Беларускі нобелеўскі лаўрэат атрымаў «грамадзянства» сіцылійскага горада ў 2015 годзе, неўзабаве пасля тагачаснага вызвалення з вязніцы. Гісторыі пра Архімеда і яго барацьбу з Рымам падчас Пунічных войнаў вядомыя многім, але мы паспрабавалі знайсці адметнасці Сіракузы, якія не адразу асацыююцца з горадам.
«Гіганцкія скульптуры» ў археалагічным парку Сіракузы. Фота: Павал Хадзінскі
«Як мог такі горад, з такой багатай спадчынай і бляскам, быць разрабаваным і зганьбленым Верэсам?». Цыцэрон
Шырокараспаўсюджанае ў Беларусі найменне «Сіракузы» прышчэпленае з няслушнага напісання ў расейскай мове. Сапраўдная назва сіцылійскага горада — «Сіракуза».
Таксама і ўжыванне прыназоўніка ў/на Сіцыліі з’яўляецца пытаннем далікатным у адносінах да жыхароў гэтай выспы. Калі ўлічыць, што ў беларускай мове прыназоўнік «на» больш выкарыстоўваецца ў адносінах да частак адной цэлай краіны, а «ў» — перад назвай дзяржавы, дык па правілах мусім пісаць «на Сіцыліі». Але ж нават у нашыя дні тут можна шмат дзе ўбачыць мясцовае найменне «Regno di Sicilia», што адсылае нас да не такіх і далёкіх часоў незалежнага Каралеўства Сіцылія.
Надпіс «Каралеўства Сіцылія» на чыгуначнай станцыі Санта Флавія. Фота: Павал Хадзінскі
«Ганаровае грамадзянства» ўяўляе сабой ганаровае прызнанне, якое прысвойваецца італьянскім або замежным грамадзянам, якія не пражываюць у муніцыпалітэце, але якія асабліва вылучыліся ў культурнай, спартовай, навуковай, эканамічнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах у муніцыпалітэце ў Італіі і / або за мяжой.
Ганаровы грамадзянін мае права быць запрошаным з нагоды асаблівых выпадкаў або афіцыйных цырымоній і займаць месца сярод уладаў».
Дэпутаты гарадской рады сіцылійскага горада палічылі, што беларускі праваабаронца «ў поўнай меры ўпісваецца і адпавядае» культурным традыцыям горада Сіракуза, які быў абвешчаны «горадам міру і правоў чалавека».
Алесь Бяляцкі падчас наведваньня Сіракузы ў 2015 годзе. Скрыншот з відэароліка выдання SiracusaOggi.it
Алесь Бяляцкі падчас выступу ў Сіракузе ў лютым 2015 года сказаў: «Несумненна, прысваенне мне гэтага ганаровага звання скіравана таксама на ўмацаванне дэмакратычных традыцый і тэндэнцый у нашым грамадстве і супраць аўтарытарызму, які пануе сёння ў Беларусі.
Улады Сіракузы дэманструюць высокія стандарты ў дачыненні да правоў чалавека, якія стаяць вышэй стандартаў такіх еўрапейскіх краінаў, як сённяшняя Беларусь, дзе ёсць палітычныя зняволеныя, смяротнае пакаранне, і ўлада кіруе шляхам застрашвання грамадства».
У Новым Запавеце, напрыканцы кнігі Дзеяў Апосталаў знаходзім наступны урывак:
«А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на выспе, і, прыстаўшы ў Сіракузе, заставаліся [там] тры дні. Адтуль, плывучы ўздоўж [берагу], прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі, дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым».
Скульптура апостала перад катэдральным касцёлам Сіракузы. Фота: Павал Хадзінскі
Гэта было адно з падарожжаў апостала Паўла. Сіракуза была прыблізна ў сутачным плаванні, на поўнач ад Мальты, адкуль адышоў напярэдадні карабель. Як мяркуе біблеіст Роберт Джэймсан, прычынай трохдзённага знаходжання апостала ў горадзе быў неспрыяльны вецер.
Несумненна, апостал Павал хацеў бы сысці на бераг, каб знайсці габрэяў і празэлітаў (нованавернутых у хрысціянства — заўв. П.Х.), тых, каго прыцягваў да сябе такі вялікі гандлёвы цэнтр у Сіцыліі. Ва ўсялякім выпадку, сіцылійцы лічаць яго заснавальнікам Касцёла на гэтай выспе.
Пэўны час Сіракуза выступала галоўным горадам Усходняй Рымскай імперыі. Канстанцінопаль тады вельмі пакрыўдзіўся.
Старажытны замак на беразе Сіракузы. Фота: Павал Хадзінскі
Да 660-х гадоў Візантыйская імперыя сутыкнулася з сур’ёзным выклікам. Арабскія заваёвы ахапілі багатыя правінцыі Леванта, Егіпта і Паўночнай Афрыкі, што фактычна перарэзала жыццёва неабходныя эканамічныя артэрыі дзяржавы. Сталіца, Канстанцінопаль, была акружаная ворагамі, а ўсярэдзіне віравалі нутраныя міжусобіцы.
Тады імпэратар Канстанс II вырашыў перанесці месца імперскай улады на захад. З Сіракузы можна было назіраць за нестабільнай сітуацыяй у Італіі, дзе лангабарды пагражалі візантыйскім уладанням. Канстанс ІІ з 663 года пасяліўся ў сіцылійскім горадзе. Яго прысутнасць тут падкрэслівала ўстойлівыя візантыйскія прэтэнзіі на Рым і яго спадчыну (нагадаем, Заходняя Рымская імпэрыя з цэнтрам менавіта ў Рыме, скончыла сваё існаванне за два стагоддзі да гэтага, у 476 годзе).
Разам з тым, гэты крок не абышоўся без спрэчак. Арыентацыя імператара на Захад была ўспрынятая як грэбаванне Канстанцінопалем, што спрыяла незадаволенасці ўсходніх элітаў. Акрамя таго цяжкія падаткі, уведзеныя для падтрымкі сталічных амбіцый Сіракузы, адштурхнулі і мясцовае насельніцтва Сіцыліі. Кульмінацыяй гэтай незадаволенасці стала забойства Канстанта II у 668 годзе.
Усяго пяцігодка, але яна яшчэ больш пашырыла рымска-грэцкія традыцыі ўзаемапранікнення ў Сіцыліі ў цэлым, і ў Сіракузе ў прыватнасці.
«Мы прыбылі ў Артыгію, святую для Дыяны, дзе воды Арэтузы падымаюцца, змешваючыся з морам. Там сіракузане ўшаноўваюць сваіх багоў такімі ж старажытнымі абрадамі, як і іх горад, і выспа стаіць як сведчанне трывалай сувязі паміж людзьмі і багамі».
Вяргілій, «Энеіда»
Уявіце антычныя каменяломні. Уявіце фантастычна вялікія прасторы, выразаныя са скалаў з дапамогай толькі чалавечых рук і некаторых інструментаў, каб забяспечыць вапняк для архітэктуры горада.
Некаторыя тыраны выкарыстоўвалі гэтыя гроты ў якасці вязніц для палітычных сапернікаў. Яны сталі асабліва сумна вядомымі пасьля афінскай экспедыцыі ў 413 годзе да нашай эры. Тысячы палонных афінянаў былі змешчаныя ў залітыя сонцам катавальні. Рэзкае сонечнае святло адбівалася ад вапняковых сцен на працягу дня, а адсутнасць месца для схову ператварылі гэтыя кар’еры ў месцы пакутаў і смерці.
Сёння гэта вялікі археалагічны парк, дзе турысты могуць правесці цэлы дзень.
Некалькі месяцаў таму сучаснае мастацтва дабралася да «пераасэнсавання» гістарычных месцаў. Тут і там былі растаўленыя гіганцкія, пераважна сіняга колеру скульптурныя кампазіцыі польскага скульптара Ігара Мітарая. Часцей за ўсё гэта выявы галавы ці іншых чалавечых частак цела.
«Гіганцкія скульптуры» ў археалагічным парку Сіракузы. Фота: Павал Хадзінскі
Сучасныя наведвальнікі пачуваюцца больш абароненымі ў змрочным месцы Сіракузы. Спрэчнае мастацкае рашэнне можа стаць прычынай новага ўспрымання. Ці прыйшоўся б вам да сэрца гэты эксперымент? Дарэчы, гэтыя скульптуры прыбяруць у лістападзе 2025 года, таму калі такое мастацтва для вас — паспяшайцеся.
У 2015 годзе, калі Алесь Бяляцкі меў магчымасць сустрэцца з мясцовымі студэнтамі, адзін з іх пацікавіўся, чаму Алесь працягваў сваю дзейнасць як пісьменнік і праваабаронца, нягледзячы на тое, што ведаў, што яму пагражае пазбаўленне волі, а таксама шкода, прычыненая яго сям’і.
Алесь Бяляцкі патлумачыў, што варта пакутаваць і цярпець нягоды дзеля грамадства, у якім свабода павінна цаніцца гэтак жа, як паветра, без якога мы б задыхнуліся.
Археалагічны парк Сіракузы. Фота: Павал Хадзінскі
Павал Хадзінскі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Як стваралася беларуская літаратурная мова