У бібліятэцы Акадэміі навук успомнілі пра беларускага пісьменніка. Але мову, на якой ён пісаў, паслядоўна праігнаравалі

Да 115‑годдзя беларускага пісьменніка Васіля Віткі на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа з’явіўся матэрыял пра яго. З аднаго боку гэта пазітыўна, але з другога — падыход да афармлення матэрыялу, мякка кажучы, здзівіў, піша «Наша Ніва».

Vasiĺ Vitka
Так прэзентуецца матэрыял пра Васіля Вітку ў тэлеграм-канале бібліятэкі

Мала таго, што сам артыкул пра Васіля Вітку напісаны выключна па-руску (нават фармальны пераход на беларускамоўную версію сайта да змены мовы не прыводзіць — яна застаецца рускай), але і ў якасці ілюстрацый да яго падабраныя выключна выданні ягоных твораў у перакладзе на гэту мову.

Хоць сам Васіль Вітка і вершы, і прозу пісаў па-беларуску.

SkrynšotСкрыншот з сайта

Skrynšot
Скрыншот з сайта

Пры гэтым у тэлеграм-канале бібліятэкі для яго чытачоў чамусьці ў дужках нават даецца пераклад назвы дзіцячага часопіса «Вясёлка», галоўным рэдактарам якога 17 гадоў быў Васіль Вітка, на рускую мову — «Радуга». Верагодна, тыя, хто вядзе канал, упэўненыя, што ягоныя чытачы беларускай мовы ўжо не ведаюць. Можна было б, вядома, падумаць, што гэта робіцца для патрэб шырокай інтэрнацыянальнай аўдыторыі канала — але ж на яго падпісаныя ўсяго 346 чалавек!

Крайнасць абсурду — што і сам Васіль Вітка па-руску ў тэлеграм-канале і часткова на сайце — «Василий Витка», хоць у псеўданімах імёны ніколі не перакладаюцца. Што відаць, дарэчы, нават на вокладках рускамоўных перакладаў ягоных кніг, дзе аўтар — «Василь Витка».

Vasiĺ Vitka

Нават унучка Васіля Віткі, вядомая мастацтвазнаўца Юлія Чарняўская, сама і ў побыце, і ў творчасці пераважна рускамоўная, была такім падыходам непрыемна ўражаная і першая выказала сваё абурэнне.

«Не, я, канешне, удзячная. Але чаму не на беларускай? I кнiжкi таксама ў перакладзе на рускую. Навошта?», — задала Чарняўская пытанне ў фэйсбуку.