Памерла дзяячка беларускай эміграцыі Людміла Бакуновіч

2 жніўня ў штаце Дэлавэр у ЗША памерла беларуска, што некалі ліставалася з Ларысай Геніюш, Людміла Бакуновіч. Пра гэта паведаміла даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Liudmila Bakunovič
Людміла Бакуновіч. Фота з фэйсбука Наталлі Гардзіенкі

Людміла нарадзілася ў 1938 годзе ў Міры ў сям’і доктара Віктара Войтанкі. Яе бацька падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах, выкладаў у медычнай школе. У Слоніме ў лазарэце замяніў доктара Янку Геніюша, які вярнуўся са сваёй беларускай камандзіроўкі ў Прагу.

Людміла разам з дзедам і бабуляю, бацькамі і братамі ў 1944 годзе выехала на эміграцыі, а ў 1948 г. — да сваякоў маці ў ЗША. Пасяліліся ў штаце Нью-Джэрзі. Дзед — праваслаўны святар Сьцяпан Войтанка быў першым святаром ў беларускай царкве ў Гайлэнд-Парку.

У 1960 годзе Людміла Войтанка скончыла Douglas College, дзе вывучала біялогію і хімію. Хацела вучыцца на медыка, але ў ЗША было складана паступіць, і дзяўчына паехала ў Лювэнскі ўніверсітэт у Бельгіі, дзе тады былі й іншыя беларусы. Праўда, з навучаннем не склалася праз слабое веданне французскай мовы.

Затое ў Лювэне Людміла знайшла сабе мужа — пазнаёмілася з праўнукам удзельніка паўстаніня Кастуся Каліноўскага, Уладзімірам Бакуновічам.

Людміла і Уладзімір ажаніліся, у 1962 г. у іх нарадзілася першая дачка Наталля. А ў наступным годзе яны перабраліся ўжо разам у ЗША. Першапачаткова жылі з бацькамі Людмілы ў Нью-Джэрсі, пазней пераехалі ў Дэтройт. У сям’і нарадзіліся пяцёра дзяцей.

Па-за выхаваннем дзяцей і працай школьнай настаўніцы Людміла Бакуновіч была актыўнай удзельніцай беларускага жыцця. У Дэтройце была адной з заснавальнікаў беларускай царквы Св. Духа, высвячаць якую прыязджаў ейны дзед Сцяпан Вайтанка.

Пасля сьмерці мужа у 1992 годзе і выхаду на пенсію Людміла вярнулася ў Нью-Джэрсзі, дзе жыла адна з дачок. Яна зрабілася актыўнай прыхаджанкай царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Гайлэнд-Парку. Той самай, дзе служыў ейны дзед, а потым і ейны бацька, што таксама пад канец жыцця высвяціўся на святара. Людміла была старшынькаю сястрыцтва, няспыннай арганізатаркай царкоўных мерапрыемстваў, пачастункаў.

На пачатку 1990-х яна прыязджала ў Беларусь, у 1993 годзе была ўдзельніцай Першага З’езда беларусаў свету.

У апошнія гады жыцця Людміла Бакуновіч дапамагала сваім дзецям даглядаць ўнукаў, якіх агулам у яе было дванаццаць. Жыла ў дачкі Сафіі ў штаце Дэлавэр.

Ліставанне з Ларысай Геніюш, магчыма, пачалося з ініцыятывы бацькі — Віктара Войтанкі, што быў калегам і знаёмым зь Янкам Геніюшам. Аднак пісала сама Людміла. Цёплыя сямейныя лісты ішлі з абодвух бакоў акіяну ад 1969 да 1973 году. Пераважна яны былі выдрукаваныя ў альманаху «Асоба і час» (№ 3, 2010).