Як наладзіць кантакт з дзіцём? Чаму «сітуацыя самаахвяравання» бацькоў такая ж дрэнная, як і сітуацыя «мне не да цябе»? Якія памылкі робяць бацькі ў адносінах з дзецьмі, і як яны могуць дапамагчы ім справіцца з неспрыяльнымі ўмовамі? Паразмаўлялі пра гэта з Васілём Пронем, адукатарам, псіхолагам і аўтарам бясплатнага анлайн-курса «Свядомае бацькоўства ва ўмовах няпэўнасці» ад адукацыйнага хаба «Нацыя Лідараў».
— Напэўна, многія бацькі ў вас пыталі: што рабіць, калі дзіця апынулася ў прыгнечаным стане?
— Лепш, канешне, не даходзіць да такой сітуацыі і загадзя паклапаціцца, каб яна не ўзнікала.
Варта разумець, што ў дзіцяці — як у любога чалавека — ёсць унутраны баланс устойлівасці. Калі дзіця ўжо прыгнечанае, значыць, яно гэты баланс страціла — праз неспрыяльныя ці нават таксічныя ўмовы, якія ўжо нейкі час на яго ўплывалі.
— Што вы маеце на ўвазе пад «неспрыяльнымі ўмовамі»? Эміграцыя трапляе пад гэтае вызначэнне?
— Неспрыяльныя ўмовы — гэта тое, што неспрыяльна ўплывае на развіццё дзіцяці. І, дарэчы, эміграцыя не заўсёды з’яўляецца неспрыяльнай сітуацыяй: гэта залежыць і ад узросту дзіцяці, і ад сацыяльнага асяродку, у які яно трапляе, і ад шмат чаго іншага.
Калі акрэсліць фундаментальна, то неспрыяльнымі ўмовамі з’яўляецца сітуацыя дысбалансу паміж выклікамі і падтрымкай: калі выклікаў значна больш, чым падтрымкі (рэсурсу).
Патлумачу на вашым прыкладзе — сітуацыі эміграцыі. Сям’я пераехала — і дзіця, натуральна, страціла, прынамсі, частку сяброў, а таксама кантакты з бабуляй і дзядулем. Падтрымкі, рэсурсаў у яго стала відавочна менш.
Але калі дзіця працягвае ў сваю асалоду займацца нейкім відам творчасці, калі ў яго з’явіліся новыя сябры, і бацькі бавяць з ім час (а не толькі працуюць, каб забяспечыць выжыванне сям’і), то адбываецца пэўная кампенсацыя страчанага рэсурсу.
Цяпер пра тое, што з’яўляецца выклікамі. Зноў жа патлумачу на прыкладзе сітуацыі эміграцыі: пайсці ў новую школу, дзе размаўляюць на іншай мове, — гэта, безумоўна, выклік. Але для дзіцяці 5-6 гадоў, якое адносна лёгка адаптуецца і для якога больш важныя стасункі з бацькамі, гэта не грандыёзны выклік. А для падлетка 14-15 гадоў — гэта нашмат больш складаны выклік, бо ў такім узросце важна, напрыклад, як ты выглядаеш у вачах аднагодкаў («Як я буду выглядаць, калі я размаўляю на новай для мяне мове горш, чым аднакласнкі?»).
Больш універсальныя выклікі — калі дзіця заходзіць у новыя для сябе тэмы (напрыклад, у вучобе), калі асоба дзіцяці пачынае падаўляцца (скажам, з боку настаўніка), калі ўмовы абмяжоўваюць жаданні, самаідэнтыфікацыю і самавыяўленне дзіцяці і інш.
Калі вы як бацькі бачыце, што ўтвараецца дысбаланс, колькасць выклікаў расце, то пытанне да вас, ці можаце вы даць дзіцяці дастатковую рэсурсную падтрымку, каб яно само змагло пераадолець гэтыя выклікі.
Пазбягаць выклікаў не трэба, трэба даваць дзіцяці рэсурс, каб яно змагло іх прыняць і пераадолець.
— Унутраны стан бацькоў — гэта таксама выклік для дзіцяці ці не?
— Стан бацькоў можа быць для дзіцяці выклікам, а можа быць вызначаны і як страта рэсурсу. Напрыклад, калі бацькі ў выгаранні, шмат працуюць дзеля забеспячэння выжывання сям’і, але дзіця бачыць, што яны пра яго клапоцяцца (як могуць), то гэта для яго не выклік, а скарачэнне рэсурсу, што таксама парушае баланс выклікаў і падтрымкі.
Больш складаная сітуацыя, калі бацькі пасля сутыкнення са сваімі выклікамі пераносяць негатыўную эмацыйную рэакцыю на сям’ю. Гэта ўжо не толькі страта рэсурсу, але і выклік для дзіцяці: яно не толькі траціць падтрымку з боку бацькоў, але яшчэ вымушанае спраўляцца з новай сітуацыяй.
Таму курс «Свядомае бацькоўства ва ўмовах няпэўнасці» з гэтага і пачынаецца:
калі вы, бацькі, жадаеце палепшыць умовы для свайго дзіцяці, вам трэба спачатку разабрацца са сваім станам. Калі вы «не ў рэсурсе», то наўрад ці зможаце змяніць сітуацыю да лепшага.
Дзіця вучыцца не таму, што кажуць бацькі, а таму, што яны робяць — інакш кажучы, здымае мадэль паводзінаў. Калі вы выгаралі і кажаце «трэба клапаціцца пра свой стан», то дзіця возьме за прыклад не вашы правільныя словы, а вашы паводзіны.
Хочаце стварыць умовы для развіцця дзіцяці — паклапаціцеся пра сябе. Калі вы стомленыя прыйшлі дамоў, то не кідайцеся адразу надаваць увагу дзіцяці, а паспрабуйце аднавіць свае сілы, каб прыйсці да яго ў добрым эмацыйным стане.
Я сутыкаўся з сітуацыямі, калі ў некаторых такі падыход выклікаў непаразуменне: «У мяне пачуццё віны праз тое, што я шмат працаваў, а дзіця мяне чакала». Але трэба зразумець: калі вы 15-20 хвілін выдзеліце сабе, то няхай ваша дзіця і пачакае трошкі больш, але затое атрымае маці ці бацьку, якія будуць у стане нешта яму даць.
— Не ведаю, наколькі дарэчным тут будзе такое параўнанне — у самалёце перад палётам пасажыраў інструктуюць: у выпадку чаго спачатку маскі павінны надзець бацькі, а ўжо затым яны павінны паклапаціцца пра дзяцей, толькі так усе змогуць выратавацца.
— Добрая метафара, я яе таксама час ад часу выкарыстоўваю. Гэта пра тое, што я казаў: калі ў бацькоў не будзе рэсурсу, то яны не змогуць дапамагчы дзецям.
— А калі бацькі не ведаюць гэтага, якія памылкі яны дапускаюць у адносінах з дзецьмі?
— Часта здараецца, што бацькі сваё ўнутранае напружанне зрываюць на сям’і. Чалавек прыйшоў дадому і назапашаны негатыў выліў на больш слабых. Не таму што стомленыя на працы бацькі свядома хочуць пакрыўдзіць дзіця, проста так пабудаваны псіхалагічны працэс. Прылятае не зусім адэкватная па памерах рэакцыя: дзіця не там паставіла боты, і з іх на чыстую падлогу нацякло бруду, але яму прылятае і за гэта, і за ўвесь назапашаны за дзень негатыў.
А пасля ў бацькоў можа ўключыцца пачуццё віны, якое яны стараюцца перад дзіцём загладзіць. У выніку — эмацыйныя арэлі з негатыўнымі вынікамі. Напрыклад, дзіця можа ўзяць на ўзбраенне тактыку маніпулявання ці проста пазбягаць кантакту з бацькамі.
Бацькі могуць упадаць у розныя крайнасці: ад «мне цяпер не да цябе» да «ўсё для цябе». У першым выпадку страчваецца кантакт, у другім — узнікае сітуацыя самаахвяравання, што таксама дрэнна. Чаму? Таму што дзіця можа стаць ці спажыўцом ахвяравання, ці зняць гэтую мадэль паводзін — і тады, стаўшы дарослым, таксама толькі ахвяраваць, што наўрад ці зробіць яго шчаслівым.
— Як наладзіць кантакт з дзіцём? Вось ён маленькі, паслухмяны, усім больш-менш задаволены, а вось ён ужо падлетак, які раптам пачынае паводзіць сябе незразумела, дзесьці нават агрэсіўна.
— Варта разумець, што многія моманты могуць усяго толькі адлюстроўваць выклікі развіцця. Дзеці ўвесь час тэстуюць жыццё навокал, спрабуюць зразумець, што яно з сябе ўяўляе: што магчыма і што не, што бяспечна і што не, што «пракоціць» і што не. Гэта адбываецца ўвесь час.
З узростам толькі змяняюцца прыярытэты. Спачатку амаль уся ўвага на бацькоў, пасля дзеці заўважаюць іншых дарослых, пасля заўважаюць аднагодкаў, а ў падлеткавым узросце адбываецца абясцэньванне дарослых і пошук сваёй ідэнтычнасці, узнікае цікавасць да інтымных адносін і г.д. То-бок пастаянна адбываюцца змены, і, калі дзіця паводзіць сябе неяк па-іншаму, гэта яшчэ не значыць, што з ім здарылася нешта дрэннае.
Для бацькоў сэнс хутчэй не ў тым, як сітуатыўна рэагаваць, а як правільна разумець паводзіны дзяцей і як з улікам гэтага будаваць свае адносіны з дзіцём, улічваючы стратэгічныя мэты-адказнасці бацькоў.
Адна з такіх галоўных адказнасцяў бацькоў — забяспечваць дзецям не толькі бяспеку, але і ўмовы для развіцця самастойнасці. Скажам, учора дзіця ела толькі прыгатаваную ежу, а сёння само спрабуе зварыць макароны. А гэта ўжо можа быць некаторым бацькам нязручна: бо макароны ці мука па ўсёй кухні раскіданыя, трэба прыбіраць. Узнікае рызыка, што рашэнні бацькоў, накіраваныя на захаванне зручнасці, могуць абмяжоўваць развіццё дзіцяці.
Для бацькоў вельмі важна навучыцца дыягнаставаць, пра што сведчаць паводзіны дзіцяці. Яго дзеянні — гэта пошукі самастойнасці (прыкмета развіцця) ці гэта яго пратэст, маніпуляцыя і нешта іншае? А можа, эмацыйная рэакцыя дзіцяці выкліканая проста тым, што яно пачынае хварэць? Ці нейкімі іншымі чыннікамі...
Чыннікі могуць вельмі рознымі. Як і інструменты, як спраўляцца з рознымі сітуацыямі: на курсе мы будзем падрабязна іх разбіраць. Дзесьці трэба выпрацоўваць дамоўленасці, дзесьці дзіцяці трэба даць магчымасць зрабіць памылку і атрымаць непаспяховы досвед, дзесьці трэба правесці выразныя межы — асабліва калі гэта закранае бяспеку дзіцяці і іншых людзей ці мае доўгатэрміновыя наступствы.
Зразумелы прыклад, звязаны з вучобай: дзіця 6-8 гадоў не можа ацаніць, наколькі яму будуць карысныя веды ў 18-20 гадоў, навошта яму траціць час не на гульні, а на школьныя прадметы. Таму гэта адказнасць бацькоў выбудаваць сістэму.
• Арганізаваць бяспеку дзіцяці;
• Зрабіць так, каб дзіця вырасла ў незалежнага дарослага, які зможа самастойна жыць, калі бацькоў не стане;
• Сваім прыкладам прадэманстраваць, як быць шчаслівым у жыцці. Навучыць гэтаму наўрад ці магчыма, можна толькі паказаць сваім прыкладам;
• І выдзяляць дзецям час, калі вы на 100% сфакусаваныя на кантакце з імі. Быць разам з дзецьмі — гэта не азначае бавіць з імі шмат часу. Значна больш істотная якасць блізкасці, а не колькасць часу разам.
Некаторыя бацькі фізічна знаходзяцца разам з дзецьмі, але насамрэч адсутнічаць: сядзяць у тэлефоне ці абдумваюць працоўныя пытанні. Дзеці гэта адчуваюць, і такі разам праведзены час не дае ім адчування блізкасці. А гэта ўплывае на рэсурс і самавызначэнне дзяцей у будучыні.
Больш ведаў і практычных парадаў вы можаце атрымаць на бясплатным анлайн-курсе «Свядомае бацькоўства ва ўмовах няпэўнасці» ад адукацыйнага хаба «Нацыя Лідараў».
Рэгістрацыя: 2-15 лютага
Антон Навумчык, budzma.org
Здымкі з архіва Васіля Проня