Пад покрывам Маці Божай: гісторыі вядомых цудатворных абразоў Беларусі

Ад Жыровічаў да Будслава, ад Бялынічаў да Барунаў — у розных кутках Беларусі стагоддзямі шануюць абразы Маці Божай, з якімі звязваюць цуды і знакавыя гістарычныя падзеі. Прыгадваем гісторыю святыняў, якія і сёння застаюцца месцамі пілігрымак і духоўнага прыцягнення.

Абраз Маці Божай Бялыніцкай

Abraz Maci Božaj Bialynickaj
Абраз Маці Божай Бялыніцкай. Фота: Catholic. by

Гісторыя Бялыніцкага абраза акутана шматлікімі паданнямі. Адно з іх распавядае пра чатырох манахаў, якія, уцякаючы з Кіева, ратуючыся ад татарскай навалы, узялі з сабою старажытную візантыйскую ікону Багародзіцы, селі ў човен ды паплылі ўверх па цячэнні магутнага Дняпра і так дасягнулі яго прытоку — ракі Друць. Знясіленыя доўгім веславаннем супраць цячэння, яны выцягнулі човен на высокі бераг, каб там адпачыць.

Ноччу, калі вандроўнікі спалі, абраз пачаў выпраменьваць неверагоднае ззянне, ад якога манахі прачнуліся і пачалі горача маліцца. Для служыцелей Бога гэта быў знак таго, што Багародзіца абрала гэтае месца для ўшанавання і заснавання новага манастыра, таму неўзабаве той пагорак на беразе Друці, дзе адбыўся цуд, стаў месцам культу і малітвы. Тут узнік кляштар і была пабудавана першая царква прарока Іллі.

У пісьмовых крыніцах мястэчка ўпершыню згадваецца ў XVI стагоддзі і непасрэдна звязана з імем магната Льва Сапегі, які ў знак падзякі Богу за перамогу ў бітве пад Масквой заснаваў касцёл і кляштар, у які запрасіў братоў-кармелітаў. Апецы манахаў з гары Кармель быў даручаны таксама цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, культ якога няспынна пашыраўся. Сюды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы, фіксаваліся цуды аздараўлення ад фізічных хвароб і дапамога тым, хто быў у скрусе.

У 1635 г. Крыштаф Завіша, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, падараваў для абраза каштоўную шату і срэбраныя кароны, а Казімір Леў Сапега аздобіў ікону каштоўнымі камянямі і залатымі ўпрыгожаннямі. У 1754 годзе біскуп Віленскі Міхал Зяньковіч атрымаў булу Папы Рымскага Бенедыкта XIV, якая дазваляла каранацыю абраза. Залатыя кароны з гербамі Сапегаў і Агінскіх былі выраблены на сродкі гэтых магнацкіх родаў. І ўжо 20 верасня 1761 года адбылася ўрачыстая каранацыя абраза.

Пасля паўстання 1863 — 1864 гг. многія каталіцкія касцёлы былі зачынены і перададзены праваслаўнай царкве, не стаў выключэннем і бялыніцкі касцёл, які ў 1876 годзе перадалі пад уладу праваслаўнай царквы.

Паводле падання, апошні каталіцкі святар, ксёндз Люцыян Гадлеўскі схаваў арыгінал абраза, пакінуўшы ў касцёле яго копію.

Сёння ўшанаваць цудадзейны абраз можна ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай. Штогод у першую нядзелю верасня ў касцёле ў Бялынічах збіраюцца пілігрымы з розных куткоў Беларусі, каб пакланіцца і ўзнесці свае малітвы да Маці Божай. У гэтым годзе адзначаецца юбілей — 265 гадоў з дня каранацыі Маці Божай Бялыніцкай.

Абраз Маці Божай Барунскай

Abraz Maci Božaj BarunskajАбраз Маці Божай Барунскай. Фота з Вікіпедыі

Гісторыя абраза Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных цесна звязана з мястэчкам Баруны, што ў Ашмянскім раёне на Гродзеншчыне. Гэты абраз у XIX ст. быў адным з самых шанаваных на Віленшчыне. Спачатку ён належаў манаху-базыліяну Язафату Бражыцу, які падчас эпідэміі 1666 года быў цудоўным чынам аздароўлены і сваё выратаванне ад хваробы прыпісаў Маці Божай. У 1671 годзе ён стаў ігуменам манастыра ў Полацку, а памёр у 1683 годзе ў Віцебску.

Базылянскі гісторык Ігнат Сцябельскі паведамляе, што Бражыц перад смерцю аддаў абраз набожнаму сваяку — Мікалаю Песляку — з просьбаю шанаваць яго, але той загарнуў абраз у палатно і схаваў у скрыню, пакуль не захварэў. У час пакутаў Песляку з’явілася Маці Божая і нагадала пра сябе. Тады хворы знайшоў схаваны абраз і паабяцаў пабудаваць капліцу ў гонар Багародзіцы. Месца для святыні знайшлі ў цёмным бары (цяпер мястэчка Баруны). Неўзабаве пасля пабудовы капліцы Мікалай быў цудоўным чынам аздароўлены.

У 1692 г. у амаль дабудаваную ўніяцкую царкву святых апосталаў Пятра і Паўла ўрачыста ўнеслі абраз. Пасля гэтага ўсё часцей пачалі распаўсюджвацца аповеды пра цудадзейныя аздараўленні.

У 1702 г. падчас Паўночнай вайны базыляне дзеля бяспекі перадалі абраз у полк гетмана вялікага князя літоўскага Міхала Вішнявецкага. Так абраз пачаў сваё падарожжа разам з ваярамі, якія не раз сведчылі пра асаблівую апеку Маці Божай і цуды на месцах бітваў. У 1709 годзе цудадзейны абраз вярнуўся ў Баруны.

У 1712 годзе ў Супраслі была надрукавана кніга мітрапаліта Лявона Кішкі аб цудах, якія атрымлівалі вернікі, молячыся перад абразом Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных (перавыдадзена там жа ў 1742 годзе).

Паводле звестак даследчыка Вацлава Навакоўскага, у 1832 годзе, пасля скасавання Уніі, базыляне перадалі арыгінал цудатворнай іконы ў дом сям’і Важынскіх у вёсцы Аляны, а ў алтары храма змясцілі копію. Неўзабаве ў царкве Барунскага манастыра пачалі служыць праваслаўныя святары, і так працягвалася амаль 80 гадоў, пакуль у 1919 годзе храм не перадалі католікам. Тады абраз Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных у 1922 г. вярнулі з Вільні ў Баруны.

У каталогу Віленскай дыяцэзіі (1935) абраз характарызуецца як наяўны і цудадзейны. Лёс абраза пасля 1939 года дакладна не высветлены. Магчыма, цяпер у Барунскім касцёле — толькі яго копія. Паводле вусных звестак, арыгінал загінуў падчас Другой сусветнай вайны ў выніку неналежных умоў захоўвання.

Сёння галоўны фэст у гонар Маці Божай Барунскай адбываецца ў выходныя, найбліжэйшыя да 11 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень адзначаецца ўспамін Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных.

Абраз Маці Божай Жыровіцкай

Abraz Maci Božaj Žyrovickaj
Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Фота з Вікіпедыі

Асаблівымі цудамі агорнута з’яўленне абраза Маці Божай Жыровіцкай, які, паводле падання, быў знойдзены пастухамі на дзікай грушы. Хлопчыкі заўважылі, што ад дрэва сыходзіць нязвыклае ззянне. Падышоўшы бліжэй, яны ўбачылі маленькі абразок Маці Божай. Пастушкі ўзялі яго і занеслі да свайго пана — літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную святыню.

Праз некалькі дзясяткаў гадоў пабудаваная святыня згарэла. Здавалася, што абраз знік у агні, але пасля на папялішчы адбылося з’яўленне Маці Божай. Калі на гэтае месца прыйшлі святары, яны знайшлі на камені некрануты цудатворны абраз.

У 1613 годзе тагачасны ўладальнік Жыровічаў Ян Мялешка пабудаваў тут мураваны храм і кляштар і запрасіў сюды базылянаў. Першым ігуменам кляштара быў Язафат Кунцэвіч. Шматлікія аздараўленні невылечна хворых і іншыя цуды, якія адбываліся ў Жыровічах, прыцягвалі да святога месца тысячныя натоўпы, таму слава мястэчка пашыралася далёка за межы краіны.

19 верасня 1730 года адбылася каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай папскімі каронамі. Папам Рымскім тады быў Клімент XII, аднак рашэнне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў Жыровічах у царкве айцоў ордэна св. Васіля залатыя кароны» было прынята яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бенедыкта XIII.

Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, абраз Маці Божай Жыровіцкай у срэбным абкладзе разам з іншымі каштоўнасцямі быў вывезены ў Маскву. У студзені 1922 года стараннямі архімандрыта Ціхана Шарапава абраз быў вернуты ў Жыровічы (паводле падання, ён вывез яго ў слоіку з варэннем), але ўжо без абкладу.

Сёння ў Жыровічы прыязджае вялікая колькасць вернікаў. Дзень ушанавання Маці Божай Жыровіцкай адзначаецца 20 мая. З гэтай нагоды ладзіцца вялікі фэст.

Каралева Беларусі — Маці Божая Будслаўская

Maci Božaja Budslaŭskaja
Абраз Маці Божай Будслаўскай. Фота з Вікіпедыі

Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме Папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. У надпісе на дошцы абраза паведамляецца пра гэты факт, але дата падзеі не пазначана. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў даўгінаўскім вікарыем. У 1613 г., у Вялікі Чацвер і Вялікую Пятніцу, Салакай быў у Будславе. Узрушаны набажэнствам, а таксама просьбамі айцоў-бернардынаў, якія ведалі пра цудоўны абраз, ён ахвяраваў яго будслаўскаму касцёлу, дзе «ў законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».

Абраз быў змешчаны ў драўляным касцёле і адразу праславіўся цудамі і ласкамі, а ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар. Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны гвардыянам будслаўскага кляштара Элеўтэрыем Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі».

«Пані Валадкевіч, праваслаўная, 12 сакавіка 1648 г. прыехала ў Буду і, дзякуючы Пану Богу за тое, што яе сыночак ачуняў праз яўнае заступніцтва Найсвяцейшай Панны, перад мноствам людзей, духоўных і свецкіх, якія былі на той час у Будзе, так сведчыла: «Сынок мой цяжка захварэў і тры дні ўжо не размаўляў, а калі я над ім горка плакала, ён раптам загаварыў: «Адыдзі, адыдзі, мама. Сюды прыходзіла высакародная і велічная Пані. <...> Вядзі мяне як мага хутчэй у Буду, туды гэтая высакародная і прыгожая Пані загадала мяне адвесці, і там я адразу ачуняю». І адразу ж падняўся з ложка, а я, прыехаўшы з ім сюды, дзякую Пану Богу і Найсвяцейшай Панне за гэтую ласку»».

Абраз прайшоў свой няпросты шлях праз стагоддзі і ў 1998 годзе быў каранаваны кардыналам Казімірам Свёнткам, які таксама абвясціў Маці Божую Будслаўскую Апякункай і Каралевай Беларусі, а Будслаўскую святыню — Нацыянальным марыйным санктуарыем.

У нашы дні Будслаўская святыня — адна з галоўных у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Сюды штогод на свята Маці Божай Будслаўскай збіраюцца шматлікія пілігрымы. Паломніцтвы адбываюцца з усіх касцёльных дыяцэзій.

Будслаўскі фэст разам з традыцыйнымі пілігрымкамі занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Успамін Маці Божай Будслаўская адзначаецца 2 ліпеня, а галоўны фэст адбываецца ў першую суботу ліпеня.

Наста Пабягунская, Budzma.org