Пасля публікацыі пра жаданне пазбавіць руіны касцёла ў Язвінах ахоўнага статусу мясцовыя ўлады заяўлялі, што гэта ўсё фэйк. Аднак новыя звесткі паказваюць, што гэта мэтанакіраваная палітыка, якая праводзіцца па ўсёй вобласці, піша «Наша Ніва».
Сядзіба Пузынаў у Грымячы Камянецкага раёна. Фота: Виртуальный Брест
Цяпер мясцовыя ўлады шукаюць тых, хто дапаможа ім абгрунтаваць, чаму трэба пазбавіць аховы частку сядзібы князёў Пузынаў у Грымячы Камянецкага раёна.
Дакумент, які рассылаюць мясцовыя органы, апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына». У ім у праектных арганізацый і спецыялістаў просяць даць інфармацыю пра цану на падрыхтоўку навуковага заключэння пра тое, што немагчыма навукова абгрунтавана аднавіць аб’екты на тэрыторыі Грымяцкай сядзібы.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра тры гаспадарчыя сядзібныя пабудовы, каменную агароджу і брукаванку, якая вядзе да сядзібы.
Ліст, які рассылаецца па праектных арганізацыях ад выканкамаўскага Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Камянецкага раёна. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Фармулёўка аб «немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці» сустракаецца ў Кодэксе аб культуры ўсяго раз — у артыкуле пра пазбаўленне ахоўнага статусу.
Адказ на запыт патрабуюць ад арганізацый даць да 27 ліпеня, а таксама паведаміць, ці будуць тыя ўдзельнічаць у наступнай дзяржаўнай закупцы. Ад тых, хто не збіраецца ўдзельнічаць у гэтай нядобрасумленнай справе — патрабуюць даць тлумачэнне прычыны.
Сядзіба ў Грымячы ў складзе мураванага палаца, парку і гаспадарчых пабудоў была ў 1980-я гады ўнесена ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны пералік аб’ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы. У 2002 годзе сядзіба ў тым жа складзе была перанесена ў новаствораны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, атрымаўшы статус помніка рэспубліканскага значэння.
Праект зон аховы з абазначанымі рэшткамі гаспадарчых пабудоў і бутавай агароджы як каштоўных частак сядзібы
У 2014 годзе быў зацверджаны праект зон аховы, у якім былі абазначаны чатыры гаспадарчыя пабудовы і рэшткі каменнай агароджы як тое, што ахоўваецца нароўні з палацам і паркам. Іх знос забаронены.
У 2022 годзе ў межах пастаяннага працэсу ўдакладнення Дзяржаўнага спісу, які праводзіцца Міністэрствам культуры, быў зменены склад сядзібы ў Грымячы: з’явілася ўдакладненне пра колькасць гаспадарчых пабудоў, а таксама ўключаны фрагменты агароджы і брукаванкі.
Паколькі гэта помнік рэспубліканскага значэння, такія змены мусілі разглядацца і зацвярджацца адмысловай Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай, якая палічыла абгрунтаваным дапоўніць Дзяржаўны спіс гэтымі аб’ектамі.
Рэшткі сыраварні пры Грымяцкай сядзібе. Фота: Глобус Беларусі
Дакладных звестак аб заснаванні сядзібы ў пісьмовых крыніцах няма. Даследчык садова-паркавага мастацтва Анатоль Федарук лічыць, што сядзібу заснавалі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя прадстаўнікі роду Віслоцкіх, але архітэктурныя асаблівасці сядзібнага дома дазваляюць сцвярджаць, што ён быў закладзены пазней, у другой палове стагоддзя, калі Грымячай валодаў княжацкі род Пузынаў, які выводзіў сваё паходжанне ад Рурыкавічаў.
Рэшткі адной з гаспадарчых пабудоў сядзібы, складзенай з бутавага каменю. Фота: Глобус Беларусі
Палацава-паркавы ансамбль размешчаны ў маляўнічым месцы побач з вёскай Грымяча на пагорку ў выгіне ракі Пульвы. Ансамбль сядзібы складаецца з мураванага палаца, невялікага пейзажнага парку, некалькіх гаспадарчых пабудоў.
Вядома, што ў сярэдзіне ХІХ ст. у маёнтку меўся гаспадарчы двор, дзейнічалі кузня, два заезныя двары, млынок, вадзяны і ветраны млыны, вінакурня. Якое прызначэнне мелі гаспадарчыя пабудовы, якія зберагліся да нашага часу, дакладна невядома.
Па звестках Федарука, складзены з цэглы будынак быў сыраварняй, а дзве пабудовы, складзеныя з бутавага каменю — лядоўняй і свіранам.
Сітуацыя з сядзібай у Грымячы дзіўная найперш тым, што ахоўнага статусу хочуць пазбавіць не ўсю сядзібу, а частку яе неад’емных элементаў. Можна было б падумаць, што робіцца гэта, каб спрасціць уласніку аднаўленне помніка гісторыі і культуры.
Рэшткі адной з гаспадарчых пабудоў сядзібы, складзенай з бутавага каменю. Фота: Глобус Беларусі
У 2011 годзе сядзібу выкупала брэсцкае прадпрыемства «ВэскаБел», але праз фінансавыя цяжкасці да першага этапу рэстаўрацыі, які ўключаў аднаўленне даху і мадэрнізацыю паддашкавага перакрыцця, прыступілі толькі ў снежні 2016 года. Работы па праекце, распрацаваным «Белрэстаўрацыяй», мусілі быць скончаны праз некалькі месяцаў — у пачатку сакавіка 2017 года, але не скончаныя дагэтуль.
Хутчэй за ўсё, сядзібу ў прыватнага ўласніка, праз тое, што ён не змог давесці пачатыя работы да канца, забралі назад у дзяржаўную ўласнасць. Так што калі дзяржава і хоча камусьці спрасціць жыццё, пазбавіўшы частку сядзібы аховы, то толькі сабе.
Памятаючы пра нядаўні выпадак з пошукам спецыялістаў, якія б абгрунтавалі пазбаўленне аховы руін касцёла Святога Духа ў Язвінах Драгічынскага раёна, які знаходзіцца на балансе мясцовых органаў, можна прыйсці да высновы, што гэтыя два выпадкі звязаныя.
Рамантычная брукаванка, якая вядзе ў сядзібу Пузынаў. Фота: Глобус Беларусі
Пасля розгаласу пры выключэнне касцёла з Дзяржаўнага спісу, мясцовыя ўлады заявілі, што не збіраюцца гэтага рабіць і назвалі інфармацыю пра гэта фэйкам.
Але, як даведалася «Наша Ніва», даручэнне «аптымізаваць» Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей па ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці ідзе ад кіраўніцтва аблвыканкама.
Вось ужо амаль год, са жніўня 2024 года, пасаду старшыні Брэсцкага аблвыканкама займае Пятро Пархомчык, былы міністр прамысловасці і намеснік прэм’ер-міністра, які большую частку жыцця адпрацаваў на заводзе.
У пачатку лютага 2025 года Пархомчык з працоўным візітам наведаў Камянецкі раён, у тым ліку палац Сапегаў-Патоцкіх у Высокім і сядзібу Пузынаў у Грымячы.
У дзяржаўных медыя адзначалася, што ў Грымячы ўласнік навёў парадак і прыняў першачарговыя супрацьаварыйныя меры на помніку, але аднавіць рэстаўрацыйныя працы так і не змог. Кіраўнік вобласці пастанавіў: «Захаваць — нельга страціць!»
У пачатку красавіка на тэрыторыі Грымяцкай сядзібы, да якой не было спраў шмат гадоў, мясцовыя чыноўнікі правялі суботнік. А ў канцы ліпеня ўжо пачалі пошук тых, хто абгрунтуе вывядзенне гаспадарчых пабудоў, агароджы і брукаванні сядзібы з-пад аховы.
Нельга прадказаць, ці адгукнецца нехта са спецыялістаў на такую неэтычную прапанову, але калі справа пойдзе далей, бо сябры Навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры будуць пастаўленыя ў няёмкую сітуацыю: прызнаць, што тры гады таму яны не мелі рацыі, калі самі ж дадавалі гэтыя аб’екты ў Дзяржаўны спіс.