У сённяшнім аглядзе рубрыкі «Гітара Мулявіна» распавядаем пра першы рэліз па-беларуску ад гурта «5051», зроблены супольна з рэперам Mandzik, сапраўдны музычны выбух ад гурта «Пятля Прыхільнасці» і, бадай, самы нечаканы сумесны трэк гэтага лета ад гуртоў Leibonik і NOCHY. І на дэсерт, калі яшчэ не слухалі, то абавязкова паслухайце новы сінгл ад самага знакамітага беларускага гурта за мяжой.
Маленькімі крокамі наўздагон мары
Такімі крокамі да свайго першага рэлізу па-беларуску прыйшоў гурт «5051», удзельнікі якога — тры простыя беларускія хлопцы панк-рокеры, якія, не зважаючы на перашкоды, паехалі скараць Амерыку і апынуліся ў Нью-Йорку.
Іх новы сінгл «Паслязаўтра» — гэта балада пра шэрыя будні і побытавыя праблемы, з якімі сутыкаецца кожны. У кампазіцыі мы таксама можам чуць куплет ад рэпера Мандзіка. Ён даволі ўдала закалабіўся з хлопцамі і адрэфлексаваў на тэму свайго жыцця ў замежжы, планаў на будучыню і веры ў тое, што хутка і ў Менску можна будзе «хістаць пад ягоны бас». Атрымалася класнае спалучэнне жанраў, дзе кожны збалансавана распавёў сваю гісторыю, згодна лейтматыву.
Трэк дае надзею на светлую будучыню, якая, згодна прадказанням музыкаў, павінна прыйсці недзе паслязаўтра.
Куды ляціць мой кожны квант
Адзін з самых уплывовых пост-панк гуртоў краіны выдаў другі сінгл па-беларуску. Я пра «Пятлю Прыхільнасці» з іх новай песняй «Квант».
Адразу хацеў бы адзначыць рознасць гучання, у параўнанні з першым трэкам «Жыццё як жах». Там кампазіцыя адыгрываецца на мажорным гучанні, а тут, цалкам мінорная кампазіцыя, інструментал у якой перадае атмасферу трывогі і безвыходнасці свайго галоўнага героя. Вясёлыя танцы і самаіронія саступілі месца змроку і бессэнсоўнасці, а сам тэкст, калі ўважліва паслухаць яго некалькі разоў, здольны зацягнуць у метафарычную багну, з якой сам чорт бы не выцягнуў. Верагодна, такім чынам музыкі перадаюць сучасны настрой беларускага грамадства, бо як вядома, Пятля заўсёды добра ўмела рэзаніраваць з беларускім кантэкстам, часам нават у паэтычнай форме прадказваючы тыя ці іншыя падзеі.
Які ў нас курс? Па што ідзеш воўча?
Бадай, самы нечаканы сумесны трэк гэтага лета выпусцілі гурт Liebonik і гурт NOCHY. Сінгл «Бяда» — гэта яркі прыклад таго, як можна спалучыць танцавальны біт з эмацыйнай глыбінёй тэксту і шалёнай музычнай энергетыкай.
Песня пачынаецца з самага звычайнага сэмпла дуды, што задае драматычны тон, які падтрымліваецца ў кампазіцыі да самага канца. Лірыка закранае сацыяльныя тэмы, але галоўныя героі ўсё роўна намагаюцца танчыць, хоць і вакол бяда.
Вакал Сяргея Башлыкевіча (Leibonik) рэжа сваім шэптам і надае песні асаблівую шчырасць, моц, а месцамі, сакральнасць, прымушаючы прыслухоўвацца і раздумваць над радкамі.
«Бяда» — гэта не проста песня, а паўнавартаснае мастацкае выказванне, здольнае знайсці водгук у сэрцах слухачоў. А яшчэ, ладны трэк на патанчыць.
6 хвілін асалоды
Калі быць дакладным, то 6:07. І гэта новы трэк «Сон» ад беларускага сусветна вядомага гурта Molchat Doma. Ад хлопцаў даўно не было новага музычнага матэрыялу, а таму ўсе, хто хоць крыху цікавіцца іх творчасцю, цёпла прынялі дадзены сінгл.
Разам з кампазіцыяй, выйшаў і кліп, дзе ў лепшых традыцыях Дэвіда Лінча, абыгрываецца такая з’ява як сон. Сапраўды чароўныя кадры, дапамагаюць лепш зразумець матыў песні і адчуць кожную ноту, якая паступова раскрываецца з кожнай секундай, дадаючы відэашэрагу яшчэ больш стылю.
Шчыра кажучы, у плане інструменталаў гурт не адыходзіць ад свайго кананічнага гучання, аднак развіваецца не вертыкальна, а гарызантальна, робячы гітарныя партыі больш разнастайнымі, глыбокімі, шчыльнымі.
Гэтым сінглам гурт няблага падагрэў цікавасць да свайго новага альбому, які павінен выйсці гэтай восенню. Пасля такой кампазіцыі і тым больш, відэакліпа, хочацца задаць толькі адно пытанне: наколькі моцна цяпер вы жадаеце пачуць альбом?
Хатні Томпсан, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Юрый Стыльскі: «Што рабіць людзям, калі кіраўнік звар’яцеў?»