Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 20-21 студзеня

19.01.2024

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Артыст-ток з фатографам Вадзімам Качаном у Мінску, шчадраванне ў Азярцы, этнавечарына ў Гомелі, піжамная танцавальная вечарынка ў Вільні, рэлакс-вячоркі ў Кракаве, майстар-класы, выставы, канцэрты — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

«Наступная станцыя — жыццё»: спектакль у межах выставы ў Мінску

Afiša

У суботу, 20 студзеня, у палацы мастацтваў адбудзецца спектакль суполкі «Рэмісія» ў межах выставы Ірыны Котавай «Тэатр эмоцый».

«Наступная станцыя — жыццё» — гэта гісторыі жанчын з дыягназам рак малочнай залозы ў рэмісіі. 
Уявіце сабе цягнік на рэйках часу. Вандроўка пачынаецца з юнацкасці, поўнай бясконцых магчымасцяў. Час ідзе, і мы здабываем сілу і прыгажосць, здзяйсняем свае мары.

 Затым надыходзіць сталасць, калі жыццёвыя ўрокі асэнсоўваюцца з разумелай усмешкай. 

Цягнік спыняецца на станцыі пад назвай «Жыццё». 

Важны не пункт прызначэння, а само падарожжа. 

Кожны этап, кожнае імгненне — гэта прыступка да наступнага, частка выдатнай карціны, якую мы называем жыццём. 


Ну што, гатовыя адправіцца ў гэтае падарожжа? 


Артыст-ток з фатографам Вадзімам Качаном у Мінску

Afiša


У суботу, 20 студзеня, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца артыст-ток з фатографам Вадзімам Качаном.

На сустрэчы фатограф раскажа пра свае дакументальныя здымкі, зробленыя ў розных краінах і ў розны час, якія пакажа для вас на экране.

То прыходзьце здзейсніць падарожжа ў свет фатаграфіі Вадзіма Качана.

Свята «Шчадраванне на Палессі» ў Азярцы

Afiša


У суботу, 20 студзеня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — свята «Шчадраванне на Палессі».

У кожным рэгіёне абрад шчадравання меў свае адметнасці.

Галоўнымі складнікамі былі пераапранутыя персанажы і песні-шчадроўкі з услаўленнем гаспадара ці гаспадыні. 

Вы зможаце пабачыць абрад абыходу двароў з в. Рычоў і в. Пагост Жыткавіцкага раёна.

Гомель

Этнавечарына «Крашчэнне — Калядам прашчэнне» ў Гомелі

Afiša

У суботу, 20 студзеня, у філіяле Веткаўскага музея — этнавечарына «Крашчэнне — Калядам прашчэнне».

У калядны час, а асабліва на святыя вечары, калі нельга было працаваць, ладзіліся гульні, забавы, танцы, варажба. Верылі, што як раз у гэты час можна звяртацца да душы памерлых продкаў, каб тыя дапамаглі даведацца пра патаемнае, у тым ліку будучыню.
 І Хрышчэнне — апошняе свята каляднага часу, перад якім таксама любілі паваражыць. То прыходзьце за даўнімі варажбітнымі рытуаламі, гульнямі, спевамі і танцамі! 

Падчас вечарыны будуць варажыць, як гэта рабілі на Гомельшчыне, спяваць, танчыць і смачна частавацца. І вядома, размаўляць пра куццю і каштаваць яе! 


Гродна і Гродзенская вобласць

Экскурсія па італьянскай Горадні

Afiša

У суботу, 20 студзеня, Музей гісторыі рэлігіі паўтарае экскурсію па італьянскіх уплывах у гісторыі і культуры Гародні.

У музеі працуе выстава «Італія далёкая і блізкая». Тут прэзентаваныя беларуска-італьянскія сувязі і іх уплыў на нашу культуру.

Суботняе мерапрыемства пачнецца з куратарскай экскурсіі па выставе.

Пасля вы прагуляецеся па пастаяннай экспазіцыі Музея гісторыі рэлігіі і даведаецеся пра ўклад святога Францішка Асізскага з Італіі ў беларускую культуру.

У другой частцы вы наведаеце касцёл Панны Марыі Анёльскай, які размешчаны на тэрыторыі былога францысканскага кляштара.

Вы дакранецеся да самага старога дрэва ў горадзе, падымецеся да самага старога аргана ў Беларусі, паглядзіце на самую старую механічную батлейку ў краіне.

А яшчэ вас чакае сюрпрыз ад прыхаджан.

Святое Васілле ў Лідзе

Afiša

У суботу, 20 студзеня, у Лідзе — свята «Святое Васілле». Будзеце ў Лідзе — завітвайце на Шчадрэц, на багатую куццю!

У праграмме — усё як мае быць: гульні, варожбы, абрады, карагоды, тры куцці ды батлеечная п’еса «Цар Ірад».

Напрыклад, бачыце калядны абрад «Шчодра», пазнаёміцеся з традыцыйнымі каляднымі стравамі «Тры куцці», станеце ўдзельнікамі каляднай абрадавай гульні «Яшчур», убачыце лялечны тэатр «Батлейка». 

Германія

Франкфурт

Сяргей Башлыкевіч у Франкфурце

Afiša

У суботу, 20 студзеня, Сяргей Башлыкевіч, лідар ашмянска-мінскага вандроўнага гурта «Leibonik», прыбывае з лямпавым акустычным канцэртам у Франкфурт-на-Майне!

Вязе жвавыя мелодыі, шчыльныя тэксты і мора непасрэднай харызмы, каб троху пасумаваць, але сысці пасля дамоў з безумоўна добрым настроем. 

Літва

Вільня

Мемарыяльныя мерапрыемствы ў памяць Паўстання 1863-1864 гадоў

Vilnia.jpg

21 студзеня (нядзеля) у Вільні пройдуць мемарыяльныя мерапрыемствы ў памяць Паўстання 1863-1864 гадоў:

12:30 — 13:30 — Імша ў Катэдральным касцёле

14:00 — 14:45 — Цырымонія на могілках Росы з удзелам прэзідэнтаў Літвы і Польшчы, амбасадара Украіны ў Літве і нацыянальнай лідаркі Святланы Ціханоўскай.

Піжамная танцавальная вечарына ў Вільні

Afiša

У нядзелю, 21 студзеня, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры святкуюць гадавіну Клкба сацыяльных еўрапейскіх танцаў «Vałoška» і ладзяць піжамную вечарыну «Pajama dance party».

Бярыце свае любімыя піжамкі, кугурумі, утульныя шкарпэткі, зменны абутак зручны для танцаў і добры настрой! 
Вас чакаюць еўрапейскія танцы — усе простыя і з папярэднім тлумачэннем рухаў. 

Атрымаецца, нават калі вы да гэтага ніколі не таньчылі! 


Польшча

Кракаў

Рэлакс-вячоркі з «Чайнай Поштай» у Кракаве

Afiša


У нядзелю, 21 студзеня, беларусы Кракава ладзяць дадатковыя вячоркі з кракаўскай «Чайнай Поштай».

Ці вы ведаеце, колькі можна піць чаю ў суткі?

А які з відаў гарбаты расслабляе, а які падніме з ложка?

То прыходзьце нарэшце на цырымоніі і даведайцеся.

Чэхія

Прага

Паказ фільма «Metamorfosis: праблемы беларускай ідэнтычнасці» ў Празе

Afiša

У нядзелю, 21 студзеня, у Празе пакажуць фільм «Metamorfosis: праблемы беларускай ідэнтычнасці». 


Па праглядзе будзе і невялічкая дыскусія з аўтарамі. 

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».


Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.