На якіх каштоўнасцях пабудаваныя сучасныя нацыі, ці актуальныя на сённяшні момант вызначэнні часоў мадэрну і “вясны народаў”? Ці існуюць альтэрнатыўныя формы фармавання супольнасцяў, аб’яднаных у дзяржаву?
Цікавыя пытанні, на якія, безумоўна, існуе шмат варыянтаў адказаў. І, відаць, супрацьлеглых. Тым больш што працэс змены ідэнтычнасцяў і іх трансфармацыя ідзе без перапынку.
Мяне зацікавілі неадназначныя працэсы, якія не ўпісваюцца ў большасць філасофскіх канцэпцый, далёкія ад ідэалаў, што навязваюць навукоўцы-гісторыкі.
Найбольш неверагоднай версіяй яднання чалавечых мас у супольнасць з наборам хаця б некалькіх агульных каштоўнасцяў з’яўляецца Новая Зеландыя. “Ківі” — унікальны сімбіёз культуры і моваў абарыгенаў з розных плямёнаў маоры, англійскіх каланістаў і шматлікіх груп мігрантаў розных рас і рэлігій.
Фарміраванне выбухованебяспечнай сумесі
Да англійскіх піянераў на дзвюх буйных выспах, якія цяпер называюцца Новай Зеландыяй, вяліся бясконцыя войны паміж плямёнамі. Перасяленцы, нашчадкі сімбіёзу некалькіх расаў, вялі змаганне за рэсурсы і палітычныя ўплывы.
Спакой парушылі каланісты, якія падпарадкоўвалі абарыгенаў, вялі місіянерскую дзейнасць, выкарыстоўвалі іх танную працу, змянялі сельскагаспадарчую культуру мясцовасці.
За тыя часы прадстаўнікі англійскай кароны і кіраўніцтва Новай Зеландыі ўжо не раз прасілі прабачэння ў сучасных абарыгенаў-маоры. Іншы пласт, які дадае выбухоўкі ў грамадства, — нашчадкі працоўных мігрантаў з Палінэзіі і сённяшняя хваля — азіяты.
Ідэнтычнасць “ківі” пачала вымалёўвацца ўжо ў пачатку мінулага стагоддзя, але, у адрозненне ад працэсаў у Еўропе, паўнавартасная супольнасць, якую можна назваць нацыяй (у класічным вызначэнні ХІХ стагоддзя), тут не сфармавалася і да сённяшняга часу.
Рэгбі — адзінае, што яднае народы ў Новай Зеландыі
Галоўны стоўп самасвядомасці жыхароў Новай Зеландыі не апісаны ні ў адной навуковай працы. Сучасныя ўмовы фармавання супольнасцяў прынеслі невядомы элемент ідэнтычнасці, які з’яўляецца адзіным агульным элементам самасвядомасці мясцовых жыхароў, — спартыўная гульня рэгбі.
Дзякуючы гэтаму віду спорту маленькая Новая Зеландыя здолела заявіць аб сабе на ўвесь свет. Дзве выспы, што месцяцца далёка ад цэнтраў сусветнай эканомікі, палітыкі і канфліктаў, праз разбудаваную сістэму рэгбійных школ сталі найлепшымі ў гэты відзе спорту.
Увогуле, для Брытаніі і яе калоній з вялікай колькасцю насельніцтва еўрапейскага паходжання спорт займае нашмат большае месца ў жыцці чалавека і грамадства, чым у нашым рэгіёне.
Эканамічная эвалюцыя і менталітэт убудавалі спартыўныя заняткі і спаборніцтвы ў краінах сённяшняй Брытанскай садружнасці ў свядомасць грамадзян.
Рэгбі для новазеландцаў адначасова своеасаблівы рэлігійны культ, з жывымі прарокамі ў постацях гульцоў нацыянальнай зборнай, і падмурак, агульная справа кожнай адзінкі грамадства, які цэментуе вельмі небяспечную мяшанку з вераванняў, расаў і культур.
У адрозненне ад іншых відаў спорту, таксама папулярных у Новай Зеландыі, рэгбі — гэта моцная клубная культура, якая часткова базуецца на мясцовым патрыятызме ці прыналежнасці да плямёнаў (тычыцца абарыгенаў-маоры і нашчадкаў змешаных шлюбаў, якія сябе атаясамліваюць з тым ці іншым племенем).
“Нацыянальная ідэя”, якой няма аналагаў
Істотным быў прынцыпова аматарскі статус рэгбі да канца 80-х гадоў, бо нават гульцы зборных не атрымлівалі заробкаў. Спартсмены змагаліся на палях падчас матчаў не дзеля матэрыяльнай выгады, а выключна за сваю “малую радзіму” і “павагу землякоў”.
З дзяцінства новазеландцы гуляюць за клуб свайго раёна (пачынаючы з 4-5 гадоў), у школе — за клас. Самыя вартыя адбіраюцца ў зборную школы свайго ўзросту і прадстаўляюць яе на міжрэгіянальных спаборніцтвах.
Пасля школы, калі хлопец ці дзяўчына паступаюць ў каледж альбо ўніверсітэт, — ва ўнутраных спаборніцтвах, потым за зборную універсітэта. Калі маладыя людзі не трапляюць у ВНУ, яны могуць працягваць гуляць у аматарскіх рэгіянальных спаборніцтвах для дарослых.
Кожны таленавіты спартсмен мае шанец быць заўважаным трэнерамі з прафесійных каманд, якія таксама маюць тэрытарыяльны прынцып фармавання. У Новай Зеландыі рэдкія гульцы выступаюць за клубы не з рэгіёна, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Нават у “Супер Рэгбі” — самых моцных клубных спаборніцтвах (з камандамі з НЗ, Аўстраліі, ПАР, Аргентыны і Японіі), трансферы нават унутры краіны вельмі рэдкія.
Калі спартсмен жадае гуляць за зборную, ён абавязкова павінен выступаць за клуб са сваёй краіны. Інакш, якім бы таленавітым ён ні быў, трэнеры нацыянальнай каманды нават не стануць разглядаць яго як кандыдата.
Такім чынам, у Новай Зеландыі, дзе рэгбі ёсць амаль рэлігійным культам для большасці жыхароў, мара кожнага хлопчыка ці дзяўчынкі — прайсці ўвесь шлях ад школьнай каманды да зборнай.
Такая сітуацыя склалася яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, калі спаборніцтвы паміж зборнымі краін сённяшняй Брытанскай садружнасці сталі рэгулярнымі і новазеландцы атрымалі шанец давесці англічанам і свету сваю значнасць і прадэманстраваць баявы характар.
Менавіта з тых часоў пачала складацца супольнасць людзей, якую сёння называюць новазеландцамі, ці “ківі”.
Прадстаўнікі розных рас і культур, што размаўляюць на розных мовах, з наборам узаемных гістарычных прэтэнзій сфармавалі “нацыянальную ідэю”, якой няма аналагаў у свеце. Праз спартыўныя спаборніцтвы сярод дзяцей, юнакоў, дарослых, праходзілі і праходзяць мільёны жыхароў выспаў, апантаныя адной мэтай — стаць найлепшымі сярод найлепшых і трапіць у склад зборнай краіны па рэгбі, каб прадставіць “ківі” на міжнародных спаборніцтвах і давесці першынства “маленькай краіны з канца свету”.
Удалы “сацыяльны эксперымент”
Новую Зеландыю можна назваць своеасаблівым “сацыяльным эксперыментам”. Дзе з этнасаў, што варагавалі паміж сабой, “выплавілі” сучасную супольнасць. Так, грамадства не пераадолела і, здаецца, ніколі канчаткова не пераадолее супярэчнасцяў. Але яно займела чыннік, здольны аб’ядноўваць.
Безумоўна, у Новай Зеландыі праблем хапае: беднасць абарыгенаў, наркотыкі, вялікая розніца ў даходах розных этнічных груп. Але спецыялісты лічаць, што яны не пагражаюць Новай Зеландыі сацыяльнымі выбухамі дзякуючы моцнаму падмурку, які стварыла “рэгбійная ідэалогія”.
На першых міжнародных спаборніцтвах рэгбісты з Новай Зеландыі, большасць якіх была белымі, здзівілі еўрапейцаў рытуальным танцам маоры ў сваім выкананні перад матчамі. Звычайна белыя каланізатары і іх нашчадкі па ўсім свеце цураліся эстэтыкі “мясцовых варвараў”, тым больш такой агрэсіўнай. Спартсмены з выспаў такім чынам прадэманстравалі свету паўставанне якасна новай “дзяржаўнай ідэалогіі”, заснаванай на сімбіёзе культур і моваў, якую цяпер завуць “ківі”.
Новая Зеландыя сёння — гэта прыклад пазітыўнай трансфармацыі грамадства ў супольнасць праз спартыўную ідэю, якая падыходзіць не толькі для самаўдасканальвання асобы і пабудовы лакальных суполак апантаных грамадзян, але і для пазнавальнасці ва ўсім свеце.
Аляксей Гайдукевіч, спартыўная ўстанова “Рэгбі Юніян”
Глядзіце таксама:
Поспехі Ісландыі ў футболе – заслуга моцнай грамадзянскай супольнасці
Аматарскі спорт як стымуляцыя грамадскай актыўнасці