Тыдзень роднай мовы ў Мастацкім музеі адзначаць батлам «Ясенін VS Маякоўскі», у якім паўдзельнічаюць студэнты-філолагі. Здаецца, у чым праблема? Няма праблемы. Апроч таго, што Мастацік музеі — у Менску. А Менск — сталіца Беларусі. І родная мова ў беларусаў па-ранейшаму — беларуская.
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіва
Яшчэ адна навіна, якая просіцца ў пару — гісторыя пра школьнікаў з Кармы, якія не чулі пра словы «шкарпэткі», «дыван», «конік», «імбрык»... Нешта падказвае, што пра Маякоўскага і Ясеніна яны акурат чулі. А пра шкарпэткі — не.

Затое ў СШ №1 у Карме вучняў прыцягваюць да прапагандысцкіх акцый. Фота: Флагшток
Цяжка сабе ўявіць падобную карціну ў Літве ці Польшчы, праўда? Ды хоць бы і ў Астане. У Казахстане, дарэчы, пражывае больш за 120 нацыянальнасцяў. Але нават дзень моваў (не мовы, а — моваў) народаў Казахстана там адзначаць 5 верасня.
А гэта — дзень нараджэння казахскага асветніка, педагога і нацыяналіста Ахмета Байсуртынава, расстралянага ў 1937 годзе. Вось фраза з газеты «Казах», якую ён выдаваў: «...На самастойнае жыццё мае права прэтэндаваць толькі той народ, які размаўляе на сваёй мове і мае сваю літаратуру».
Бо мова і літаратура — гэта не пацешныя забаўкі, а падстава суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі. Свая мова, а не мова Ясеніна і Маякоўскага. У іншым выпадку, свой суверэнітэт тут будзе адстойваць радзіма Ясеніна і Маякоўскага.
Усе гэтыя талстыя, цютчавы ды іншыя феты (Афанасій Фет, дарэчы, нават Вільню лічыў «рускім горадам») у жыцці маглі быць мілымі людзьмі. Маглі нават не пагаджацца з палітыкай Масквы ці Пецярбурга. Але па выніку сталі расійскай зброяй. У XVII ст. такой зброяй было праваслаўе, у ХХІ — мова і літаратура.
Літаратура — гэта не словы, складзеныя ў сказы. Гэта светапогляд. Праз літаратуру народы асэнсоўваюць свет. Таму літаратура ў кожнай нацыі — свая, незалежна ад жанраў. Дарэчы, пра тое, як наш беларускі свет бачылі (ці не бачылі) расійскія пісьменнікі, нядаўна выйшаў выпуск праекта «Смаленне вепрука» — гляньце.
Найбольш балючая ілюстрацыя таго, як гэта працуе — Украіна. Кіеў Булгакава, Адэса Уцёсава, міф украінскага Поўдня без украінцаў, «шаланды полные фекалий...» — увесь гэты створаны расійскімі аўтарамі свет стаў цалкам рэальнай падставай для расійскай агрэсіі. Не прычынай, але падставай.
Роўна так сама, як праваслаўныя храмы Полацка і Віцебска былі падставай для маскоўскай арды, каб зайсці ў гэтыя гарады і — згвалтаваць іх насельнікаў у XVI-XVII стагоддзях. З той розніцай, што Масква ніколі не была радзімай усходняга хрысціянства. А вось радзімай Маякоўскага і Ясеніна — была. Таму — усё нібы «легітымна».
Пра што гэтая гісторыя? Калі школьнікі ў Карме не вывучаць, што такое «шкарпэткі», ім давядзецца вывучыць: «поребрик», «рацуха», «прилёт», «теплик», «ленточка», «чмобик»... І вучыць новым словам будуць зусім не ясенін з маякоўскім. Такая вось — карма.
Давайце не проста цікавіцца сваім, сабой, глядзець на свет вачыма сваіх творцаў і літаратараў. Давайце выкрэслівасць са свайго жыцця ўсе гэтыя «горе от муму», «преступленіе і мір», «брацья абломавы» і далей па спісе. Што гэта? Аб чым гэта? На якой мове?
Прабачце, я не разумею.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org