На тэрыторыі Браслаўскага раёна знаходзяцца дзясяткі помнікаў архітэктуры і археалогіі, з пакалення ў пакаленне перадаюцца рэцэпты мясцовых страваў, распрацаваныя цікавыя экскурсіі па славутых мясцінах, ды наогул унікальны ландшафт Браслаўшчыны варты асаблівай увагі. Выданне «Браслаўская зорка» распавядае пра турыстычны патэнцыял Браслаўскага раёна. Запрашаем у віртуальнае культурна-пазнавальнае падарожжа па раёне.
Музеі: захоўваючы спадчыну рэгіёна
Найбольш поўная інфармацыя аб Браслаўскім краі сабрана ў Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў.
У будынку гісторыка-краязнаўчага музея па вуліцы Энгельса, які, дарэчы, сам па сабе з’яўляецца цікавым аб’ектам архітэктуры з багатай гісторыяй, для наведвальнікаў прадстаўлена некалькі экспазіцыйных залаў. Тут прадстаўлены матэрыялы даследаванняў помнікаў часоў неаліту, жалезнага веку, перыяду Полацкага княства, ВКЛ і г. д. Шматлікія экспанаты лчацца рэдкімі і ўнікальнымі.
Падчас экскурсіі па музеі можна даведацца пра землякоў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё Браслаўшчыны. Вялікая частка экспазіцыі прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Цікавым з’яўляецца і этнаграфічны аддзел з інтэр’ерам сялянскай хаты канца ХIХ — пачатку ХХ стст., а таксама вітрыны з побытавымі і антыкварнымі прадметамі.
Паглыбіцца ў свет народных рамёстваў можна ў музеі традыцыйнай культуры, што месціцца на беразе возера Дрывяты ў будынку былога млына, — дарэчы, таксама помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. У музеі ёсць нават фотаздымкі, якія адлюстроўваюць яго ўласную гісторыю. У залах установы прадстаўлены экспанаты з тэматычных калекцый, якія ўвасабляюць традыцыі народнай культуры рэгіёну. Напрыклад, ёсць комплекс, прысвечаны пляценню: ён змяшчае старажытныя прыстасаванні для гэтай справы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопкаў, а таксама вырабы вядомых майстроў пляцення Браслаўшчыны. На верхнім паверсе адноўлена ткацкая майстэрня, дзе побач з кроснамі можна ўбачыць розныя вырабы з лёну, воўны і г. д. Ёсць нават сапраўдная ганчарная майстэрня. Паралельна з пастаяннай экспазіцыяй тут ладзяцца выставы, якія знаёмяць жыхароў і гасцей раёна з творчасцю майстроў, мастакоў і г. д.
Створаны цікавыя музейныя экспазіцыі і ў адукацыйных установах раёна. Напрыклад, у Друі на базе школы ўжо не адно дзесяцігоддзе існуе цікавы музей з унікальнымі экспанатамі, які апавядае пра гэты населены пункт. Тут нават ёсць аддзел, прысвечаны касманаўтыцы. Фота, асабістыя рэчы, дакументы, рарытэты для музея збіралі не адно дзесяцігоддзе мясцовыя краязнаўцы. Вынік, вядома, уражвае.
Шмат эмоцый і водгукаў застанецца і пасля наведвання музея Відзаўскага каледжа. З першых крокаў па ім складаецца ўражанне, што ты патрапляеш у іншы свет, дзе пануе гісторыя. Стваральнікі экспазіцыі не толькі падабралі ўнікальны матэрыял, звязаны з Відзамі і станаўленнем навучальнай установы, але і прадумалі кожны сантыметр памяшкання, яго дэкор, асвятленне... Тут гарантуюць не толькі атрыманне гістарычных ведаў, але і эстэтычнае задавальненне.
Гістарычныя аб'екты раёна
На тэрыторыі Браслаўскага раёна ёсць старажытныя гарадзішчы і курганы, старадаўнія сядзібы, велічныя храмы. Усе яны з’яўляюцца цікавымі аб’ектамі культурна-пазнавальнага турызму. Для знаёмства з імі распрацаваныя дзясяткі экскурсій.
Толькі помнікаў археалогіі на Браслаўшчыне больш за 20! Самы знакаміты, вядома, — Замкавая гара ў цэнтры Браслава. Гэта лепшая аглядная кропка для знаёмства з горадам: памеры гарадзішча — 200 на 100 метраў, максімальная вышыня над узроўнем азёр — 14 метраў. Невялікі шпацыр па Замкавай гары ўжо дасць першапачатковыя веды аб раёне.
Варта пабываць і на гарадзішчы Маскаўцы, размешчаным у напрамку Слабодкі. Яно знаходзіцца на беразе возера Неспіш, краявіды якога выдатна бачныя з вяршыні. Тут, дарэчы, падчас раскопак упершыню ў Беларусі былі знойдзены руніяныяя надпісы: на косткаах жывёлаў напісаныя словы, якія абазначаюць імёны і прадметы побыту. Калекцыя рун з гэтага гарадзішча — адна з самых вялікіх у Еўропе.
На тэрыторыі Браслаўскага раёна размешчана 50 нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Іх іх 19 — помнікі архітэктуры, 23 — археалогіі, 8 — гісторыі.
Зручнае для агляду і гарадзішча ў населеным пункце Замошша. Яно знаходзіцца на ўскраіне вёскі, паміж азёрамі Шылава і Замошскага. Падчас яго вывучэння выяўлена ляпная кераміка днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі. Паселішча датуецца VI ст. да н.э. э. — III ст. н. э.
Ёсць на Браслаўшчыне і шэраг памятных мясцінаў, звязаных з найважнейшымі гістарычнымі падзеямі і з жыццём выбітных асобаў. Напрыклад, Барысаў камень ХII стагоддзя ў аграгарадку Друя. У свеце захавалася толькі тры валуны з сямі, створаных па загаду полацкага князя Барыса Усяслававіча ў першай трэці XII ст. У гэтым жа населеным пункце размешчаны і парк ХVIII стагоддзя з колішніма замкам Сапегаў, перабудаваным зараз у лякарню сястрынскага догляду.
Ёсць што паглядзець і сярод помнікаў архітэктуры. Напрыклад, у Браславе — будынак былой лякарні, пабудаванай у 1906 годзе. Дарэчы, менавіта тут упершыню ў горадзе з’явіўся вадаправод. Унікальны пабудаваны з дрэва калодзежны шацёр побач з РЦК, узведзены ў 1924 — 1926 гг. На вуліцы Ленінскай размешчаны касцёл і царква. Практычна ў кожным населеным пункце раёна знаходзяцца цікавыя архітэктурныя будынкі: касцёл святога Юзафа ў в. Барадзенічы, Траецкі касцёл у аграгарадку Відзы, ансамбль былога кляштара бернардынцаў 1643 — 1646 гг. у агр. Друя, Мікалаеўская царква ў агр. Іказнь, касцёл Сэрца Езуса ў агр. Слабодка, сядзіба ў в. Відзы-Лаўчынскія і інш. Усяго ў раёне налічваецца 19 помнікаў архітэктуры.
Падарожнічаючы па Браслаўшчыне, можна зазірнуць і на ГЭС «Дружба народаў», пашукаць нямецкія ваенныя ДАПы Першай сусветнай вайны, пабываць на млыне XVIII — пач. ХІХ ст. у Зарачча і іншых цікавых месцах.
Чытаць яшчэ: 10 адметных храмаў Браслаўшчыны
Чытаць яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка першая, Частка другая, Частка трэцяя, Частка чацвёртая, Частка пятая, Частка шостая, Частка сёмая, Частка восьмая