Чэк-ліст: што ўзяць з сабой для камфортнага адпачынку на прыродзе

Лета толькі пачалося і мы спадзяемся, што яно будзе радаваць нас гарачымі, сонечнымі днямі. А па такім надвор’і сядзець дома зусім не цікава — хочацца ў лес, на бераг возера ці рэчкі. Правесці ночку-дзве пад зорным небам каля вогнішча — тое, што трэба, каб захаваць добры настрой і зарадзіцца энергіяй.


40.jpg
Крыніца: bestbelarus.by

У гэтым артыкуле мы падрыхтавалі спіс рэчаў, з якімі ваш адпачынак «па-за цывілізацыяй» будзе больш бяспечным і камфортным.

Спіс складзены для вандроўкі на 1–2 дні.

1. Вопратка і абутак

Гэта вельмі важная частка любой вандроўкі. Паклапаціцеся, каб вам было зручна. Вопратка мусіць адпавядаць надвор’ю і вашым індывідуальным асаблівасцям.

Споднюю бялізну лепш абіраць баваўняную, без карункаў і з мінімумам швоў. Абавязкова вазьміце запасны камплект.

Верхні «слой» вопраткі можа быць і камбінаваным: натуральныя і сінтэтычныя матэрыялы. Аддайце перавагу нагавіцам і куртцы з даўгімі рукавамі. Лепш, калі на рукавах і штанінах будуць гумкі.

Захапіце з сабой камплект тэрмабялізны (альбо проста гольф і трыкатажныя нагавіцы) і цёплыя шкарпэткі — уначы яны вам спатрэбяцца.

Абутак павінны быць зручным і лёгкім, калі вы плануеце шмат хадзіць. Гэта могуць быць берцы ці красоўкі. Калі ж вы плануеце ехаць да месца адпачынку, можна абысціся сланцамі і кедамі.

Не забудзьцеся на галаўны ўбор: баваўняная бандана альбо бейсболка будуць вельмі дарэчы. І захапіце пару працоўных пальчатак — вельмі патрэбная і карысная рэч, каб зберагчы рукі.

Чытайце яшчэ: Карысны перапынак: ідэі, як адпачываць сярод працоўнага дня

2. Аптэчка і сродкі гігіены

38.jpg
Крыніца: gorzdrav.org

Таксама важны элемент. Вазьміце любы абеззаражвальны сродак: перакіс вадароду альбо хлоргексідзін (можна і звычайны ёд), бінт, пластыр. Пры невялікіх парэзах ці драпінах можна абысціся і трыпутнікам, прывязаным хусцінкай (толькі перад гэтым яго трэ прамыць і пажаваць) альбо гаспадарчым мылам. Але, калі рана досыць вялікая, лепш выкарыстоўваць медыкаменты.

З пігулак варта ўзяць актываваны вугаль, што-небудзь, што збівае тэмпературу і ціск, антыгістамінныя сродкі. Не трэба цягнуць цэлыя ўпакоўкі — вазьміце па пары пігулак (у залежнасці ад колькасці людзей у вашай кампаніі і тэрміну, на які вы збіраецеся адпачываць). Выключэннем з’яўляецца вугаль — ён бярэцца з разліку: адна пігулка на 10 кг вагі.

І, канечне, калі вы пастаянна прымаеце нейкія лекі, то не забудзьцеся ўзяць іх з сабой. Вазьміце таксама рэпеленты альбо іх натуральныя адпаведнікі (алеі гваздзікі, ванілі і інш).

Варта пакласці з сабой мыла (лепш антыбактэрыяльнае альбо дзегцяровае), пару рушнікоў, туалетную паперу (альбо папяровыя сурвэткі). Для зручнасці можна ўзяць вільготныя сурвэткі — імі і рукі працерці можна, і посуд пасля ежы пачысціць. Калі ў кампаніі ёсць дзяўчаты, закіньце пачак пракладак. Бо ад змены асяроддзя, спёкі і іншых чыннікаў звыклыя цыклы могуць парушыцца.

3. Посуд і прылады

Лыжку, місу, кубак (у ідэале — тэрмакубак) трэба браць на кожнага чальца. Аддайце перавагу посуду з нержавейкі альбо трывалага харчовага пластыку — каб можна было наліваць гарачае. На ўсю кампанію варта ўзяць 2 нажы: вялікі і маленькі, дошку, кацялок (лепш 2) ці рондаль, вялікую ёмістасць пад ваду (каністру ці 5-6-літровую бутэльку).

Аднаразовы посуд браць не раім — з ім больш складанасцей, чым карысці (у заплечніку можа лёгка патрушчыцца, мала ў які можна наліваць кіпень, памыць яго складана, займае шмат месца ў сметніку).

Намёт ці тэнт, спальныя мяшкі. Пенкавыя дыванкі. Але калі ў намёта шчыльнае і трывалае дно, можна абысціся і без іх — пад ніз наслаць хвоі альбо трыснягу.

Вельмі зручна ўзяць з сабой міні-мангал. Ён займае мала месца і не патрабуе дроў — гатаваць ежу можна на трэсках і шышках. Ідэальна пры забароне на вогнішча альбо калі паблізу стаянкі няма сухастою. Праўда, вопратку каля яго не прасушыш і таямнічых гісторый не парасказваеш.

Яшчэ вельмі важная ў паходзе рэч — ліхтарык. Вазьміце 2–3 штукі і зменныя акумулятары да іх. Зручныя налобныя ліхтарыкі — апрануў на галаву, і рукі вольныя.

Некалькі вялікіх пакункаў. Калі збярэцца дожджык, у іх можна захаваць сухой зменную вопратку. Таксама іх можна падсцяліць пад спальнік, калі вільготная зямля ці раса, а дыванок вы не бралі. Адзін з іх выкарыстайце пад смецце, каб пасля адпачынку забраць яго.

4. Ежа

39.jpg
Крыніца: sport-marafon.ru

Тут, канечне, усё залежыць ад уласнага густу і звыклага рацыёну. Але вось некалькі агульных парадаў.

Не варта браць тое, што хутка псуецца: малочныя прадукты, сырое мяса, вараныя кілбасы і т. п. Аддайце перавагу вэнджанаму ці замарынаванаму мясу, кілбасам, салу.

Замест звычайнага хлеба можна ўзяць хлябцы — важаць менш і не засохнуць, нават калі іх забыцца на сонейку.

Захапіце некалькі энергетычных батончыкаў мюслі ці падобнага. Альбо звычайную халву, арэхі. Бывае, што ў дарозе нападае «дзікі» голад — такі перакус будзе вельмі дарэчы.

І, натуральна, паклапаціцеся пра запас пітной вады. Газіроўку і сокі лепш пакінуць дома, а ўзяць чыстую ваду. Можна прыхапіць тэрмас з гарбатай.

Чытайце яшчэ: Экакасметыка на вашай кухні. Простыя рэцэпты на кожны дзень

5. І яшчэ...


Калі напярэдадні выхаду памыцца з дзегцяровым мылам, камары і іншыя крывасосы будуць менш звяртаць на вас увагі. Прынамсі да таго моманту, як вы ўспацееце.

Калі вас ужо пакусалі, можна нагрэць лыжку ў гарачай вадзе і прыкласці да пакусаў. Ад цяпла «чужыя» бялкі, якія свярбяць, разбураюцца хутчэй. Таксама гэты спосаб дапаможа, калі на вас напалі мурашы. Але так можна рабіць толькі, калі вы не маеце алергіі.

Не палянуйцеся прыбраць шышкі і сучча на месцы, дзе будзеце ставіць намёт і засцяліць яго хвояй альбо трыснягом (калі адпачынак на беразе вадаёма). Толькі зразаць сцябліны трэба вельмі асцярожна — трыснягом можна парэзацца да костак (вось тут і спатрэбяцца пальчаткі).

І, канечне, забярыце з сабой усё смецце і патушыце вогнішча, як будзеце збірацца дамоў.

Цудоўнага вам адпачынку!

Вікторыя Лебедзева, budzma.org

Архіўны тэкст, упершыню апублікаваны 26.08.2022 г.