«Не забывайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі...» — сёння заклік Багушэвіча чытаецца ўжо не ў сімвалічным русле. Без філалагічнай рамантыкі і кніжнага пылу. Інакшасць, «нерасійскасць» беларусаў — шчаслівы квіток у будучыню.
Калега, які днямі чакаў сваёй чаргі на прышчэпку Johnson у Беластоку, уразіўся сітуацыі: побач з ім двое коратка стрыжаных мужыкоў у спартовай вопратцы з барсеткамі. Гопнікі ці блізка да таго. Размаўляюць між сабой па-беларуску. Можа, не на чысцюткай крынічнай мове, але ўсё ж.
Пацікавіўся, адкуль, што і як. Апынулася — з Мінска. Ніякай палітыкі ці ідэйнасці. Хлопцы ў публічных месцах стараюцца не ўжываць расійскай, каб не мець праблем. Яму параілі рабіць таксама: «Ці мала што».
Акурат гэтае «ці мала што» дзесяцігоддзямі адварочвала людзей ад усяго беларускага. Бо нацыянальныя сімвалы былі знакамі бяды. Ва ўніверсітэце, на працы, на вуліцы. Патруль ля ЦУМа чуе, што гаворыш па-беларуску — праверыць змесціва заплечніка. І гэта яшчэ ў «траваядныя гады»...
Доўгія гады нашы нацыянальныя сімвалы былі знакамі бяды, зараз - гэта квіток у будучыню
У Беларусі з гэтым мала што змянілася — стала толькі горш. Але ў замежжы, куды з’ехалі тысячы і тысячы, сітуацыя змянілася кардынальна.
Людзі, якія не мелі нічога агульнага з нацыянальным рухам ды нават праспалыя 2020-ты, сёння перарабляюць беларускія нумары на машынах — закрэсліваюць чырвона-зялёны сцяжок, малююць паверх БЧБ.
Пераробленыя беларускія нумары ў Польшчы
«Мы — не яны»
Чаму так? Бо быць зараз у Еўропе расійцам — гэта чорная метка. Мінімум атрымаеш скандал у метро ці гандлёвым цэнтры, а могуць і машыну разбіць. З беларусамі пакуль не да такой ступені, але цкаванне ўжо пачалося і хто ведае, што будзе заўтра.
Адзінае выйсце — паказаць сваю іншасць і ад расійшчыны, і ад беларускага афіцыёзу. Адмежавацца. «Мы — не яны».
Вось і прыйшоў час узгадаць Багушэвіча. А яшчэ — пацікавіцца, дзе ў Батумі ці Варшаве набыць значак ці які мерч з Пагоняй.
Крама з нацыянальнай сімволікай у Беластоку
Сітуацыя падаецца парадаксальнай, калі ўзгадаць, як яно было з той жа мовай цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Калі груба:
1980-я — «Колхозная мова»
1990-я — 2000-я — «Язык оппозиции и отморозков»
2010-я — «Красивый язык, но я не буду коверкать»
2018 — 2020 — «Хмм, модна, цікава»
2022 — ... — «Мы не ра-сій-цы!»
Скрын з эмігранцкага чату - рэакцыя ўкраінцаў на беларускую мову
Беларусы — людзі прагматычныя. Вясковая нацыя. Кот патрэбны, каб мышэй лавіў. Сабака — каб брахаў і дом ахоўваў... У гэтай сістэме каардынат мова і нацыянальныя сімвалы доўгія гады былі не да чаго. Без патрэбы. «Какая разница?»
Цяпер жа мова можа захаваць ад бойкі з украінцамі-эмігрантамі. Пагоня — зберажэ машыну на беларускіх нумарах лепш за сігналізацыю. Усё гэта ў купе наўпрост павялічвае твае шанцы ў вольным свеце. Сімвалы нацыі сталі яе абярэгамі.
Рэінкарнацыя нацыянальных праектаў
Можна запярэчыць, што ўсё гэта тычыцца толькі сітуацыі замежжа. А вось і не. Бо трэнд — на гады і дзесяцігоддзі. Незалежна ад падзеяў на франтах. У Беларусі ўсё таксама зменіцца, і новая эліта, якой бы яна не была, будзе дрэйфаваць далей і далей ад усходняга суседа.
А расійская культура і мова будуць губляць прыцягальнасць. Будуць адпужваць. Нават пасля трансфармацыі ў Расіі не ўяўляю сабе чарговага замілавання замежнікаў матрошкамі, балалайкамі і Дастаеўскім, як на пачатку 1990-х.
Расійская культура апынецца ў сітуацыі, блізкай да нямецкай у паваенныя гады, калі Томас Ман ці Гюнтэр Грас гадамі выбачаліся і даводзілі, што «мы — не яны».
А зараз наўпрост уявіце, каб усё, што робіцца ў Беларусі і з тэрыторыі Беларусі, рабілася пад БЧБ-сцягам і пад беларускамоўныя загады? А?.. Вось тады нацыянальнай культуры і нацыі як такой сапраўды не пазайздросціш.
Зараз жа — нягледзячы на ўсе жахі і пагрозы ў будучыні — наш нацыянальны праект ізноў мае шанц. Бо ён — іншы, незаплямлены.
А калі больш шырока, то ад 24 лютага нацыянальныя праекты ў Еўропе могуць адлічваць сваё другое жыццё. Рэінкарнацыю. Менавіта нацыянальны праект ва Украіне пацвердзіў яе жыццяздольнасць.
Нацыянальныя праекты зноў маюць будучыню, украінскі досвед даводзіць
Простыя вечныя рэчы: сям’я — зямля — кроў — мова — армія — любоў да свайго — аб’ядноўваюць і дапамагаюць абараняцца. «Зялёным» і гендарным праектам варта папаліць недзе ўбаку.
Таму — не забывайце ж мовы нашай беларускай, каб... не застацца аўтсайдарамі ў вачах усяго свету.
Алесь Кіркевіч, budzma.org