Школьная рэформа ў Вільні можа прывесці да закрыцця беларускай гімназіі

Віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас унёс на разгляд Віленскай рады рашэнне аб тым, каб дзеці зноў прыбываючых замежнікаў прымаліся толькі ў школы з навучаннем на літоўскай мове, пачынаючы з пачатковай адукацыі. Гэта можа прывесці да закрыцця адзінай у літоўскай сталіцы беларускамоўнай гімназіі імя Францішка Скарыны.

Vilenskaja himnazija imia Franciška Skaryny
Віленская гімназія імя Францішка Скарыны. Фота: skorinosgimnazija.lt

«Даследаванні і практыка паказваюць: менавіта ў пачатковых класах мова асвойваецца хутчэй за ўсё. У той жа час высокая канцэнтрацыя прыезджых у школах з рускай мовай навучання ўскладняе магчымасці паляпшэння вынікаў па літоўскай мове — на гэта ўказваюць і самі школы», — напісаў літоўскі палітык у сваім блогу ў Facebook.

На думку Вітаўтаса Міталаса, сістэма інтэграцыі буксуе.

«Аднак праблема яшчэ глыбейшая — наша міграцыйная палітыка больш не адаптаваная да бягучай сітуацыі. Міграцыя не можа быць працэсам, які «проста адбываецца». Мы абавязаныя ёю кіраваць», — лічыць ён.

Віцэ-мэр Вільні ўпэўнены, што калі мігрант прымае рашэнне застацца, ён павінен выконваць дакладныя інтэграцыйныя абавязальніцтвы, асновай якіх з’яўляецца мова.

«За апошнія гады ў Вільні было зроблена шмат для ўмацавання вывучэння літоўскай мовы: скарачаецца колькасць дзіцячых садоўскіх груп з навучаннем на рускай мове, уводзіцца двухмоўнае навучанне, усё больш школ выкладаюць прадметы на літоўскай мове, павялічваюць колькасць урокаў літоўскай мовы ці адкрываюць класы з навучаннем на літоўскай мове.

Я вельмі ганаруся школамі, якія пры адсутнасці падтрымкі дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі смела бяруцца за пераўтварэнні. Таму я заклікаю віленскія школы з навучаннем на рускай мове замацаваць літоўскую мову ў сваіх статутах і паказаць, як можна сумясціць якасную адукацыю, інтэграцыю і захаванне роднай мовы», — напісаў Вітаўтас Міталас.

Калі рашэнне ўладамі Вільні будзе прынятае, пад пагрозай апынецца праца адзінай у літоўскай сталіцы беларускамоўнай гімназіі імя Францішка Скарыны. Такое меркаванне Reform.news выказалі бацькі дзяцей, якія вучацца ў беларускамоўнай навучальнай установе.

«Калі прымуць рашэнне, беларусам, якія прыехалі — не маюць грамадзянства, забараняць ісці ў Скарынаўку», — лічыць беларус, які папрасіў не называць свайго імя.

Да 2020 гімназія паступова ператваралася ў навучальную ўстанову, дзе беларусы ўжо не вучыліся, а беларускую мову амаль не выкарыстоўвалі. Новая палітычная хваля беларусаў-мігрантаў прывяла да таго, што ў гімназію прыйшлі беларускія дзеці, якія хацелі вучыцца па-беларуску.

«Нарэшце, дастаткова беларусаў у Літве. Нарэшце пачала вяртацца беларуская ў Скарынаўку. Давучацца тыя, хто ўжо там, і ўсё», — наракае наш суразмоўца.

Ён лічыць, што беларусы не з’яўляюцца пагрозай для Літвы, а беларускамоўныя беларусы толькі ўмацуюць яе бяспеку.

«Але трэба даваць беларусам магчымасць захоўваць сваю мову ў момант, калі, нарэшце, яны ды яе павярнуліся. Гэта спрыяе бяспецы і Літвы ў рэшце рэшт», — упэўнены бацька дзяцей, якія ходзяць у «Скарынаўку».

Ён мяркуе, што Літва не павінна беларусам забараняць вучыцца на сваёй роднай мове.

«Маем адзіную ў свеце школу такую за межамі Беларусі. І ў момант беспрэцэдэнтнай сітуацыі ўнутры Беларусі пазбавіць беларусаў магчымасці вучыцца на сваёй мове?» — задаў ён рытарычнае пытанне.

У каментарах да свайго паведамлення віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас адзначыў, што ў радзе існуюць меркаванні аб неабходнасці зрабіць выключэнне для польскай мовы як адной з моў Еўрапейскага саюза.