Грунвальдская бітва стала апафеозам Вялікай вайны (1409–1411) паміж Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім з аднаго боку і Тэўтонскім (Нямецкім) ордэнам — з другога. Чаму ў бітвы тры розныя назвы? Ці сапраўды Ягайла няспынна маліўся і ніяк не пачынаў бой? Якую дзёрзкую акцыю перад бітвай здзейсніў тэўтонскі магістр? Чаму саюзнае войска не здолела захапіць сталіцу Тэўтонскага ордэна? Распавядаем пра гісторыю Грунвальдскай бітвы ў пытаннях і адказах.
Ян Матэйка, Грунвальдская бітва
Канфлікт пачаўся з-за спрэчных тэрыторый — Добжынскай зямлі, Памор’я, Новай Маркі і Жамойці. За стагоддзе панавання немцы вынішчылі або прымусілі эміграваць у ВКЛ шмат куршаў і прусаў. Жамойты, якія доўга спрабавалі на літоўска-ордэнскіх супярэчнасцях захаваць незалежнасць, з 1382 г. патрапілі пад поўны кантроль тэўтонаў. Непасрэднай падставай для Вялікай вайны стала паўстанне супраць ордэна з Жамойці ў канцы мая 1409 года. Падтрымку паўстанцам аказаў вялікі князь літоўскі Вітаўт. Польскі кароль Уладыслаў — Ягайла падтрымаў свайго стрыечнага брата Вітаўта, і вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген абвясціў вайну ВКЛ і Польшчы.
Спачатку бакі спрабавалі вырашыць спрэчныя пытанні мірна — праз арбітраж чэшскага караля Вацлава IV, аднак гэтыя спробы не мелі поспеху. У кастрычніку 1409 года ў Берасці адбылася таемная нарада Вітаўта і Ягайлы, на якой быў распрацаваны план летняй кампаніі 1410 года супраць крыжакоў. У пачатку ліпеня 1410 года польска-літоўскае саюзнае войска ўступіла на землі Нямецкага ордэна і рушыла ў кірунку ягонай сталіцы — Мальбарка. 15 ліпеня ворагі сустрэліся ў генеральнай бітве на полі паміж Таненбергам і Грунфельдэ.
Тэрыторыя Дзяржавы Тэўтонскага ордэна паміж 1260 і 1410; месцы і даты значных бітваў, уключаючы Грунвальдскую бітву, пазначаныя скрыжаванымі чырвонымі мячамі. Фота з Вікіпедыі
Тапонім Грунвальд (Grunenvelt) як указанне на месца знакамітай бітвы ўпершыню згадваецца ў лісце польскага караля Ягайлы да біскупа Памезаніі ад 16 верасня 1410 года.
Грунвальдская бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года на тэрыторыі камандорыі Астэродэ Тэўтонскага ордэна (сёння ў Польшчы), на полі паміж трыма вёскамі: Грунфельдэ (сёння Грунвальд), Таненберг (сёння Стэмбарк) і Людвігсдорф (сёння Ладвігова). Адпаведна, у розных гістарычных традыцыях за бітвай замацаваліся розныя назвы.
У нямецкай гістарыяграфіі гэта «Бітва пад Таненбергам», бо Таненберг быў апошнім населеным пунктам, праз які прайшло крыжацкае войска, ідучы на бітву.
У беларускай, польскай, украінскай, расійскай і некаторых іншых традыцыях замацавалася назва «Грунвальдская бітва», «Бітва пад Грунвальдам».
У Літве бітву называюць «Бітвай пад Жальгірысам». Літоўскае Žalgiris азначае «Зялёны лес»; гэта літаральны пераклад нямецкага Grunwald. Цікава, што дакладнае месца бітвы (на поўдзень ад Грунвальда) было канчаткова вызначана толькі ў 2010-х гадах у выніку гістарычных і археалагічных даследаванняў.
З аднаго боку ў бітве бралі ўдзел войскі Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна на чале з вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам.
З другога боку — аб’яднанае польска-літоўскае войска, якое ўзначальвалі кароль польскі Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт. Трэба адзначыць, што кожны з саюзнікаў непасрэдна камандаваў сваімі войскамі, аднак згодна з умовамі віленска-радамскай уніі 1401 г., агульную каардынацыю іх дзеянняў ажыццяўляў польскі кароль.
Перад Грунвальдскай бітвай. Feliks Sypniewski (1852). Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Дакладных звестак пра колькасць дзвюх армій у першакрыніцах няма, таму гісторыкі дагэтуль спрабуюць вызначыць гэтыя лічбы на падставе ўскосных даных.
Сёння найбольш рэалістычнымі ўяўляюцца наступныя ацэнкі:
• тэўтонскае войска — 51 харугва (полк) агульнай колькасцю ад 12 да 15 тыс. чалавек;
• аб’яднанае польска-літоўскае войска — 90 харугваў агульнай колькасцю каля 30 тыс. чалавек, з каторых 2/3 складалі харугвы з Польшчы (50 харугваў) і 1/3 — харугвы з ВКЛ (40 харугваў).
У шэрагах крыжакоў, акрамя братоў-рыцараў і войск з Прусіі, змагаліся да 4 тыс. наймітаў (у асноўным з Сілезіі), а таксама рыцары-крыжаносцы (так званыя «госці») з Заходняй Еўропы (Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі).
Родны брат Ягайлы — Лугвен-Сямён прывеў атрад падуладнай яму Наўгародскай Рэспублікі, і браты перадалі яму пад кіраўніцтва полк скораных у 1404 г. смалян (у іх складзе былі аршанцы і мсціслаўцы). У польска-літоўскім войску таксама былі найміты (галоўным чынам з Багеміі), а таксама жамойты, татары. Апошнія налічвалі не менш за 1 тыс. чалавек.
Саюзнае войска пераўзыходзіла крыжакоў па колькасці, але апошнія былі лепш узброеныя і больш дысцыплінаваныя.
Храністы паведамляюць, што паколькі польскі кароль доўга маліўся і не пачынаў бой, тэўтонскі магістр Ульрых фон Юнгінген даслаў Ягайлу і Вітаўту праз двух сваіх герольдаў два мячы без похваў.
Вітаўт у гэты час займаўся размяшчэннем літоўскіх войскаў на полі, размову з герольдамі вёў Ягайла, і ён жа прыняў ад іх мячы.
Ягайла і Вітаўт перад Грунвальдскай бітвай. Ян Матэйка. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Паводле Яна Длугаша, герольды патлумачылі, што магістр дасылае каралю і вялікаму князю мячы «як заахвочванне да бітвы, што мае адбыцца, каб ты з імі [мячамі] і са сваім войскам неадкладна і з большай адвагай, чым ты дэманструеш, уступіў у бой і больш не таіўся, зацягваючы бітву і адседжваючыся сярод лясоў і гаёў».
Гэта была дзёрзкая акцыя, але Ягайла трымаўся як ідэальны хрысціянскі манарх — з пакорай і без гневу. У сваёй прамове да герольдаў ён адзначыў, што прымае мячы, «што прагнуць маёй і майго народа крыві і знішчэння, [...] у імя Бога», і ў бітве будзе спадзявацца на Ягоную дапамогу і дапамогу святых.
Пасля перамогі саюзнага войска мячы даставілі ў каралеўскую скарбніцу ў Кракаве, дзе яны захоўваліся надалей. У часы Рэчы Паспалітай іх выкарыстоўвалі як каралеўскія інсігніі падчас цырымоніі каранацыі польскіх каралёў. Мячы зніклі ў сярэдзіне XIX стагоддзя.
У пачатку бітвы войска Вітаўта, якое дзейнічала на правым флангу аб’яднанага польска-літоўскага войска, атакавала левы фланг крыжакоў, які ўзначальваў вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод. Праз нейкі час ордэнскія войскі прымусілі літвінаў кінуцца на ўцёкі, пачалі пераследаваць іх і парушылі свае шыхты. Бліжэй да цэнтра і палякаў, з загадам утрымацца любым коштам, фактычна на вынішчэнне, стаялі смаленская, аршанскія, мсціслаўская і наўгародская харугвы пад кіраўніцтвам Лугвена. Яны ўтрымалі шыхт, выйгралі час, крыжакі іх абцяклі і расцягнуліся. Пасля чаго палякі з правага флангу нанеслі ўдар.
Сёння большая частка даследчыкаў мяркуе, што ўцёкі літоўскага войска насамрэч былі стратэгічнай пасткай. Гэты манёўр дазволіў апракінуць левы фланг крыжакоў і адрэзаць яго ад асноўнага войска Тэўтонскага ордэна, пасля чаго рыцары былі часткова забітыя, а часткова ўзятыя ў палон.
Хутчэй за ўсё, першымі кінуліся пераследаваць літвінаў так званыя «госці» — рыцары з Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, якім была невядомая «татарская» тактыка падманнага адступлення. Гэтая тактычная памылка з боку Тэўтонскага ордэна мела вырашальны ўплыў на далейшы ход бітвы. Што тычыцца літвінаў, то пазней яны вярнуліся на поле бою.
Найбольш жорсткая бойка адбылася на левым флангу саюзнага войска, польскія харугвы на чале з каралём Ягайлам сышліся з тэўтонскімі харугвамі на чале з вялікім камтурам Куно фон Ліхтэнштайнам, да якіх далучыліся шэсць харугваў фон Валенрода, што не сталі браць удзел у пераследаванні літвінаў. Кароль Ягайла асабіста кіраваў войскам і ў шале бітвы далёка адарваўся ад каронных войскаў, але калі немцы ўбачылі яго атрад, яны палічылі яго за свой, бо розніцы ў даспехах не было.
Падчас бойкі крыжакі здолелі адцясніць палякаў і нават захапілі каралеўскі штандар, які нёс вялікі каронны харунжы Марцін з Врацімавіцаў. Захоп штандара пагражаў панікай у шэрагах польскага войска. Аднак польскія рыцары здолелі хутка адбіць яго, а потым, пасля ўвядзення ў бой другой лініі польскіх войскаў, перахапілі ініцыятыву і ўзмацнілі націск на крыжакоў.
Пасля таго як палякі завалодалі ініцыятывай на сваім левым флангу, вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген асабіста павёў у атаку супраць польскага цэнтра ордэнскі рэзерв — 15 або 16 свежых харугваў.
Ягайла ў адказ увёў у бой апошнюю (трэцюю) лінію свайго войска. Бітва зрабілася надзвычай жорсткай. Тры разы магістр на чале сваіх рыцараў рабіў так званы Kehre — з боем праязджаў праз варожыя шэрагі туды і назад. У нейкі момант крыжакі прарваліся да месца, дзе знаходзіўся польскі кароль, і адзін з іх (Лупольд ці Дыпольд фон Кёкерыц) нават напаў на Ягайлу. Апошняга выратаваў каралеўскі сакратар Збігнеў Алясніцкі, які забіў крыжака. У выніку тэўтонскія харугвы панеслі цяжкія страты.
Пасля таго як магістр быў забіты на полі бою, крыжакі пусціліся на ўцёкі. Частка іх спрабавала ўтрымаць лагер, які быў пастаўлены ў выглядзе «вагенбурга», але палякі хутка захапілі яго і разрабавалі ордэнскі абоз.
Гібель вялікага магістра Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве. Міціяцюра з «Шпіцкай хронікі» Дыбальда Шылінга-старэйшага. 1480-я гады. Фота: Bern, Burgerbibliothek, Mss.h.h.I.1
Першакрыніцы не захавалі дакладныя лічбы тых стратаў, якія панеслі ў бітве палякі з літвінамі і крыжакі. З боку саюзнікаў асноўныя страты прыйшліся на войска Вітаўта і, паводле некаторых гісторыкаў, маглі складаць да паловы літвінскіх ваяроў. Страты польскіх войскаў былі значна меншыя.
Найбольшыя страты, натуральна, панёс Тэўтонскі ордэн. Акрамя вялікага магістра, на полі пад Грунвальдам загінула амаль усё кіраўніцтва ордэна і больш за 200 братоў-рыцараў з 270, якія бралі ўдзел у бітве. Было забіта або ўзята ў палон каля 2/3 ад агульнай колькасці крыжацкага войска.
Акрамя іншых трафеяў, саюзныя войскі сабралі на полі пад Грунвальдам нямецкія харугвы (штандары). Большая частка гэтых харугваў была прывезеная ў Кракаў, дзе яны захоўваліся ў кафедральным саборы Святых Станіслава і Вацлава на Вавелі да пачатку XVII стагоддзя, пасля чаго звесткі пра іх губляюцца. Некаторыя з харугваў, магчыма, забраў у Вільню Вітаўт, дзе яны захоўваліся у кафедральным саборы Святога Станіслава. Гэтыя штандары былі страчаны падчас пажару 1530 года.
У 1448 годзе польскі гісторык Ян Длугаш, чый бацька браў удзел у Грунвальдскай бітве, склаў на лаціне апісанне харугваў, што захоўваліся ў Кракаве. У гэтым яму дапамаглі паслы Тэўтонскага ордэна, якія ў 1447 годзе прыбылі ў тагачасную польскую сталіцу на каранацыю караля Казіміра IV Ягелончыка. Па замове Длугаша кракаўскі мастак Станіслаў Дурынк зрабіў з натуры малюнкі харугваў.
Гэты каталог атрымаў назву Banderia Prutenorum (літаральна «Прускія харугвы», але больш дакладнай будзе назва «Прускія гербы»). Аўтограф гэтага трактата захаваўся, ён ёсць важнай першакрыніцай па гісторыі Грунвальдскай бітвы і Тэўтонскага ордэна.
Пасля перамогі пад Грунвальдам войска саюзнікаў рушыла на Мальбарк, сталіцу Тэўтонскага ордэна, і аблажыла яго 25 ліпеня. Аднак час быў страчаны — крыжакі на чале з Генрыхам фон Плаўэнам, камтурам Свеце, а пазней — вялікім магістрам, паспелі сабраць рэшткі сваіх сіл, атрымаць дапамогу ад саюзнікаў і падрыхтавацца да абароны.
У выніку Ягайла зняў аблогу 22 верасня 1410 года. Вітаўт заключыў перамір’е з тэўтонамі яшчэ раней (8 верасня) і 19 верасня адступіў у Літву. Пад пагрозай вайны на два фронты — з Тэўтонскім ордэнам і з ягоным саюзнікам вугорскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім — Ягайла і Вітаўт пагадзіліся на мірныя перамовы.
Фрагмент барэльефа першай паловы XIV ст. з Мальбарка. Ліцвіны б’юцца з рыцарамі. Фота з Вікіпедыі
У 1411 годзе паміж варагуючымі бакамі быў падпісаны Таруньскі мір. Ордэн саступіў Жамойць і яцвяжскія землі ВКЛ, а Добжынскую зямлю вярнуў Польскаму Каралеўству, якому таксама выплаціў 100 тыс. коп чэшскіх грошай.
У выніку Вялікай вайны Тэўтонскі ордэн страціў сваё дамінуючае становішча на Балтыцы, ягоны ваенны і эканамічны патэнцыял быў падарваны. Ягелоны працягнулі ціснуць немцаў. Паводле Таруньскага міру 1466 г. Мальбарк і Гданьск увайшлі ў склад Польшчы, у 1525 г. рэшта Прусіі стала свецкім васалам Жыгімонта Старога як польскага караля, а ў 1561 г. — Лівонія падначалілася Жыгімонту Аўгусту як вялікаму князю ВКЛ. На наступнае стагоддзе балтыйскія немцы сталі часткай Рэчы Паспалітай і страцілі незалежнасць.
Замак у Мальбарку — колішняй сталіцы Тэўтонскага ордэна, сёння — Польшча, 2025 г.
Значную ролю ў Грунвальдскай бітве адыгралі так званыя русіны, або рутэны, — жыхары Вялікага Княства Літоўскага праваслаўнага веравызнання. Большасць іх дзейнічала на правым флангу саюзнага войска, ачоленым Вітаўтам. Яны ж, адпаведна, панеслі найбольшыя страты.
З русінаў-«беларусаў» былі сфармаваныя такія харугвы, як гарадзенская, лідская, тры смаленскія, полацкая, віцебская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская. Русіны таксама складалі значную частку медніцкай, віленскай, троцкай, драгічынскай, мельніцкай і крамянецкай харугваў. Хутчэй за ўсё, у саюзным войску былі таксама кантынгенты з некаторых іншых зямель Беларусі — Менскай, Слуцкай, Тураўскай і іншых.
Такім чынам, Грунвальдская бітва займае сваё пачэснае месца ў вайсковай гісторыі Беларусі.
Budzma.org