«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА

Аляксей Ластоўскі, беларускі навуковец і даследчык цэнтра «Палітычная сфера», вандруе па свеце ўжо каля 20 гадоў. Усе грошы ён выдаткоўвае на падарожжы, адмовіўшыся ад назапашвання на кватэру і іншага роду стабільнасці. «Нашай Ніве» Аляксей расказаў, як удаецца падтрымліваць такі тэмп жыцця і, галоўнае, — навошта?

Aliaksiej Lastoŭski
Аляксей Ластоўскі каля Гран-Каньёна ў ЗША. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Мэта — у разуменні краін

У сярэднім Аляксей Ластоўскі праводзіць дома тыдзень ці нават некалькі дзён на месяц. Яго вандроўная гісторыя пачалася яшчэ ў 2005 годзе — студэнтам аспірантуры ён паехаў на месячную стыпендыю ў Варшаву.

«Пазней ужо, калі я год жыў на стыпендыі ў Браціславе, то пачаў больш інтэнсіўна цікавіцца музеямі. Стаў рэгулярна наведваць выставы, пісаць пра гэта ў свой фэйсбук. Так усё пайшло-паехала, падарожжы сталі саліднай часткай майго жыцця», — згадвае даследчык.

Для сябе самым цікавым у вандроўках беларус вызначыў культурную гісторыю, вывучэнне замежных грамадстваў. Таму і спосаб гэтага спазнавання адпаведны — наведванне аб’ектаў, занесеных у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Цяпер у скарбонцы Аляксея ажно 479 пунктаў, але краін не так шмат, як у іншых апантаных вандроўнікаў — 65. Кажа, што можна было б наведаць і больш гарадоў, але бывае, што ў адным месцы знаходзіцца шмат культурных цікавостак. Напрыклад, у Італіі, Германіі ці Францыі. То і ездзіць да іх даводзіцца па некалькі разоў.

«Калі я выбіраўся ў краіны накшталт Мексікі альбо Японіі, то гэта фактычна 3-4 тыдні падарожжа па адной краіне: бо ў цябе мэта — зразумець краіну, наведаць самыя галоўныя аб’екты ЮНЕСКА ў гэтай краіне, а не збіраць колькасць краін як такую», — тлумачыць ён.

Aliaksiej Lastoŭski
Аляксей у горадзе Чычэн-Іца, пабудаваным народам мая, Мексіка. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Камфортная Японія і Сірыя пры Асадзе

Па Еўропе вандроўніку ездзіць з часам стала ўжо не так цікава — мала якія рэчы могуць яго здзівіць. Адзін з любімых рэгіёнаў Аляксея — Блізкі Усход. Але і да яго ён ужо прызвычаіўся: важна толькі зразумець, як працуюць мусульманскія грамадствы і як там трэба сябе паводзіць.

«Зараз гэта рэгіён вельмі складаны, таму што там пастаянныя канфлікты, войны. Але гэта насамрэч тое, што западае ў душу, бо там настолькі багатая культурная гісторыя...

Калі глядзіш на тое, у якім цяжкім стане жывуць гэтыя грамадствы, то гэта выклікае вялікую эмпатыю да людзей, якія змушаныя прабівацца праз тую вельмі складаную актуальную палітычна-грамадскую сітуацыю».

Horad Aliepa ŭ Siryi
Горад Алепа ў Сірыі. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Нядаўна навуковец вярнуўся з Японіі. Там яму спадабалася — знаходзіцца ў краіне камфортна, людзі прыязныя, а на вуліцах адчуваеш сябе ў бяспецы. Цэны, кажа Аляксей, параўнальныя з еўрапейскімі: абед каштаваў прыблізна столькі ж, колькі ў Літве. Трэба было толькі перажыць першасны турыстычны шок — праз заблытаную сістэму транспарту і іерогліфаў.

У любой вандроўцы Аляксей спрабуе адшукаць гісторыі, звязаныя з нашым рэгіёнам. Так атрымалася і з Японіяй, дзе ў Цуруге ён даведаўся пра лёс яўрэйскіх бежанцаў, якім у Коўне выдаваў японскія візы консул Сугіхара, у гонар якога цяпер у Літве названыя вуліцы і сад сакур.

«Для мяне было адкрыццём, што яўрэйскіх бежанцаў на месцы ў Японіі прымалі ўжо польскі консул Тадэвуш Ромер і яго жонка — Зоф’я, з мінскіх Ваньковічаў», — дадае ён.

Chram Icukusima ŭ Japonii
Храм Іцукусіма ў Японіі. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

У Нагасакі навуковец даведаўся, што ў міжваенны час там актыўна дзейнічалі місіянеры-хрысціяне — манахі, якія прыехалі з Гродзенскага францішканскага кляштара. Японцы дагэтуль ушаноўваюць памяць брата Зянона, а айцец Кольбэ (ксёндз з Польшчы, доктар філасофіі і тэалогіі, які служыў у Гродзенскім кляштары і загінуў у Аўшвіцы — НН) — пазней быў кананізаваны.

«Асобную вандроўку ў Японію давядзецца ажыццявіць яшчэ на Хакайда, дзе працаваў Іосіф Гашкевіч — консул Расійскай Імперыі, ураджэнец Мінскай губерні і адзін з першых замежнікаў, хто наведаў унутраную Японію».

Беларуская мова на канцы свету

Запомнілася Аляксею і вандроўка ў Аргенціну. Там ён дабраўся да самага паўднёвага горада свету — Ушуая, адкуль адыходзяць караблі да Антарктыды.

«Само адчуванне, што ты знаходзішся на краю свету, цывілізацыі, яно ўражвае. Побач — леднікі, пінгвіны. Гэта ўсё стварае такі спецыфічны антураж», — апісвае ўражанні вандроўнік.

Там жа ён заўважыў кавярню з марозівам, дзе назва была напісана ў тым ліку і па-беларуску. «Радзіма нават на канцы свету цябе не адпускае», — жартуе Аляксей.

Kaviarnia ŭ arhiencinskim Ušuajja z bielaruskim slovam «maroziva» na ŭvachodzie
Кавярня ў аргенцінскім Ушуайя з беларускім словам «марозіва» на ўваходзе. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Яшчэ адно экзатычнае падарожжа — у Сірыю часоў Башара Асада. Эмацыйна Аляксею яно далося цяжка.

«Разумееш боль людзей, якія проста жывуць на гэтай зямлі і пастаянна змушаныя сутыкацца з ваеннымі дзеяннямі, разбурэннямі дамоў. Як яны жывуць у гэтых абставінах».

Хацелася беларусу патрапіць у Ізраіль і Ірак. У першую краіну нават быў ужо запланаваны візіт, але ўсё скасавала эпідэмія кавіду. Дагэтуль не ўдалося пазнаёміцца з Індыяй і Афрыкай (цэнтральнай і паўднёвай яе часткамі) — візіты туды вандроўнік адкладвае.

У кастрычніку 2020 года Аляксей меў нетыповае падарожжа ў Егіпет — славутасці, якія звычайна забіты натоўпамі турыстаў, ён пабачыў у адзіноце. Прыляцець у краіну, калі яна толькі пачала адкрывацца пасля каранавіруса, навукоўцу параілі сябры-егіптолагі.

«Вельмі дзіўныя адчуванні, калі ты адзін знаходзішся ў мясцінах, дзе звычайна натоўпы і не прабіцца. Залазіш у піраміду — і знаходзішся ва ўнутранай камеры адзін. Гэта такое адчуванне дзіўнасці гэтага свету — яно таксама мне запомнілася.

Aliaksiej Lastoŭski
Каля аднаго з храмаў у Абу-Сімбел на поўдні Егіпта, Нубія. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Да далёкіх пунктаў — з кампаніяй

У падарожжах Аляксей звычайна не шукае раптоўных размоў з мясцовымі. Кажа, яму больш камфортна спазнаваць краіну праз музеі, культурныя артэфакты.

Паразумецца ў побытавых пытаннях амаль паўсюль яму ўдаецца на англійскай мове, але складанасці бываюць у Паўднёвай Амерыцы ці Кітаі. Тады на дапамогу прыходзіў Google Translate і некалькі завучаных на іспанскай мове фраз.

Aliaksiej Lastoŭski
Аляксей каля «Залатых варотаў» у Сан-Францыска. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Каб адправіцца ў далёкую краіну, кажа Аляксей, лепей адшукаць сабе кампанію — людзей, якія падзеляць з табой затраты на жыллё і дарогу. Бо часам да мясцін можна дабрацца толькі на таксі ці заказаўшы спецыяльны тур. У такім разе ён звычайна едзе з сябрамі, якія таксама цікавяцца культурнай гісторыяй.

Але існуе і вялікая супольнасць вандроўнікаў да аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Выглядае гэта аб’яднанне як форум — сайт, дзе кожны можна напісаць свой водгук пра нейкі аб’ект і пачытаць уражанні іншых людзей. Праз гэта кам’юніці беларус даведаўся пра людзей, якія наведалі і па тысячы розных аб’ектаў.

Эмігранцкія складанасці і жыццё ў пастаяннай вандроўцы

Зараз вандроўнік сутыкаецца з цяжкасцямі — у родным беларускім пашпарце скончыліся старонкі, а абнавіць яго магчымасці няма, трэба ехаць у краіну. Апошнюю сваю візу беларус рабіў у ЗША — японскую.

Nacyjanaĺny muziej amierykanskich indziejcaŭ u Ńju-Jorku
Нацыянальны музей амерыканскіх індзейцаў у Нью-Ёрку. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Скарыстацца літоўскім трэвэл-дакументам для таго не дазволілі, але прапанавалі электронную візу, якую Японія для беларусаў звычайна не робіць. Атрымліваецца, што цяпер Аляксей можа наведваць краіны толькі ў межах шэнгенскай зоны.

Зараз немагчымасць наведаць небяспечную для беларусаў краіну, якія могуць выдаць Беларусі палітэмігрантаў, — дадатковы фактар у абмежаваных вандроўках. Але Аляксей адносна спакойна да гэтага ставіцца:

«У Беларусі жыў з 2020 года з пастаянным адчуваннем, што па цябе могуць прыйсці, арыштаваць. І ты ўжо спакайней ставішся да гэтых рэчаў, фаталістычна, можна сказаць. Хаця ў мяне ў любым выпадку зараз больш няма опцый — у сілу сваіх дакументаў я проста не магу выехаць за межы Еўрасаюза».

Падарожжы Аляксей сумяшчае з дыстанцыйнай працай даследчыка. Упэўнены, у яго ўдаецца, каб і навуковая, і вандроўніцкая дзейнасць дапамагалі адна адной. Што праўда, даводзіцца шмат планаваць наперад — у кожнай краіне закладваць час, які правядзеш за камп’ютарам.

У Беларусі мужчына шмат гадоў жыў у інтэрнаце Акадэміі навук і значную частку сродкаў выдаткоўваў на падарожжы. Разведзены, ён вырашыў не займацца, напрыклад, будаўніцтвам свайго дома. І гледзячы на тое, як цяпер у палітычных эмігрантаў канфіскоўваюць кватэры, не шкадуе.

«У маім выпадку проста нічога за сваёй спінай я не пакінуў апроч бібліятэкі, пра што да гэтага часу моцна перажываю. Для мяне гэта асноўная страта ў сітуацыі эміграцыі».

Aliaksiej Lastoŭski
Аляксей у сан-францыскай кнігарні «Глобус», дзе прадаюць беларускія кнігі. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

З ад’ездам з Беларусі вандровак у жыцці навукоўца пабольшала. Кажа, што калі «ты і так пазбаўлены дома — усё жыццё пераўтвараецца ў пастаянную вандроўку».

«Мне досыць лёгка перажылося тое, што я выехаў з Беларусі. Паколькі ты ўжо звыклы, што ў цябе за спінай толькі заплечнік і ты ў дарозе, то ў гэтым плане мала што змянілася.

Але з часам я адчуваю ўсё большую трывогу пра адсутнасць радзімы, падтрымкі, месца, куды можна вярнуцца. Гэта адбіваецца цяжкім грузам, кладзецца на свядомасць, таму што пачынаеш думаць пра сэнс свайго існавання — навошта ты нешта робіш, думаеш, пішаш. (...)

Пастаянная вандроўка вымушае пакідаць нейкія цяжкія пытанні за спінай, не задумвацца і такім чынам псіхалагічна не ламацца. (...)

Мой досвед не вельмі пераймальны, гэта насамрэч складана — ты шмат чаго адракаешся. Адракаешся стабільнасці, пачуцця гнязда. Гэта шлях адзіночкі. Але я абраў такі шлях, мне вельмі цяжка з яго ўжо збочыць».