Вялікае шчасце – сустрэць у жыцці і пакахаць чалавека, які адказвае табе ўзаемнасцю. Ідэальна, калі пры гэтым вы напраўду блізкія і адно аднаго разумееце. Але пачуцці не заўсёды прыносяць пазітыў. Бывае і безадказнае каханне, якое прыводзіць да пакутаў, доўгіх спробаў і гісторый, а часам і пераварочвае ўсё жыццё. Давайце паразважаем, ці варта змагацца за сваё шчасце, альбо проста прыняць свой лёс і пайсці далей, хай і з іншым чалавекам, калі такі сустрэнецца?
Мы не псіхолагі і не спецыялісты па стасунках, таму будуем развагі на прэпарыраванні ўласнай гісторыі. Ды і час зараз такі – лайфсторы руляць! І героем нашага рок-н-рольнай меладрамы будзе… Ваш не зусім скораны аўтар. Так ужо склаўся лёс, што мне даводзіцца жыць з безадказнымі пачуццямі ажно 11 гадоў. Падлеткавае каханне, што абярнулася п’есай брадвея. Падзеі, што вызначылі мае далейшыя жыццёвыя каардынаты. Імёнаў і дакладных біяграфіяў тут не чакайце – гэта ўсё ж прыклад для развагаў, гісторыя, а не мемуары.
Падлетак 11-12 год паехаў у летнік у Польшчу. Стасункавыя мэты былі суадносныя тагачаснаму ўзросту – рок-н-рол і драйв ад заляцанняў да прывабных дзяўчат. І чым больш, тым лепш – такі вось малы Каханова. Тут прыкладаліся тытанічныя намаганні, няхай і плён быў слабаваты. Але ўсё перакрыў і змяніў адзіны погляд на Яе. Полымя ў вачах, знешнасць і рухі сапраўднай пані. Вобраз закрануў усе глыбіні душы хлапца. Ён быў гатовы адразу падыйсці, выказаць усё пра полымя сэрца, але… Яна старэйшая амаль на два гады. Тады гэта падавалася сапраўднай прорвай. “Занадта крутая для мяне”. Таму наш герой проста прамаўчаў, паспрабаваўшы хоць нейкімі стасункамі перабіць гэтае чароўнае, але балючае імгненне. Атрымалася, але нумар на паперцы так наш хлапец і не набраў. Ці дрэнна зрабіў? Так, але гэта падлетак.
І вось падарожжа скончылася, а ён так нічога не даведаўся, апроч імя. Але гэта не перашкодзіла пачуццям біць ключом, а адчуванне прорвы так і засталося душэўнай безданню. Таму ён зрабіў проста – пастараўся забыцца і знайсці нешта іншае. Насамрэч, так лепш не рабіць, але ж разуменне прыйшло толькі з цягам часу. Гісторыя на гэтым не сканчаецца. Мінула два гады, прыйшоў безлімітны інтэрнет, і наш герой зарэгістраваў сваю першую старонку ў ВК. Яна сама яго знайшла – запомніла імя і прозвішча з паездкі. Пачалі перапісвацца, і ён зразумеў, што яны сапраўды вельмі падобныя. Так цягнулася з год, а потым першая сустрэча. Скажу шчыра – гэты падтетак памятае той дзень ва ўсіх сваіх чароўна простых падрабязнасцях. Яе адзенне, позірк, смех, маршрут…
У канцы сустрэчы ён не вытрымаў, распавёў пра ўсе пачуцці.
“Усё будзе добра” (усмешка).
Яна ўзяла яго пад руку, і яны правялі класны вечар з яе тусоўкай на івэнце. Ці можна гэта назваць шчасцем? Так, але ўся магія скончылася праз тыдзень, калі герою сказалі, што ім скарысталіся, каб спыніць іншыя стасункі.
Нервовы зрыў, боль, падазрэнні.
І зноў памылка – ён пайшоў забіваць душэўную дзіру, абы чым. Шэраг непрыемнага вопыту. Спробы быць з ёй сябрамі, але частыя зрывы на пытанні пра пачуцці – цяжка трываць. Пераменны поспех і сваркі. І вось яшчэ два гады мінула. Герой даведваўся, што насамрэч яна хоча быць з ім… Дапамога звонку, канцэрт, танец, пацалунак, пражэктары, яе нелюбімы гурт кажа пра іх і атмасферу канца, прысвечаная пары года песня, метро, яна прытулілася да пляча – лепшы дзень у жыцці, выдатны сцэнар, класная рэжысура. Адным словам, прыгажэйшы хэпі-энд. Але падлеткавы крызіс выбару далейшага шляху. Няўдалы званок, скандал. Герою сказалі наўпрост – ён слабы слізень.
Разрыў.
Памкненне зрабіць усё, каб даказаць адваротнае, захіснула срэца і розум. Падлетак пачаў пісаць артыкулы, займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Усё пайшло хутка, хваляю, у стылі якаснага рокабілі. Праз пэўны час герой вырашыў дадаткова падзарабіць – уладкаваўся адмінам у хостэл. Карпаратыўны акаўнт, смм, перапіска з ёй праз яго. Ён быў сабой, але ў масцы інкогніта. Флірт, прыемныя словы. Свабодныя вакансіі ў хостэле, запрасіў на сумоўе. Яе імпэт. І вось, дзяўчына ўжо ў шоку стаіць перад ім – сумоўе прыпала на яго змену. Яна прыемна здзівілася. Але…цэлы шэраг унутраных непрыемных гісторый вакол хостэла, рэўнасць… Герой адтуль праз пэўны час звольніўся. Гэты перыяд, аказалася, ёй моцна дапамог. Усё ж і наш герой змог паўплываць на яе жыццё. Але… Яна адмовілася з ім быць, а потым з’ехала ў Польшчу. Прорва ў галаве падлетка змянілася на сотні кіламетраў і дзяржаўную мяжу.
Ці змяніліся пачуцці з часам? Хутчэй нешта засталося, але герой навучыўся іх хаваць у глыбіні сваёй душы, каб даць магчымасць на другі шанец. Ці правільна гэта – не ведаю. Было шмат спробаў паставіць кропку, але гэта цяжка. На жаль, у гэтым плане адбылася катастрофа. Варшава – Мінск. Герой ужо не хоча ёй псаваць жыццё сваёй асобай, нешта зноў спрабаваць. А што тут рабіць – адпусціць? Так і адбылося, але ад гэтага не зрабілася лягчэй. Магчыма, яшчэ прыйдзе свята на гэтую вуліцу.
Гэтая гісторыя паказвае, як адзін позірк можа абярнуцца выпрабаваннем, якое можа загартаваць, вызначыць жыццёвы шлях. І гэта класна, калі адбываюцца такія лёсавызначальныя падзеі.
Але ёсць і адваротны бок медаля. Шмат душэўных ранаў, што даюць пра сябе ведаць, частковы недавер да жанчын і пераборлівасць. Кожная спроба пачаць стасункі зараз усё цяжэй – пасля такога складана верыць у працяглае шчасце, нават калі ты гатовы зрабіць шмат чаго для стасункаў. Гэта можа прывесці да жорсткасці, што месцамі ўсё ж не самая добрая якасць.
І вось тут мы вяртаемся да галоўнага пытання – крыж ці магчымасць? Памілаваць ці пакараць? Дзе ставіць коску? Я не магу казаць, як псіхолаг, але гэтая гісторыя пра адно – трэба заўсёды рызыкаваць, не хавацца. І нават калі раны і будуць, мы ўсё роўна атрымліваем багаты вопыт, пераварочваем горы – дзеля каханых, няхай нават і без узаемнасці. Вядома, у жыцці героя былі і іншыя, прыемныя гісторыі кахання, але такія гісторыі, бадай, адбываюцца толькі адзін раз за жыццё.
Усё ж стасункі далёка не толькі пачуцці, пацалункі і жаданне разам з іншай асобай супольна прайсці шляхі жыцця. Гэта яшчэ шмат у чым і развіццё асобы, канешне, калі вы прыкладаеце нейкія намаганні і не кідаеце ўсё пры першым жа поспеху ці паразе. І калі вы сапраўды ідзеце на рызыку, то ў любым выпадку вы атрымаеце жыццёвы вопыт, зробіце тое, што ў звычайнай сітуацыі ніколі б не рабілі. А пры ўдалым збегу абставінаў вы яшчэ атрымаеце сапраўдны драйв, памкненне і задавальненне нават ад самога працэса! І калі вы думаеце не толькі аб рызыках, але і выгодах, то іх хапае нават і ў неўзаемных стасунках. Тым больш, а хто сказаў, што ўсё згублена? Магчыма, вам засталося ўсяго адзін удар кіркай, каб здабыць нарэшце свой алмаз! Ну, а нават калі і не, то пакуль не праверыце – ніколі не даведаецеся! Таму, калі вы ў душы авантурыст, наперад, да кахання! І няхай вас не пужаюць рызыкі і магчымыя складанасці – гульня каштуе знічоў. А калі нехта і будзе вас адгаворваць ад памкненняў сапраўднага кахання, уключыце пазітыў, убярыце болей паветра ў лёгкія і вымаўце: “Каханне, закруціся! Ты за каго мяне прымаеш!?” І наперад, да сваіх мараў! Але да ўсяго трэба падыходзіць і з розумам, вядома.
І тут пад канец застаецца пару пытанняў да героя.
Ці рызыкнуў бы ён быць з ёй побач, калі тая раптам бы сказала ўсё ж “так”? Думаю, калі б ён быў адзін, то так. Зноў. Гэта ж барацьба!
Усё ж, хутчэй за ўсё, любое каханне, нават неўзаемнае, прыносіць шмат жыццёвых скарбаў. Таму рызыкуйце і кахайце! А калі патрэбна нешта больш навуковае і глыбокае – дзверы псіхолагаў заўсёды адчыненыя.
Багдан Сакалоў