Трагічная гісторыя зямлі, якая страціла народ і назву. Ад прусаў і немцаў да палякаў і расійцаў.
Прускія плямёны не былі вынішчаныя нямецкімі каланізатарамі — рыцарамі Тэўтонскана ордэна. Заваёва Прусіі Ордэнам заняла паўстагоддзя — ад пачатку 30-х гадоў ХІІІ ст. да 1283 г., калі ўладу крыжакоў прызнала апошняе незалежнае племя. Нямецкая каланізацыя, дакладней першая яе хваля, пачалася разам з заваёвай і трывала даўжэй да самай пандэміі чумы — Чорнай смерці ў 1348 г. Бубонная чума спустошыла Еўропу, у тым ліку нямецкія землі, таму перасяляцца ўжо не стала каму.
Заваёва Ордэнам Прусіі і Лівоніі
Тутэйшыя людзі прусы працягвалі жыць на сваіх месцах, толькі ўжо не як удзельнікі ўласнай родава-племянной супольнасці, а як падданыя феадальнай дзяржавы Тэўтонскага ордэна.
Дарэчы, назва «прусы» на іх мове азначала «людзі зямлі», рыхтык як нашы «тутэйшыя».
Асіміляцыя прусаў у нямеччыну адбывалася вельмі павольна, і яшчэ ў XVI ст. абарыгенаў было так шмат, што спатрэбілася перакласці на прускую мову і выдаць друкам лютэранскія катэхізісы. Прусы зніклі пад канец наступнага, XVIІ ст. Але пра ўсё па парадку...
Прускія землі ў 13 стагоддзі
Нямецкая заваёва Прусіі не была бяскроўнай, наадварот, праводзілася дэманстратыўна жорстка. Тутэйшым прапаноўвалася альтэрнатыва — або прымаеце хрысціянства, плаціце падаткі Ордэну, альбо будзеце знішчаныя.
Ажыццяўляць другі варыянт ордэнскім рыцарам напачатку было цяжка ці нават увогуле немагчыма — занадта мала іх засталося пасля Палестыны.
Немцам дапамагалі не толькі польскія князі, якія і прызвалі сюды крыжакоў супраць прусаў, але і рыцарства ўсёй Еўропы. Ордэн, як кажуць сёння, быў майстрам прамоцыі. На каралеўскіх дварах і падворках Заходняй Еўропы пры германскім імператары і Папе Рымскім крыжацкія прадстаўнікі з поспехам рэкламавалі высокую місію пашырэння Веры Хрыстовай сярод бязбожных паганцаў, якую выконваюць бязмерна адданыя веры манахі-рыцары, якія паклалі на гэта жыццё.
Папа пачаў абвяшчаць супраць прускіх паганцаў крыжовыя паходы, падобна як у Святую Зямлю, іх удзельнікі ачышчаліся ад грахоў. Імператар выдаваў Тэўтонскаму ордэну прывілеі на валодання прускімі землямі, не пытаючыся згоды іх жыхароў, бо тыя як язычнікі знаходзіліся па-за правам.
Прускі язычніцкі жрэц Вурсхайт
Вялікія атрады рыцараў з усёй Еўропы на чале з буйнымі феадаламі, каралевічамі і самымі каралямі, амаль штогод збіраліся ў Прусіі і пад крыжовымі штандарамі пустошылі землі непакорных прусаў: здабывалі іх драўляныя гарадзішчы, вынішчалі цэлыя паселішчы, не ашчаджаючы ні жанчын, ні дзяцей. З паганцамі дазвалялася рабіць усё. Неяк крыжацкі войт (кіраўнік акругі) сабраў мясцовых прускіх старэйшын на пір, перакрыў выхады з дому і спаліў яго разам з гасцямі.
Толькі дзякуючы еўрапейскім рыцарам-гасцям, як іх называлі ў Ордэне, заваёва Прусіі заняла такі гістарычна кароткі час. Аднак яна не была лёгкай. Прускія плямёны знаходзіліся ўжо блізка ўласнай дзяржаўнасці, мелі разбудаваную грамадскую структуру з багатай арыстакратыяй і шматлікімі баявымі дружынамі. Таму супраціў быў моцным, часам адчайным.
Адно з трох буйных прускіх паўстанняў паставіла пад пагрозу само існаванне Ордэнскай дзяржавы. Яно пачалося пасля паразы тэўтонскіх войскаў ад жамойтаў ля возера Дурбе ў 1260 г., ахапіла практычна ўсю Прусію і працягвалася да 1273 г. Крыжакоў, акружаных у некалькіх замках на ўзбярэжжы Віслянскага заліва, уратавала Заходняя Еўропа: папа аб’явіў чарговы крыжовы паход. У ім між іншымі ўзялі ўдзел чэшскі кароль, бруншвейскі герцаг, цюрынгскі ландграф, брандэнбургскі маркграф...
Вялікае прускае паўстанне. Мастак П.Жвірбліс
У баях паляглі галоўныя правадыры прусаў, у тым ліку знакаміты Геркус Монтэ, пра якога ў Летуве ў 1972 г. быў зняты мастацкі фільм «Геркус Мантас». Частка прусаў эмігравала ў Беларусь (вялікі князь Трайдэн пасяліў іх пад Гародняй і Слонімам), некаторыя потым вярнуліся. Прусы паступова ахрысціліся, прызвычаіліся, іх нобілі ўвайшлі ў шэрагі шляхты — васалаў Ордэна.
У нябыт прусаў адправіла новая хваля міграцыі не толькі немцаў, але і бліжэйшых суседзяў (палякаў, беларусаў, летувісаў), якая пачалася з чарговым еўрапейскім дэмаграфічным уздымам у XVI ст. Усе ўліваліся ў дамінантную нямеччыну — і мігранты, і тутэйшыя.
Прусія стала цалкам нямецкай краінай, каралеўствам (у 1701 г.), а ў 1871 г. яна стварыла Германскую імперыю (Другі Райх). Пасля паразы гітлераўскай Германіі краіна была падзеленая, а немцы з яе выгнаныя. Сёння ад Прусіі, раздзеленай між трыма польскімі ваяводствамі і Калінінградскай вобласцю Расіі (ні ў адным не згадваецца даўняя назва) не засталося не толькі народа, але і назвы. Лёс, які можа паўтарыць Беларусь у складзе Расіі.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: Войны Трайдэна, «каменны стоўп» і прусы на варце Гародні