Калі надакучыла сядзець у Мінску, душа прагне прыгодаў, а часу бракуе, «Будзьма» мае што параіць з маршрутаў і на гэты выпадак. Сёння прапануем скіравацца ў Маладзечанскі раён Мінскай вобласці да вёскі Дубрава. Тут пабачым маляўнічыя руіны касцёла пачатку ХVIIІ стагоддзя пабудовы, рэшткі маёнтка ХІХ стагоддзя з ацалелым броварам Ваньковічаў, таямнічую Дзявочую гару і шмат іншых цікавостак.
Панарама Дубрава. Фота: planetabelarus.by
Дубрава. Як дабрацца
Вёска Дубрава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца на адлегласці 50 кіламетраў ад Мінска. Са сталіцы сюды можна дабрацца як на аўто, едучы ў кірунку Маладзечна (раім праз Радашковічы, каб наведаць па дарозе яшчэ і Вязынку), так і на электрацыі. Але ў другім выпадку прыйдзецца шпацыраваць ад станцыі Дубрава да вёскі Дубрава каля 4-х кіламетраў.
Рэшткі бровара ў Дубрава. Фота: novychas.online
Дзявочая гара
Знаёмства з Дубрава варта пачаць з сакральнага месца побач з паселішчам — Дзявочай гары. Узвышаецца яна на 324 метры над узроўнем мора, што на два дзясяткі метраў ніжэй за самую высокую кропку Беларусі гару Дзяржынскую, аўтэнтычная назва якой Святая гара. Культурнага слоя на Дзявочай гары адмыслоўцамі не было выяўлена, але археолагі вынайшлі на тут шэраг, верагодна, балцкіх курганоў ХІ стагоддзя. Іх асаблівасцю з’яўляецца тое, што курганы адрозніваюцца паводле наяўнасці пахавальнага інвентара: у некаторых яго было шмат, а іншыя змяшчалі ў сабе толькі парэшткі памерлых. Наконт этнічнага паходжання мясцовага насельніцтва навукоўцы да адзінага меркавання так і не прыйшлі.
Дзявочая гара. Фота: wikimapia.org
Найбольш верагодна, шмат стагоддзяў таму Дзявочая гара мела сакральнае значэнне, бо назва яе балцкага паходжання ад deivas — боства дахрысціянскіх часоў. Калі вам пашчасціць паразмаўляць з мясцовымі старажыламі, то яны распавядуць легенды і пра вялізны валун, што некалі ляжаў на гары, які называлі Адамавым каменем, і пра дзяўчыну, якая закатавала капрызамі закаханых у яе хлапцоў, і пра тры крынічкі, што і б’юць з-пад узгорка спрадвеку. Зараз спраўдзіць магчыма, хіба, толькі наяўнасць крынічак, з якіх і сёння можна пакаштаваць вады.
Дзявочая гара. Фота: wikimapia.org
Дзявочая гара. Фота: wikimapia.org
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Дубрава ўзгадваеццау першай палове XV стагоддзя, а ўжо ў 1453 годзе мясцовыя шляхцічы Глябовічы фундавалі тут узвядзенне першага касцёла. Вядома, што Ян Глябовіч у XVI стагоддзі перайшоў у кальвінізм і наняў для адукацыі сваіх дзяцей гісторыка, бібліёграфа, рэлігійнага пісьменніка Яна Ласіцкага, які пакінуў шмат працаў, дзе апісваў навакольныя мясціны, мясцовыя звычаі ды побыт жыхароў.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online
У 1625 годзе Глябовічы зноў навярнуліся ў каталіцтва ды запрасілі ў Дубрава ордэн бернардынцаў, пад патрэбы якога быў узведзены кляштар. На месцы бернардынскага кляштара з касцёлам, якія пацярпелі ад пажару ў 1787 годзе, ўжо наступны ўладальнік Дубрава мінскі ваявода Адам Хмара ў 1796-м фундаваў узвядзенне мураванага храма ў стылі класіцызм. Касцёл быў дабудаваны толькі праз некалькі год і асвечаны ў 1805 годзе ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Рэшткі менавіта гэтага будынка можам пабачыць у Дубрава і сёння.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online
У тым жа 1805 годзе Адам Хмара памёр і быў пахаваны ў крыпце дубраўскага касцёла, якая пазней стала пахавальным склепам і для іншых прадстаўнікоў роду Хмараў. Пасля паўстання 1863-1864 гг. храм быў перабудаваны ў праваслаўную царкву. Каталіцкая парафія адрадзілася ў Дубрава толькі ў міжваенны час.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online
Пасля Другой сусветнай вайны святаром у касцёле служыў Эдвард Мурончык. Вядома, што ён спрабаваў ратаваць мясцовых яўрэяў. Але ў 1942 годзе быў забіты за сваю дзейнасць. Пахаванне святара можна пабачыць побач з касцёлам. Наступнага святара дубраўскага касцёла Яна Такарскага савецкія ўлады абвінавацілі ў супрацы з нацыстамі, бо касцёл функцыянаваў і падчас нямецкай акупацыі. У 1948 годзе ксяндза саслалі ў лагер на 10 гадоў. А касцёл быў ліквідаваны і перададзены пад патрэбы мясцовага спіртзавода.
Магіла Эдварда Мурончыка. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Будынак ХVIII стагоддзя трымаўся ў някепскім стане і ў якасці сховішча. Фатальным для храма стаў 1980 год, калі на сельскагаспадарчыя працы сюды прыехалі студэнты ды развялі ў колішнім касцёле вогнішча. Тады будынак быў моцна пашкоджаны, страціў дах і больш не аднаўляўся. У такім гаротным выглядзе касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубрава застаецца і сёння.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online
Чытаць яшчэ: Надакучыла сядзець у Мінску? Вось 5 месцаў недалёка ад сталіцы, куды можна паехаць хоць зараз
Плябань-капліца
Каталіцкія набажэнствы цяпер спраўляюцца з перыядычнасцю раз на два тыдні ў будынку колішняй плябані, частка якога прыстасаваная пад каплічку, асвечаную ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Юр’я. Колішнюю плябань таксама можна лічыць гістарычным будынкам, бо узведзены ён каля стагоддзя таму.
Дубрава, будынак плябані. Фота: novychas.online
У 2018 годзе экспедыцыяй аматараў даўніны з дапамогай мясцовых парафіянаў нейкім цудоўным чынам былі знойдзеныя званы, знятыя са святыні за савецкім часам ды прыхаваныя кемлівымі месцічамі ад новай улады. І, як апынулася, цудадзейны абраз Маці Божай, падораны касцёлу ў Дубрава яшчэ ягоным фундатарам Адамам Хмарам, таксама быў уратаваны ад перапродажу за мяжу ды знаходзіцца на рэстаўрацыі. Званы можна будзе пабачыць у будучым музеі пры касцёле ў вёсцы Копішча, а абраз, магчыма, будзе перададзены ў Маладзечанскі касцёл.
Дубрава, у капліцы. Фота: planetabelarus.by
Дубрава, адшуканыя званы. Фота: planetabelarus.by
Свята-Багародзіцкая царква
Праваслаўная царква ў Дубрава была пабудавана толькі ў 1920 годзе за «польскім часам». Зямля пад узвядзенне храма была выдаткавана мясцовым жыхаром Язэпам Радкевічам. Царква была дзейнай нядоўга, ужо ў 1961 годзе савецкія ўлады яе зачынілі і перадалі пад патрэбы мясцовага калгаса. Толькі ў 1993 годзе храм быў вернуты вернікам. Цікава, што месцічы аднаўлялі яго на ўласныя сродкі, таму выглядае царква дастаткова незвычайна. Бажніца з мураванымі сценамі і драўлянымі вежамі была асвечаны як Свята-Багародзіцкая царква і дзейнічае да сёння.
Свята-Багародзіцкая царква ў Дубрава. Фота: wikimapia.org
Чытаць яшчэ: Смілавічы — Дукора: што паглядзець недалёка ад Мінска на святы
Рэшткі маёнтка Ваньковічаў. Бровар
Апошнімі ўладальнікамі Дубрава быў шляхецкі род Ваньковічаў. Яны гаспадарылі тут з 1895 года. Сядзіба Ваньковічаў да нашых дзён, на жаль, не захавалася, але ацалела некалькі гаспадарчых пабудоваў, адна з якіх выкарыстоўваецца месцічамі да сёння як жылы дом на некалькі кватэр.
Бровар у Дубрава. Фота: novychas.online
З усяго палацава-паркавага комплексу найлепш захаваўся колішні бровар Ваньковічаў, узведзены напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. За савецкім часам будынак выкарыстоўваўся па прызначэнні: у ім месціўся спіртзавод. Завод гэты функцыянаваў ажно да 1997 года. Пасля закрыцця некалькі год будынак занепадаў, пазней быў выкуплены прадпрымальнікам, але планы па аднаўленні так і не ўвасобіліся ў жыццё. Праз дарогу ад колішняга бровара варта звярнуць увагу на яшчэ адзін прамысловы будынак з бутавага каменю, узведзены адначасова з броварам.
Спіртасховішча ў Дубрава. Фота: novychas.online
Побач з Дубрава ў фальварку Адамарын нарадзіліся браты Дыбоўскія Бенедыкт і Уладзіслаў. Яны былі выбітнымі сусветнавядомымі навукоўцамі, удзельнікамі паўстання 1863-1864 гг., іх жыццёвыя гісторыі вартыя не аднога прыгодніцкага серыялу. У Дубрава яшчэ захоўваюць памяць пра сваіх выбітных землякоў. Прыязджайце і вы, каб даведацца болей.
Памятная шыльда Бенедыкту Дыбоўскаму. Фота: wikimapia.org
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытаць яшчэ: Вёска побач з «вялікай віленскай дарогай». Гісторыя Сёмкава