя землі (...) Што цікава, расейскі вяльможа не меў аніякай сваёй рускай ідэі і таму пабудаваў ангельскі палац з асветніцкім ангельскім садам. Такая вось гомельская метафізіка».

Palac Rumiancavych i Paskievičaŭ u Homieli. Maliunak Napalieona Ordy, 1878 h.
Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Малюнак Напалеона Орды, 1878 г.

Вільня — Менск

Сяргей Харэўскі зазначае, што віленская літаратура — велізарная, «ёсць вялікая польская традыцыя філаматаў, якія адкрылі і містыфікавалі шмат у чым гэты горад, напладзілі легендаў пра яго, аформілі гэта літаратурна». Вільня не мае патрэбы ў нейкай міфалагізацыі.

Siarhiej ChareŭskiСяргей Харэўскі

«Для мяне асабіста вельмі моцна змянілася стаўленне да гэтага горада пасля прачытання ў перакладах «Віленскага покера» Рычардаса Гавяліса і «Туўлы» Юргіса Кунчынаса. (...) Гарады, на маю думку, павінны ўспрымацца — «Туўла» і «Віленскі покер» таму прыклад — праз размову пра горад, праз нейкі ўласны персанальны досвед. І, напэўна, мы ўжо падыйшлі ў Менску да такога этапу, што трэба даводзіць не «мы — мінчане» ці «мы — менчукі», а распавесці пра сябе праз гэты горад, пра свой унікальны досвед, які зробіць гэты горад больш зразумелым. Таму што тое, што мы пакуль маем — гэта такія падыходы-падыходы-падыходы з розных бакоў», — лічыць Харэўскі.

Ніводзін міф не цікавейшы за праўду, заўважае мастацтвазнаўца:

«Менск — самы хуткавыраслы горад у Еўропе. 44 тысячы было ў 1944 годзе, і сёння плюс 2 мільёны, такімі тэмпамі не вырасла ні адна сталіца ў Еўропе, ні адзін горад. Самая вялікая магіла ў Еўропе ахвяр сталінскіх рэпрэсій, адна з найвялікшых магіл ахвяраў Халакосту. Ужо ад гэтых фактаў валасы шавеляцца. Ад маштабу.

З гэтага пачынаў бы, што гэта такое і з якога боку да гэтага падступацца. І на нас пры тым працуе час. Ужо неўзабаве будзе 100 гадоў той вайны, вырасла тры пакаленні менчукоў, якія ўсё параўноўваюць Менск то з Вільняй, то з Кракавам, то яшчэ з нейкім месцам. Увесь час з нечым параўноўваюць. Віленчукі нічога не параўноўваюць з Вільняй, ім не трэба ўсё прымяраць на сябе. Думаю, Менск паступова працярэблівае, намацвае нейкую самасць гэту — гаварыць проста пра сябе, не параўноўваць з нечым».

Viĺnia
Вільня, 2025 г.

Жыццё кожнага з нас

«У аснове гарадскіх метафізікаў, гарадскіх міфаў прачытання горада так ці інакш ляжыць жыццё кожнага з нас. Мы прачытваем гарады сваім жыццём, і немагчыма проста абстрактна напісаць пра горад, нават вывучыўшы яго гісторыю, кніжкі пачытаўшы, архітэктуру паглядзеўшы — гэта ўсё будзе абсалютна мёртвае, — кажа І. Б. — І што мяне цешыць, дзівіць, захапляе ў сённяшняй сітуацыі, што беларуская сітуацыя выйшла і разгарнулася не проста ў рэгіянальнае вымярэнне, а ў еўрапейскае і можа нават у сусветнае.

Дзякуючы гэтай вымушанай эміграцыі беларусы пражываюць свае жыцці ў самых розных краінах і розных гарадах. І гэта яшчэ не вярнулася назад у культуру, яшчэ мала часу прайшло, можа быць, каб у беларускай культуры з’явіўся свой «берлінскі тэкст» альбо «віленскі тэкст», «варшаўскі тэкст». (...)

Пакуль ужо мы маем фантастычную колькасць перакладаў з літоўскай мовай на беларускую. Трэба ўсведамляць усю ненатуральнасць сітуацыі, калі ў гэтым рэгіёне беларуская, украінская і польская культура дзесяцігоддзямі былі адна адной адкрытымі, і толькі літоўская культура дзякуючы мове, якую не так проста вывучыць і разумець, са сваім тэкстамі не была такой адкрытай. Цяпер і Сяргей Шупа, і Ігар Кулікоў, і Ванда Марцінш, і Ціхан Чарнякевіч, дзясяткі людзей, перакладаюць».

Што да скандальнага тэксту Сулімы, «які прыязджае ў Менск і піша, што там засталіся дэгенераты, а я вяртаюся ў свой прыгожы Берлін, то ясна, якія эмоцыі гэта выклікае». «Потым эмоцыя праходзіць. Ты спрабуеш рацыяналізаваць сітуацыю, і вось тут высвятляецца, хто і як пражывае гэты гарадскі досвед. Адна рэч сярэдні клас, для якога горад — пэўны набор спажывання, і, што важна, статуснага спажывання. Не проста хадзіць па пляцы Свабоды ці па Нямізе, а сядзець у нейкай славутай рэстарацыі. Менск, канечне, такому сярэдняму класу дае вельмі мала. Прыехаць у Менск, каб потым расказаць у Парыжы, як гэта было крута — такога не адбываецца. І дзякаваць богу — Менск застаецца ў нейкім сваім жыцці, але гэта горад, па якім хадзіў Алесь Разанаў, пра які пісаў Кульбак і дзясяткі іншых людзей, — кажа І. Б. — Ці вось 60-я гады, калі Менск раптам прарастае ў рускамоўную прозу, паўстае менская школа рускамоўнай габрэйскай паэзіі, паўстае школа беларускага мыслення. Усяго гэтага для Колі Сулімы не існуе. Як не існуе і гарадской гісторыі.

MinskМенск, плошча Якуба Коласа, 2016 г.

А Менск — горад усё ж такі з гісторыяй (...) Нічога не адбываецца без любові, то-бок, калі ты не любіш гэту прастору, гэты горад і гэтых людзей, калі ты проста прыехаў спажыць, то ў цябе нічога не атрымаецца. Будуць там хадзіць дэгенераты, а ты красовачкі свае стопчаш. Я спецыяльна радыкалізую, канечне, проста хачу, каб вы адчулі халодную ярасць, з якой чыталі гэты тэкст менчукі. І ясна, што Коля атрымаў усё сваё».

Югася Каляда задаецца пытаннем «што можна супрацьпаставіць, калі людзі не бачаць гарадоў, калі бачаць толькі паверхню»: «Мы можам супрацьпаставіць гэтаму толькі сваю творчасць. Я ўбачыла Менск толькі з Вільні. Я не разумела прастораў Менску, напрыклад, іх арганізацыі. Але што мы ведаем пра любоў? Што яна не патрабуе ніякіх доказаў. Ёй не патрэбныя прычыны, яна існуе таму, што яна ёсць. Калі я аказалася разлучанай з Менскам і Гомелем, калі я ў Медніках з вежы гляджу ў Беларусь, у мяне абвастраюцца пачуцці.

Я разумею, што сярод гэтых пачуццяў няма ні нянавісці, ні агіды, ні адчування стаптаных красовак. Я пачынаю любіць Менск разам з усім тым, што апісаў Коля Суліма. Нічога сабе, думаю, зрок у мяне адкрываецца. Я бачу не горад, я бачу гатовы міф. Я бачу гатовыя творы, гатовых персанажаў, усё гэта так шчымліва і настолькі балюча. (...) І ты губляеш адчуванне рэальнасці, і горад сапраўды пераўтвараецца ў суб’ект волі і пачынае жыць жыццём. Я адчула Менск, я разумею, што ад гэтага ўжо нікуды не падзецца. Я разумею і логіку, і сэнс, і міф. І тое, што там узрастае, і што было затаптана, знішчана, зруйнавана. (...) Гэта таксама цяпер наш беларускі досвед — гэта ўжо нашы гарады, дзе мы жывём і асэнсоўваем.

Для нас эміграцыя, выгнанне — гэта таксама працяг Беларусі. Вось так Беларусь працягнулася ў гэтыя гарады, і мы будзем іх як творцы матэрыялізаваць таксама».

Сяргей Харэўскі кажа, што не здзівіцца, «калі важны тэкст пра Менск будзе створаны не ў Менску, а менавіта на адлегласці і праз настальгію, праз гэтую скруху па тым, што ўжо не вернеш». «А не вернеш. Бо мы рухаемся далей, усё рухаецца вакол нас, і Менск, і Вільня, і Варшава з рознымі хуткасцямі эвалюцыянуюць і змяняюцца, напэўна, і Гомель. (...)

Калі я чытаю нешта такое не тое, каб нават абразлівае, але павярхоўнае і пазбаўленае мінімальнай эмпатыі да пачуццяў іншых, для тых, для каго гэта не пустыя словы і нешта значыць, канечне, гэта раздражняе, з аднаго боку, а з другога, нарастае патэнцыял доказаў», — завяршыў Сяргей Харэўскі.

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org