Памерла Святлана Курс

Пра гэта паведамілі ў Facebook сын і муж пісьменніцы.«Сям’я Святланы Курс з бязмерным смуткам паведамляе пра яе заўчасны зыход з жыцця».

Пісьменніца змагалася з анкалагічным захворваннем.

Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Святланы Курс.

Sviatlana-Kurs.jpgСвятлана Курс. Фота Яўгена Ерчака

Святлана Курс нарадзілася ў 1972 годзе ў вёсцы Загалле Любанскага раёна. Яна працавала ў «Нашай Ніве» і на «Еўрарадыё», была галоўнай рэдактаркай часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек», пісала для беларускіх медыя і культурных выданняў.

Пад псеўданімам Ева Вежнавец яна выдала кнігі «Шлях дробнай сволачы» і «Па што ідзеш, воўча?».  У 2021 годзе з аповесцю «Па што ідзеш, воўча?»  яна стала першай жанчынай, якая атрымала прэстыжную беларускую літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. 

Аповесць «Па што ідзеш, воўча?» ужо была перакладзена ці перакладаецца на некалькі еўрапейскіх моў. Сярод іншага ёсць нямецкае выданне ў перакладзе Ціны Вюншман, чэшскае выданне ў перакладзе Макса Шчура, Марына Хобель пераклала твор на нарвежскую, таксама раман выйшаў па-дацку ў перакладзе Гаральда Гартвіга, а Малгажата Бухалік пераклала тввор на польскую мову. Літаральна некалькі месяцаў таму кніга выйшла ў перакладзе на ангельскую мову Элы і Джыма Дынглі

Кніга — бязлітасная па шчырасці, часам звышжорсткая і змрочная. Ды й у сваіх калонках ды допісах у Facebook, на сустрэчах з чытачамі Святлана Курс не малявала ружовых карцінак і, здаецца, не ўводзіла ў спакуслівае «ўсё будзе добра». Між тым чытачы і чытачкі кажуць пра дзіўны псіхатэрапеўтычны эфект ад кнігі, калонак і допісаў пісьменніцы. 

Шчыра раім пачытаць калонкі Святланы Курс, якія яна напісала адмыслова для культурна-асветніцкага парталу «Будзьма беларусамі!»:

Куды ісьці і што рабіць? Святлана Курс пра ратаваньне нашага нацыянальнага праекта.

Святлана Курс: «Ніводная бітва не зьяўляецца прайгранай. Беларусь нас пакліча»

Як жыць у часы інфармацыйнай вайны. Парады ад Святланы Курс


Заўтра, 21 ліпеня, у 9:00 у царкве Беларускага праваслаўнага прыхода Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільні па адрасе Bokšto g. 4 будзе адслужана заўпакойная Літургія за спачын яе душы.

23 ліпеня ў 18:00 там жа адбудзецца паніхіда ў памяць Святланы.