22 лістапада ў Віцебску пад дахам утульнага клуба “Чердачок” адбыўся выступ Мінскага фолктронік-гурта PAWA.Музыкі прэзентавалі некалькі песняў з новага альбома, што выйдзе вясной, а таксама парадавалі віцебскую публіку ўжо знаёмымі трэкамі, нечаканымі каверамі і падарункамі ад “Будзьма”.
Гэта не першы візіт мінчукоў у культурную сталіцу Беларусі: музыкі зайгралі на сцэне клуба трэці раз. Як і ў папярэднія разы, сустрэча адбылася пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
— Мы заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаем у Віцебск, у клубе “Чердачок” вельмі прыемная атмасфера, заўсёды шмат наведнікаў проста ля сцэны, што дае магчымасць музыкам адчуць энергетыку публікі, — адзначаюць удзельнікі гурта.
Гэтым разам PAWA прэзентавалі некалькі трэкаў з новага альбома, які будзе цалкам пабудаваны на беларускім этнічным матэрыяле, а так сама ўразілі слухачоў кавер-версіяй песні “Engel” Ramstein.
— Было прыемна ўбачыць людзей якія прыходзяць на нашыя канцэрты трэці раз. Таксама падчас традыцыйнай віктарыны-апытанкі наведнікі клуба выдатна адказвалі на нашыя каверзныя пытанні, нават адрознілі дуду-мацянку ад лепельскай дуды. Гэта сведчыць пра тое, што культурна-асветніцкія ініцыятывы, якія падтрымлівае “Будзьма”, не праходзяць дарма, і гэта вельмі добра, — адзначае скрыпачка Надзея Процька.
У найбліжэйшых планах PAWA — праца над новым альбомам, а таксама канцэртныя выступы, з раскладам якіх можна азнаёміцца на старонках калектыву ў сацыяльных сетках і на афіцыйным сайце.
Тэкст – Сяржук Шаўчэнка
Фота – Ірына Раміцан