Прэмія імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку: падтрымайце арганізатараў у барацьбе за культуру ды ідэнтычнасць!

У сёлетнім конкурсе прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку было пададзена 40 кніг. Каб ушанаваць лаўрэатку ці лаўрэата, неабходна стварыць галоўную ўзнагароду — статуэтку анёла. Гэта ўнікальны сімвал, зроблены беларускім мастаком адмыслова для прэміі. Кошт вырабу складае 5000 злотых (≈1170 еўра). Зараз аб'яўлены збор сродкаў на выраб статуэткі анёла, піша penbelarus.org.

Premija imia Michala Aniempadystava

Чаму гэта важна цяпер?

Падтрымліваючы беларускую культуру, вы становіцеся поплеч з беларускім народам, што змагаецца за сваю вольнасць. Культурны супраціў — частка гэтае барацьбы, спосаб зберагчы ідэнтычнасць, годнасць і голас беларусаў. Гэта яшчэ і крок да вольнай, дэмакратычнай Беларусі.

Беларуская кніга сёння змагаецца за сваё месца ў свеце і ў сэрцах чытачоў ды чытачак. І кожная выдатная вокладка — крок наперад. Гэта знак, што мы тут, што мы ствараем, што мы не маўчым. Мы хочам, каб беларускія кнігі мелі годны выгляд — яркі, прафесійны, натхняльны.

Навошта гэта рабіць?

Прэмія носіць імя славутага беларускага мастака, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава. Ён быў не проста дызайнерам — ён бачыў у візуальным мастацтве мову, здольную расказваць пра Беларусь. Ягоныя працы аздаблялі вокладкі кніг беларускіх класікаў і сучаснікаў, а апошні вялікі твор — «Колер Беларусі» — стаўся сапраўднай візуальнай энцыклапедыяй нацыянальнай ідэнтычнасці. Ён ствараў лепшую Беларусь.

Разам мы можам зрабіць так, каб беларуская кніга:

  • глядзелася годна на кніжных паліцах у розных кутках свету;
  • была бачная на кірмашах, у кнігарнях, у сацсетках;
  • знаходзіла сваё месца ў сэрцах чытачоў;
  • зачароўвала і распавядала гісторыю з першага позірку.

За што надаецца прэмія?

За вокладкі, якія не проста ўпрыгожваюць кнігі, а раскрываюць іх ідэю, сэнс і настрой. За дызайнерскую працу, што ўздымае беларускую кнігу на новы візуальны ўзровень. За беларускую культуру — сучасную, прывабную і глыбокую.

На што пойдзе вашая падтрымка?

  • на стварэнне галоўнай узнагароды прэміі — статуэткі ў выглядзе анёла;
  • на арганізацыю адкрытага конкурсу і працы журы;
  • на правядзенне прыгожай і сучаснай цырымоніі ўзнагароджвання.

Як падтрымаць?

Беларускі ПЭН разам з суарганізатарам прэміі фондам «Open Culture» зрабілі некалькі варыянтаў падтрымкі:

Падтрымайце прэмію — і вы падтрымаеце беларускую кнігу, якою варта ганарыцца. Ваш унёсак — гэта не проста дапамога. Гэта інвестыцыя ў выгляд, гучанне і прысутнасць Беларусі ў свеце.