29 кастрычніка 1937 года – чорная дата ў найноўшай гісторыі Беларусі. Цягам адной ночы чэкістамі былі расстраляныя больш чым сто вядомых дзеячаў нашай культуры. Коратка пра тое, чаму варта памятаць пра гэтую падзею.
Пасля ўсталявання ў Беларусі савецкай улады ў 1919 годзе новапаўсталая краіна атрымала доўгачаканы імпульс да развіцця. Здавалася, часы царызму мінулі, і цяпер беларусы запануюць у сваім краі. Усе 1920-я ў БССР віравала жыццё ва ўсіх сферах: пасля войнаў аднаўлялася гаспадарка, імкліва развівалася культура, разбудоўвалася і прырастала страчанымі раней тэрыторыямі дзяржава. Нездарма нават самыя зацятыя праціўнікі бальшавізму адзначаюць плённасць 1920-х.
З эміграцыі пачалі вяртацца вядомыя беларускія дзеячы, якія раней былі не згодныя з палітыкай бальшавікоў. Многія прыехалі па асабістых запрашэннях Аляксандра Чарвякова або Змітра Жылуновіча. Маладой краіне патрэбныя былі спецыялісты, а эмігрантам патрэбная была бацькаўшчына, хай сабе і пад чырвоным сцягам. “Ax, як там добра...” – з гэтых словаў пачынаецца знакамітая аповесць Францішка Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”, якую ён напісаў пасля сваёй адседкі на Салаўках.
У 1920-я ніхто і падумаць бы не мог, чым усё гэтае абернецца ў 1930-я. Рэпрэсіі бальшавікоў насілі кропкавы характар і ў першую чаргу былі скіраваныя супраць адкрытых праціўнікаў камуністычнага ладу. Справа “лістападаўцаў”, як памятаем, скончылася ў 1926 годзе адносна мяккім прысудам. А калі арыштавалі Аляхновіча, то Якуб Колас яшчэ мог сабе дазволіць такую раскошу, як збіраць подпісы ў яго абарону ў 1927 годзе.
У 1930-я махавік рэпрэсій закруціўся так моцна, што ператварыўся ў адкрыты тэрор і барацьбу з любым іншадумствам. Адна за адной ішлі гучныя справы. А ў прэсе распачалася самая сапраўдная істэрыя з заклікамі як мага хутчэй разабрацца з усімі ворагамі. Апагей гэтых падзеяў – 1937-1938 гады, калі рэпрэсіі набылі проста неверагодныя маштабы і закранулі ўсе слаі грамадства.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў турме НКУС былі расстраляныя больш чым сто чалавек, сярод якіх значную частку складалі беларускія літаратары. Былі забітыя тыя, хто з’явіўся на літаратурнай ніве 1920-х і зрабіў значны ўнёсак у справу развіцця прыгожага пісьменства: Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны ды многія-многія іншыя. А тыя, каго абмінула расправа, надоўга замаўчалі. Беларусь засталася без свайго голасу…
“Ноч расстраляных паэтаў” – гэта памяць не толькі пра літаратараў, якіх пазбавілі жыцця ў гады сталіншчыны. Гэта памяць пра змрочныя часы, якія закранулі ўвесь наш беларускі народ.
Расклад памятных мерапрыемстваў «Ночы паэтаў-2023» глядзіце па спасылцы:
Дзе і як беларусы ўшануюць памяць ахвяраў «Ночы расстраляных паэтаў». Расклад мерапрыемстваў
Нагадваем таксама пра мультымедыйны праект “Будзьма памятаць!”, які распавядае пра малавядомыя месцы сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі і дае магчымасць з іншага ракурсу паглядзець на быццам добра вядомыя Бабруйск, Слуцк, Вілейку, Жлобін ды іншыя гарады і вёскі.