А вы елі калі-небудзь ракаў? Калі не, то варта абавязкова пакаштаваць. Каб іх здабыць узімку, нашыя продкі ныралі ў ледзяныя палонкі. Цяпер ракаў можна проста набыць у краме, прыгатаваць з іх смачную страву і пачаставаць ласункам сяброў. Чаму людзі гінулі за ракаў і як іх смачна прыгатаваць, распавядаем у артыкуле.
Ракаў елі вельмі здаўна. Іх збіралі на берагах вадаёмаў, варылі ці смажылі на вогнішчы, прадзеўшы на палачку. З часам спосабы прыгатавання ракаў удасканальваліся, іх варылі ўжо ў булёне ці піве на зеляніне і розных прынадах. Ракаў елі як простыя людзі, так і заможныя. Мяса ракаў дадавалі ў халаднік. Але найсмачнейшы спосаб прыгатавання — ракі ў сметанковым соусе. Гэтая страва была сапраўдным далікатэсам на сталах заможнай шляхты і магнатаў.
Чытайце яшчэ:
«Літоўскі халаднік» у летнюю спёку. Гатуем з «Будзьма!»
Улетку ракаў мог налавіць кожны, хто не лянаваўся, а вось узімку, калі вадаёмы пакрываліся лёдам, здабыць іх было амаль немагчыма. Заможная шляхта і магнаты плацілі вялікія грошы простым людзям, каб тыя прарубалі палонкі і ў жудасны мароз ныралі ў ледзяную ваду за ракамі. Шмат людзей замярзалі насмерць, здабываючы ракаў узімку.
Ракаў трэба добра прамыць, потым выдаліць стрававод. Для гэтага трымайце іх за сярэдні плаўнік на хвасце, паварочвайце яго ўлева і ўправа, потым цягніце. Без стрававода мяса нашмат смачней.
У ваду пакладзіце зялёную цыбулю, кроп, перац гарошкам і добра пасаліце. Мяса хаваецца пад цвёрдым хіцінам, таму перасаліць яго складана. Калі булён закіпіць, кідайце туды ракаў і варыце 10 хвілін. Дайце ім астынуць у гэтым булёне, няхай водар прынадаў і соль крыху насыцяць ракаў.
Пакуль ракі астываюць, насячыце зялёную цыбулю і кроп, нарэжце сярэднімі кавалкамі пару зубкоў часнаку — яны растушацца ў вяршках і нададуць асаблівы смак і водар страве.
Калі ракі асытнуць, разагрэйце алей на патэльні і закіньце іх туды. Прасмажыць трэба літаральна хвілінку, каб алей увабраў у сябе пах ракавага хіціну. Затым наліце вяршкі і дадайце часнок, пастаянна памешваючы страву. Калі з’явіліся бурбалкі, то можна дадаваць зеляніну, соль і перац — па смаку. Пратушыць 5 хвілін такім чынам, не забываючы памешваць, а затым даць крыху астынуць у соусе.
Ракаў выкласці ў посуд і паліць зверху сметанковым соусам. Запіваць такую страву смачна квасам.
Чытайце яшчэ:
Хлебны квас, узвар з чарэшні і клубнічна-вяршковы кактэйль. Гатуем смачныя летнія напоі разам з «Будзьма!»
Лайфхак ад «Будзьма» — калі вы не аматар ракаў, можаце прыгатаваць такую страву з крэветкамі Ачысціце іх і, папярэдне не адварваючы, патушыце ў сметанковым соусе.
Смачна есці!
Нам спатрэбіцца:
Ракі — 500 грамаў
Вада — 2 літры
Вяршкі — 200 мілілітраў
Зялёная цыбуля — два пукі
Кроп — два пукі
Часнок — 5 зубкоў
Перац гарошкам — 20-25 пярчынак
Перац молаты і соль — па смаку
Больш рэцэптаў серыі «Гатуем з "Будзьма"» глядзіце тут.