Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Фольк-дыскатэка і дабрачынная экскурсія, прысвечанная Змітраку Бядулю ў Мінску, магчымасць даведацца пра абрад «Вешанне калодак» у Азярцы, лекцыя пра ведзьм у Мазыры, вясновы маркет у Вільні, беларускія танцы ў Варшаве, гуканне вясны, канцэрты, выставы, майстар-класы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.
Мінск і Мінская воблась
Мінск
Фольк-дыскатэка з гуртом «Aratseya» ў Мінску
У суботу, 2 сакавіка, у музеі Якуба Коласа — канцэрт гурта «Aratseya».
«Aratseya» выконвае музыку ў стылі world music, фолк — гэта старажытныя беларускія народныя песні ў аўтарскай інтэрпрэтацыі.
Пачуеце гучанне колавай ліры, ірландскага бузукі, народных духавых інструментаў, адчуеце энергію аўтэнтычнага вакалу, патанчыце пад гарачыя рытмы перкусіі.
Вас чакае 2 разнапланавыя музычныя праграмы: «фольк-дыскатэка» — народныя песні ў аўтарскім гучанні і «сусветныя рок-хіты» — вядомыя кампазіцыі, выкананыя на этнічных інструментах.
Дабрачынная экскурсія ў Мінску, прысвечаную Змітраку Бядулю
Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае 2 і 6 сакавіка на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў музея «Беларуская хатка» — класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.
На экскурсіі вы больш даведаецеся пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка, чые творы былі ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Вы адкрыеце для сябе Змітрака Бядулю як актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX ст. у Мінску.
Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай — заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку.
Абрад «Вешанне калодак» у Азярцы
У суботу, 2 сакавіка, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы спраўляюць абрад «Вешанне калодак».
Гэта адзін з самых цікавых масленічных звычаяў, якія існавалі ў беларускай вёсцы.
Такому выпрабаванню падвяргаліся маладыя хлопцы, якія доўга не жаніліся. Да іх прывязвалася «калодка» — з ёй яны павінны былі хадзіць па вёсцы. У некаторых рэгіёнах «калодку» вешалі жанчынам.
Той, хто не хацеў «цягаць калодкі», павінен быў адкупіцца грашыма або пачастункам.
У іншых мясцовасцях хлопцы, якіх прымусілі прымерыць «калодкі», павінны былі заходзіць у тыя дамы, дзе жылі незамужнія дзяўчыны і патрабаваць пачастунак.
Калі хлопец з «калодкай» не спыняўся каля дома такой дзяўчыны, гэта лічылася непавагай да яе. У якасці калодкі маглі выкарыстоўваць розныя прадметы — бервяно, селядзец, стужкі, паясы.
То прыязджайце ўзяць удзел у абрадавым абыходзе двароў!
Гомель і Гомельская вобласць
Мазыр
Лекцыя Дзеда Янкеля «Ведзьмы: народная дэманалогія Палесся» ў Мазыры
У суботу, 2 сакавіка, у мазырскім музеі «Палеская веда» Дзед Янкель, ён жа Ігар Гайкевіч, чытае лекцыю «Ведзьмы: народная дэманалогія Палесся».
Прапануе паглыбіцца ў чароўны свет казачнага Палесся, наскрозь прасякнуты містыкай і верай у звышнатуральнае.
Ведзьма — самы папулярны жаночы персанаж, які валодае звышнатуральнымі здольнасцямі ў тутэйшым фальклоры.
Колькі таямніц і рознага чараўніцтва прыхоўвае ад нас Палессе?
Як ставіліся палешукі да ведзьм?
За што пераследавалі ведзьм на заходнім Палессі?
Якую ж карысць і шкоду прыносілі ведзьмы людзям?
Даведаецеся на лекцыі!
Вялікабрытанія
Гуканне вясны ў Лондане
У суботу, 2 сакавіка, беларусы Лондана гукаюць вясну!
Прыходзьце і прыводзьце дзетак спяваць вяснянкі, вадзіць карагоды і гуляць у гульні. Апранайцеся ў народныя строі і прыносьце з сабой выпечку і пітво.
Няхай адыходзіць зіма, набірае сілу вясновае сонца, і святло рассейвае змрок!
ЗША
Сіэтл
Гуканне вясны ў Сіэтле
3 сакавіка, у нядзелю, беларусы Сіэтла гукаюць вясну.
У праграме — частаванне традыцыйнымі абрадавымі стравамі (потлак), карагоды і просьбы птушачкам прынесці дoўгачаканую вясну і волю для Беларусі на сваіх крылах.
Падчас кульмінацыі свята спаляць ляльку і старыя рэчы (а з імі і ўсе непрыемнасці і цёмныя думкі).
Адмысловыя госці — Folk Group VOLYA ад Волі Дземкі.
Літва
Вільня
Вясновы маркет у Вільні
У суботу, 2 сакавіка, у CreateCulture Space — вясновы маркет.
Прыходзьце за падаруначкамі да 8 сакавіка і проста без падстаў: знойдзеце мноства файных упрыгожванняў, адзення, керамікі, кніг, лялек, сардэчных паштовак і іншага.
Будзе і дызайн ад hutkasmachnaa, і іншыя цікавосткі.
Імпрэза да 105-годдзя Беларускага асобнага батальёна ў Вільні
У нядзелю, 3 сакавіка, у Гасцёўні Беларускай Рады культуры адбудзецца імпрэза да 105-й гадавіны стварэння «Беларускага асобнага батальёна» ў складзе Літоўскага войска.
З 1920 года дата 27 лютага адзначалася ў Літве як свята батальёну і Дзень беларускага ваяра.
Вы даведаецеся і пра іншыя беларускія вайсковыя фармаванні ў Літоўскім войску і грамадска-палітычнае жыццё беларусаў Літвы тых часоў.
Вас чакае:
лекцыя-размова з гісторыкам Яўгенам Красуліным
прагляд цікавага фільма
музычны выступ
памятныя падарункі ўсім удзельнікам імпрэзы
Польшча
Варшава
Беларускія танцы ў Варшаве
У суботу, 2 сакавіка, у Варшаве танчаць беларускія танцы.
Цяпер дадатковыя заняткі для пачаткоўцаў будуць і ў выходныя.
Заняткі праводзіць дасведчаная аматарка і актывістка, закаханая ў традыцыйны танец, Наталка Гапановіч.
Лодзь
Прэзентацыя кнігі Вольгі Вялічка «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» ў Лодзі
У суботу, 2 сакавіка, псіхолаг Вольга Вялічка прэзентуе ў Лодзі сваю кнігу «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме».
За два гады, што спадарыня Вольга працуе з дзецьмі палітзняволеных, яна пачула каля сотні гісторый.
У пэўны момант пачала іх запісваць. Перачытаўшы — усвядоміла: атрымалася яркае і жахлівае адлюстраванне свету, у якім жывуць сучасныя беларускія дзеці.
Гэта кніга — магчымасць і дарослым азірнуцца вакол вачыма дзяцей.
Кніга выйшла з друку ў выдавецтве «Гутэнберг» з прадмовай Святланы Алексіевіч.
Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.