Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 6-7 красавіка

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Дабрачынная экскурсія ў Мінску, прысвечаная Змітраку Бядулю, Саракі ў Азярцы, вясновы фэст у Вязынцы, адкрыццё новага шведскага гуртка «Бел.Літ» у Вільні, экскурсія па-беларуску па Беластоку, беларускія танцы ў Варшаве, прэзентацыя кнігі Ганны Комар у Тбілісі, майстар-класы, канцэрты, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Дабрачынная экскурсія ў Мінску, прысвечаная Змітраку Бядулю

Afiša

6 красавіка, у суботу, Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў музея «Беларуская хатка» — класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.

На экскурсіі вы больш даведаецеся пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка, чые творы былі ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Вы адкрыеце для сябе Змітрака Бядулю як актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX ст. у Мінску.

Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай — заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку. 

Саракі ў Азярцы

Afiša

У суботу, 6 красавіка, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — Саракі.

Саракі — свята ў народным календары, якое прыпадае на другі дзень веснавога раўнадзенства. 

Магчыма, менавіта Саракі былі самым старажытным святам сустрэчы новага года, якое захавалася ў беларускай культуры ў наш час. 

Саракі сканцэнтравалі ў сабе практычна ўсе характэрныя рысы веснавой абраднасці — матывы пачатку года, культу продкаў,а таксама ачышчальную, прадукавальную, ахоўную і мантычную магію. 

Галоўным сімвалам свята з’яўляюцца птушачкі-жавароначкі, якія, па ўяўленнях нашых продкаў, і прыносілі з выраю веснавое сонца.

Вясновы фэст у Вязынцы

Afiša

У нядзелю, 7 красавіка, у Вязынцы гукаюць вясну разам са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам!

Вас ужо чакаюць не дачакаюцца веснавыя песні і карагоды разам з усімі ўдзельнікамі свята. 

У праграме: 

12.30 — 17.00 — кірмаш рамёстваў, святочная фотазона і традыцыйная кухня 

13.00 — 14.30 — загукальныя песні на гары, веснавыя карагоды 

13.30— 17.00 — розныя майстар-класы для дзяцей і дарослых па народным рамёствам 

14.30 — 17.00 — народныя танцы з удзелам цудоўных музыкаў

15.00 — 16.00 — майстар-клас па прыгатаванні вясковага сыру. 


Гомель

Майстар-клас па гарлячках у Гомелі

Afiša

У суботу, 6 красавіка, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі паўтарае круцецкі майстар-клас па гарлячках.

Гарлячка — гэта шыйнае ўпрыгожванне з бісеру. Такі сабе неглюбскі чокер.  Гарлячка была штодзённым упрыгожваннем, якое яшчэ ў першай палове 20 стагоддзя насілі амаль усе жанчыны любога ўзросту. 

На майстар-класе кожны пачне рабіць сваю гарлячку. 

Не будзе часу зрабіць яе цалкам, але вы будзеце ведаць тэхналогію і лёгка зможаце скончыць упрыгожванне дома. Бісер для ўпрыгожвання дадуць. 

Але калі вы хочаце ўзяць пэўны з сабой, то спатрэбіцца бісер 2-х ці 3-х колераў — па два пакецікі кожнага колеру. Памер бісернай пацеркі — на ваш выбар. Чым буйнейшыя пацерка — тым хутчэй спляцецца гарлячка, але і больш масіўная яна атрымаецца. 


Грузія

Тбілісі

Прэзентацыя кнігі Ганны Комар «Калі я выйду на волю» ў Тбілісі

Afiša

У суботу, 6 красавіка, Ганна Комар прэзентуе ў Тбілісі сваю кнігу «Калі я выйду на волю».

Падчас сустрэчы спадарыня Ганна распавядзе пра працэс стварэння кнігі ад ідэі да рэалізацыі, пачытае ўрыўкі з яе і адкажа на пытанні.

Пасля прэзентацыі можна будзе набыць кнігу. 

Літва

Вільня

Шведскі гурток «Бел.Літ» у Вільні

Afiša

У суботу, 6 красавіка, ініцыятыва «Актыўнымі быць файна» распачынае новы гурток «Бел.Літ».

Любіце чытаць і любіце беларускую мову? 

Размаўляеце на роднай мове ці хочаце пачаць, але ніяк не можаце? 

Спыняе сарамлівасць, высокія патрабаванні да сябе ці няма бяспечнай прасторы і аднадумцаў? 

Тады завітвайце на адкрыццё новага шведскага гуртка «Бел.Літ». 

Прэзентацыя зборніка «Карані / лісце» ў Вільні

Afiša

У суботу, 6 красавіка, у Вільні прэзентуюць зборнік «Карані / лісце» — зборнік дэкаланіяльных тэкстаў, напісаных жанчынамі, транс і небінарнымі людзьмі з Беларусі.

Ён паўстаў у выніку пісьменніцкай лабараторыі, праца якой цягнулася апошнія паўгода і аб’яднала 50 літаратара:к, што цяпер жывуць у розных краінах. На сустрэчы пагутараць з аўтар:камі пра пісьмо і дэкаланіяльнасць у ім, падзеляцца досведам працы лабараторыі і паслухаюць чытанне тэкстаў. 

На прэзентацыі можна будзе набыць асобнік за любую камфортную для вас суму. 


Польшча 

Беласток

Экскурсія па-беларуску па Беластоку

Afiša

У суботу, 6 красавіка, беларусаў Беластока клічуць на беларускамоўную экскурсію па Рынку Касцюшкі.

Чулі жарт, што ў Беластоку часам можна пачуць пытанне пра часы працы «Рынка Касцюшкі»? 
Чаму ж цэнтральная гарадская плошча называецца «рынак», хоць і блізка не «рынак»? 

Што за будынкі атачаюць Рынак Касцюшкі? І чаму яны такія.. розныя?

А можа заўважалі, колькі на іх цікавых малюнкаў? Манеты, партрэты, фігуркі... Пра што яны? 

Пра ўсё даведаецеся ў суботу! 

Варшава

Беларускія танцы ў Варшаве

Afiša

У суботу, 6 красавіка, у Варшаве танчаць беларускія танцы.

Цяпер дадатковыя заняткі для пачаткоўцаў будуць і ў выходныя. 

Заняткі праводзіць дасведчаная аматарка і актывістка, закаханая ў традыцыйны танец, Наталка Гапановіч. 

ЗША 

Н'ю-Ёрк

Сустрэча з Сяргеем Навумчыкам у Н’ю-Ёрку

Afiša

У нядзелю, 7 красавіка, у Н’ю-Ёрку адбудзецца сустрэча з палітыкам і журналістам Сяргеем Навумчыкам.

Спадар Сяргей — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 1990-1996 гадоў, які уваходзіў у склад парлямэнцкай апазыцыі БНФ. 
З 1996 года — у палітычнай эміграцыі. 

Аўтар шэрагу кніг на тэму найноўшай гісторыі Беларусі, ляўрэат літаратурнай прэміі Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру. 

Прыходзьце задаць пытаннечкі і пачуць цікавыя факты з найноўшай гісторыі Беларусі ад непасрэднага ўдзельніка падзей таго часу. 


Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай АФІШЫ.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!


А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.