“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Песня

Песня — гэта вельмі проста: бярэш і прыдумваеш, ці, калі казаць мовай літаратурнай, “пішаш”. Перадусім мяне цікавяць песні, дзе словы граюць такую ж важную ролю, як і музыка, з якіх “слова не выкінеш”. Яшчэ болей мяне цікавіць феномен “суперпесні”, то бок такой песні, якая не толькі слухаецца, але і спяваецца, перакладаецца і засвойваецца іншымі культурамі. Наўрад ці хто зможа ўцямна патлумачыць, чаму здараецца так, што адна песня “заходзіць” у масавую свядомасць і робіцца сімвалам свайго часу, а іншая, з выдатным тэкстам, музыкай і аранжыроўкай, — не. У гэтай адсутнасці адказу ёсць свой цымус: у нашым рацыянальным свеце яшчэ застаюцца невытлумачаныя таямніцы, мажліва, апошнія.

Леанард Коэн некалі сказаў, што пісаў песню “Hallelujah” цягам трох гадоў, а пазней удакладніў, што насамрэч не тры, а пяць, проста яму сорамна было ў гэтым прызнацца. Ён напісаў каля 80 варыянтаў тэксту, якія гуляюць па свеце ў шматлікіх (блізу 250!) кавер-версіях і перакладах. “Hallelujah” спалучае вальс і музыку госпел, яе тэкст (ва ўсіх яго версіях) — гэта паэтычная дзэн-медытацыя, разбаўленая аўтарскімі рэфлексіямі і цытатамі са Старога Запавету, але, па вялікім рахунку, увесь тэкст трымаецца на апошнім куплеце і рэфрэне. Рэфрэн складаецца з аднаго толькі слова “Алілуя!”, якое, як вядома, паўстала на некалькі тысячагоддзяў раней, і цягам гэтых тысячагоддзяў актыўна выкарыстоўвалася. У Коэна слова зноў загучала на ўсю моц, сэнсавую і эмацыйную.

Коэн-творца таксама складаецца са шматкультурных напластаванняў і міксаў: тата — камерсант з польскіх габрэяў, маці — з літвакоў, якая спявала пад гітару песні на ідыш і па-руску, дзед па маме — пісьменнік-талмудыст, “кароль граматыкаў”, дзед па бацьку — актыўны дзеяч габрэйскай грамады ў Канадзе. Сам Коэн вучыўся ў габрэйскай школе, скончыў універсітэт у Манрэалі, дэкадэнцтваваў, пісаў прозу, паэзію, кампанаваў і спяваў песні, эксперыментаваў з кіслатой, падарожнічаў, самотнічаў, пратэставаў супраць ядзернай зброі, зрабіўся будыйскім мніхам, у 80-я падтрымаў рабочы рух ў Польшчы. Гэтыя маласпалучальныя, а нават супярэчлівыя фрагменты не заўсёды гладка, часам праз дэпрэсію, з дапамогай сарказму, спалучаюцца ў творчасці Коэна ў адно транскультурнае цэлае.

Супярэчлівасць і ўнутраныя канфлікты —  распаўсюджаная сярод творчых асобаў з’ява. Бо само жыццё супярэчлівае, а мастацтва, сярод іншага, спрабуе гэтае жыццё апісаць, даць адказы на актуальныя пытанні ці хаця б паставіць іх. Нярэдка творца гэта робіць раней і лепей за іншыя сацыяльныя інстытуты, на паўкрокі апярэджваючы іх, перадусім дзякуючы сваёй творчай інтуіцыі. Творчая інтуіцыя — панятак досыць неакрэслены: ці то ад бога яна, як меркавалася раней, ці то проста з паветра, ці то гэта найвышэйшы майстэрскі пілатаж, сума прафесійных ведаў і рэфлексійных здольнасцяў. Кажуць жа: паэтам баліць болей за астатніх. Што праўда, радуюцца і здзіўляюцца яны таксама глыбей за астатніх. Відаць, так… Ім увогуле “болей за іншых трэба”.

“Болей трэба” было заўсёды Піту Сігеру, яшчэ аднаму культурнаму герою, бунтару, аўтару шматлікіх знакавых песень. Ягоная маладосць прыпала на 30-я, калі камунізм падаваўся інтэлектуалам Новага Свету прывабным і прагрэсіўным. Піт быў сябрам кампартыі, але выйшаў з яе ў канцы 40-х на знак нязгоды з палітыкай Сталіна. Сігер заўсёды займаў прынцыповую пазіцыю паўсюль, дзе парушалася справядлівасць, і адкрыта бараніў правы тых, каго прыціскалі. Ён, ветэран Другой Сусветнай, зазнаў пераслед у часы “Палявання на вядзьмарак”, у 60-я актыўна выступаў супраць вайны ў В’етнаме, канцэртаваў у Савецкім Саюзе, а ў 82-м падтрымаў Салідарнасць. Сігер непахісна верыў у тое, што свет можна змяніць на лепшы з дапамогай песень, і быў адным з тых, хто гэта сапраўды рабіў. На 15 гадоў старэйшы за Коэна, на 20 — за Боба Дылана, ён паўплываў на творчасць генерацыі дзетак-кветак, быў і застаецца адным з маральных аўтарытэтаў другой паловы ХХ стагоддзя.

Бунтарская сутнасць Сігера кепска стасуецца з ягоным паходжаннем — ён тыповы янкі з пратэстанцкай сям’і, але не паходжанне сфармавала ягоны светапогляд, а атачэнне. Бацька Піта — кампазітар, заснавальнік музыказнаўства і этнамузыкалогіі ў ЗША, маці — піяністка, прыёмная маці — кампазітар, музыкай займаліся браты і сёстры Піта, добрую музычную адукацыю атрымаў ён сам. Пачынаючы ад бацькі Піта, фальклорная музыка была захапленнем і спецыялізацыяй усіх Сігераў без выключэння. Па вялікім рахунку, у ХХ стагоддзі аўтарская песня пачала выконваць шмат якія функцыі, уласцівыя фальклору. Уся творчасць Піта Сігера — выдатная таму ілюстрацыя, шмат якія з ягоных песняў зрабіліся сапраўды народнымі.

Яшчэ ў 1955 годзе Сігер напісаў і апублікаваў першыя тры куплеты песні “Where Have All the Flowers Gone?”. Праз 5 гадоў ён яе публічна праспяваў, а годам пазней бард Джо Хікерсан дапісаў чацверты і пяты куплеты песні і, паўтарыўшы яшчэ раз першы куплет, замкнуў тэкст у кола. Менавіта гэты варыянт стаўся класічным, яго амаль адначасова заспявалі Сігер, Джоан Баэз і Рой Орбісан, а крыху пазней — Марлен Дытрых па-французску, па-нямецку ды па-ангельску. Версія Дытрых вядомая ў нас лепей за астатнія, здаецца, песня напісаная спецыяльна для яе, так арганічна яна гучыць ў яе выкананні. Сёння існуе болей за паўсотні кавераў гэтай песні, яна перакладзена на 20 моваў свету, а штогод з’яўляюцца яе новыя пераклады і пераспевы.

Інспірацыяй для яе напісання, са словаў самога аўтара, быў тэкст казацкай песні “Колода-дуда”, якую Міхаіл Шолахаў уключыў у раман “Ціхі Дон”. Пазней абазнаны ў сусьветным фальклёры Сігер натхніўся мелодыкай украінскай калыханкі “Товчу, товчу мак” і скарэктаваў першапачатковую версію. Што тычыцца структуры тэксту і зместу, то яны таксама традыцыйныя як для ўкраінскага, так і для беларускага фальклору. Не буду цытаваць ані тэкст Сігера, ані тэкст Шолахава, ані беларускія іх аналагі: вы можаце знайсці іх самі. Зрэшты, пры ўсім падабенстве, Сігер у суаўтарстве з Хікерсанам напісаў абсалютна новую песню, якая ўвабрала ў сябе шмат якія архаічныя прыёмы і яшчэ раз нагадала чалавецтву пра “галоўнае”.

Праўда, аднак, і тое, што творца можа існаваць не толькі ў гуманістычнай традыцыі, але і дакладна наадварот, прычым рабіць гэта ён можа пераканаўча і нават з шармам. Прыгадайма нямецкія і савецкія песні і маршы: звонка, радасна, пазітыўна. Прыгадваецца недзе прачытаны дакументальны анекдот пра беларуса, які ўцёк з Польшчы ў краіну Саветаў… Пытаюцца ў яго ўжо пасля арышту і лагераў: “А чаго ты ўвогуле сюды папёрся?” “Дык у вас такія песні прыгожыя!” — адказвае беларус. Ёсць і яшчэ адна досыць распаўсюджаная творчая пазіцыя: уцёкі. У рамантыку, містыку альбо ў прыватнае. “У самавара я і мая Маша”. Хіба не геніяльная песня? Ці нашая “Бывайце здаровы”…

Канечне, мне вельмі хацелася напісаць і пра нашую суперпесню, якую таксама перакладаюць на іншыя мовы і спяваюць па ўсім свеце. Перабіраючы розныя варыянты, я прыгадаў народную “Гарэла сосна”, якую мы спяваем разам з украінцамі. Гэта, безумоўна, геніяльны твор і выдатная публіцыстыка часоў казацкіх бунтаў. Яшчэ — паланез “Развітанне з Радзімай”, які нядаўна займеў словы, на жаль, на стагоддзе запозна, каб зрабіцца “суперпесняй” на ўсіх землях Рэчы Паспалітае. І нарэшце прыгадаў “Бывайце здаровы” Адама Русака і Ісака Любана. Гэтая апошняя, перакладзеная, ідэалагічна падпраўленая і праспяваная па-руску, зрабілася візітоўкай адной шостай сушы, а не так даўно вярнулася на радзіму ў сваім першапачатковым выглядзе і пачуваецца тут так, як мусіць пачувацца, — то бок як дома.

Мажліва, нашыя “суперпесні” яшчэ будуць напісаныя, мажліва, яны ўжо напісаныя і толькі чакаюць нагоды, каб прагучаць напоўніцу. Мы жывем у свеце, дзе ўсё павязана культурнымі сувязямі і лінкамі, часам наяўнымі, часам прыхаванымі. Варта толькі капануць… Я капануў гэтыя дзве… Іх слухае і спявае вялізная колькасць людзей ва ўсім свеце. У кожнай з іх ёсць каліўца і нашай культуры, нашай традыцыі, хай сабе праз другія, трэція ці нават чацвертыя рукі. Гэта ўжо не так важна. З іншага боку, песні не пішуцца дзеля таго, каб іх вывучалі, яны пішуцца, каб іх слухалі і спявалі. Гэта выдатныя песні, і калі я іх слухаю, то мне часам падаецца, што гэта я напісаў тэкст… І нават мелодыю. Адкуль такое адчуванне, я не ведаю. Ці ж гэта не сапраўдная таямніца?

 

 Міхал Анемпадыстаў