18 жніўня ў Варшаве ўпершыню пройдзе Ноч Фатаграфіі. Роўна ў 20.30 у чатырох лакацыях горада запаляцца вялікафарматаныя экраны з праекцыямі фатаграфій. Падчас імпрэзы можна будзе ўбачыць здымкі як найслыннейшых польскіх фатографаў, так і дэбютантаў. Агулам — больш за 50 аўтараў, сярод якіх і беларус Павел Савіцкі. Серыю яго работ «Колеры варшаўскага пратэсту» можна будзе ўбачыць у самым цэнтры горада на рынку старога мяста.
Павел Савіцкі. Фота Аляксандра Валодзіна
«Усё пачалося з конкурсу „Фокус на фатаграфіі“, які праводзілі Музей Варшавы і Цэнтр фатаграфіі. Трэба было паказаць, як змяняецца варшаўскае грамадства, як на яго ўплываюць розныя палітычныя працэсы, мігранты. У выніку мой праект пра сцягі і іх разнастайнасць трапіў у пяцёрку пераможцаў», — сціпла распавядае Павел Савіцкі пра свой удзел у нясціплай падзеі. Ноч фатаграфіі — першая падобная імпрэза за ўсю гісторыю Варшавы.
Фота Паўла Савіцкага з серыі «Колеры Варшаўскага пратэсту»
Серыя Паўла Савіцкага «Колеры Варшаўскага пратэсту» — гэта 9 рэпартажных здымкаў, якія фатограф рабіў апошнія паўтара года на беларускіх, польскіх і ўкраінскіх акцыях у Варшаве.
«З моманту эміграцыі і прыезду ў Польшчу я даследую, што тут адбываецца. У асноўным я здымаю розныя акцыі ў Варшаве. Гэта вялікія беларускія маршы. Гэта польскія акцыі на нейкія памятныя даты — напрыклад, на дзень Варшаўскага паўстання. Альбо акцыі апазіцыі, Strajk Kobiet —жаночыя пратэсты супраць забароны абортаў. Здымаю ўкраінскія акцыі, якія ў асноўным праходзяць пад амбасадай РФ.
Фота Паўла Савіцкага з серыі «Колеры Варшаўскага пратэсту»
— Павел, а калі параўноўваць працу на беларускіх і польскіх акцыях?
— Самае складанае — гэта здымаць польскія акцыі, дзе паляць фаеры. Увесь гэты попел ляціць у вочы і ў пэўны момант ты здымаеш амаль усляпую. Я яшчэ не знайшоў механізмаў, як з гэтым змагацца (смяецца).
«Для мяне самым галоўным з’яўляецца даследаванне людзей, іх паводзіны, рэакцыі — на тых, хто выступае, на апанентаў. Калі браць польскія акцыі, то цікава назіраць за палітычным складнікам. Як усё дзейнічае і чаму. Беларускія акцыі цікава фіксаваць гістарычна і назіраць за іх паступовымі зменамі».
Фота Паўла Савіцкага з акцыі салідарнасці ў Варшаве 9 жніўня 2023 года
— Яднае і адных і другіх барацьба за дэмакратычныя каштоўнасці. За будучыню, дзе будуць улічвацца права і свабоды ўсіх грамадзян.
Розніць тое, што якая б ні была польская ўлада зараз, яны, як і апазіцыя, змагаюцца за інтарэсы Польшчы — толькі рознымі палітычнымі шляхамі. І вось паміж гэтымі рознымі палітычнымі слаямі можна назіраць вялікае напружанне: левыя і кансерватары, прадстаўнікі касцёла і абаронцы праў жанчын... У Беларусі ж нацыянальна скіраваны толькі адзін бок. І, дарэчы, беларускія пратэстоўцы больш міралюбівыя.
Фота Паўла Савіцкага з серыі «Колеры Варшаўскага пратэсту»
— У вас ёсць любімыя фатаграфіі з «Колераў варшаўскага пратэсту»?
— Мне падабаецца здымак беларускага анархіста на фоне помніка Жыгімонту Вазе. Нараджаецца адчуванне, што яны захапілі адзін з нацыянальных сімвалаў Варшавы, каб сказаць усім: «Паглядзіце, вось мы тут, зараз. І мы змагаемся за вашыя і нашыя правы».
Фота Паўла Савіцкага з серыі «Колеры Варшаўскага пратэсту»
А яшчэ мне падабаецца здымак хлопчыка з бела-чырвона-белым сцягам. Хлопчык такі маленькі, але з гонарам нясе вялікі сцяг і як быццам маленькімі крокамі рушыць наперад.
Фота Паўла Савіцкага з серыі «Колеры Варшаўскага пратэсту»
Убачыць фатаграфіі Паўла Савіцкага можна будзе 18 жніўня ў 20.30 у самым сэрцы Варшавы, на рынку старога мяста. Таксама плэнэровыя экраны будуць працаваць у Шчэнслівіцім парку, Парку пяці сясцёр і на Пляцы дэфіляд. Падрабязней пра падзею можна даведацца тут.
Паліна Часноўская, budzma.org
Чытайце яшчэ: Мастацтва, што выйшла на вуліцы