У Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі разглядаюць магчымасць пастаноўкі спектакля ўнутры самога замка Радзівілаў у Нясвіжы. Пра гэта расказаў мастацкі кіраўнік тэатра Арцём Макараў падчас фестывалю «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Смартпрэс».
Фота: Смартпрэс
Паводле слоў рэжысёра, ідэя правесці не толькі выступленні на дваровым пляцы, але і стварыць новую пастаноўку ў самім замку — мара творчага калектыву. Ён адзначыў, што такія мерапрыемствы дапамагаюць выйсці за рамкі традыцыйнага сцэнічнага фармату і надаюць мастацтву асаблівую атмасферу.
Макараў, праўда, прызнаў, што пакуль рана гаварыць пра канкрэтныя тэрміны ці ідэі, бо рэпертуар тэатра і так насычаны. Але ён упэўнены: замак Радзівілаў — цудоўнае, вельмі натхняльнае месца, якое само па сабе можа стаць сцэнаграфіяй для любога творчага праекта.
15-ты фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» прайшоў у Нясвіжы з 22 па 24 чэрвеня 2025 года.