Асцярожна, утрымліваецца нецэнзурная лексіка!
Многія словы, якія мы лічам рускімі ці польскімі, у нашай мове яшчэ са старабеларускага перыяду. «Наша Ніва» распытала ўкладальніка слоўніка скаромных словаў Уладзіслава Гарбацкага пра тое, як лаяліся беларусы.
Кадр з фільма «Кроў і бетон»
«Скаромная мова. Слоўнік нецэнзурнай лексікі і ейных адпаведнікаў у беларускай мове» выйдзе з друку ў наступным годзе ў лонданскім выдавецтве «Скарына».
«Наша Ніва»: Пры якіх абставінах увогуле ўзнікла ідэя такога слоўніка, калі пачалася свядомая праца над ім?
Уладзіслаў Гарбацкі: Матэрыял для слоўніка збіраўся і назапашваўся здаўна: з таго часу, калі я пачаў свае этналагічныя экспедыцыі ў 2002 годзе падчас навучання ў аспірантуры ў Інстытуце этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук.
Першапачаткова гэта былі этналагічна-мовазнаўчыя экспедыцыі па Віцебшчыне ў месцы пражывання старавераў. Я запісваў у сшыткі і на стужку шматлікіх рэспандэнтаў і кожнага разу там-сям фіксаваліся цікавыя выразы, у тым ліку слоўцы, якіх часта няма ў слоўніках — «пазаслоўнікавая лексіка». Паступова кола рэспандэнтаў пашыралася і я, каб узмацніць параўнаўчую перспектыву даследавання, пачаў запісваць не толькі старавераў, але і іншых беларусаў. Але ў той момант я яшчэ не думаў пра слоўнік нецэнзурнай лексікі.
Два моманты пазней паўплывалі на мяне, калі я задумаўся ўсур’ёз над гэтай тэмай: з аднаго боку, мая вясковая бабуля, якая размаўляла на цудоўнай віцебска-аршанскай гаворцы і ўстаўляла нецэнзурныя словы і смачныя выразы. Я іх разумеў, але часта бачыў, што яны адрозніваліся ад таго, што я чуў у Віцебску. І больш таго, іх часта не ўсе разумелі: мясцовыя беларусы, знаёмыя, якія прыязджалі з Расеі. Тады я задумаўся: чаму так?
Беларусы навучылі брыдкасловіць расейцаў-старавераў, хоць сёння часта можна пачуць, што лаяцца беларусаў навучылі расейцы.
А з другога боку, на мяне паўплывалі віцебскія стараверы, культуру і мову якіх я шмат год даследаваў: падчас экспедыцыяў ад іх я пачуў, што беларусы «дужа пагана» ці «бязбожна лаяцца». У экспедыцыях не аднойчы стараверкі распавядалі мне, што «паслаць на хер» — гэта было як жарт, а вось паслаць па-беларуску «ў шмоню» — гэта азначала вечную крыўду і спыненне ўсіх адносінаў.
І што мяне яшчэ больш здзівіла, стараверы часта казалі, што менавіта беларусы навучылі іх брыдкасловіць. Пры гэтым вядомая цалкам адваротная стэрэатыпная думка аб тым, што гэта расейцы навучылі нас лаяцца, а расейская лаяніна — наймацнейшая.
Вось тады я і захацеў разабрацца ва ўсім гэтым навукова, таму, мусіць, я і выбраў сацыялінгвістыку, дысцыпліну, у якой абараніў PhD. Пазней у час кавіду, калі было шмат часу на падумаць і пісаць, я сеў і склаў слоўнік. То-бок апрацаваў уласныя экспедыцыйныя матэрыялы, апрацаваў шматлікія слоўнікі, фальклорныя і этнаграфічныя зборнікі і працы. А таксама ўключыў у працу аналіз беларускай мастацкай літаратуры (як класічнай, так і сучаснай). Цягам 2020-2021 гадоў слоўнік набыў цяперашнюю форму.
Чытайце яшчэ: Адкуль у беларусаў узяліся мацюкі?
«НН»: Ці няма адчування, што беларускае мовазнаўства дагэтуль вельмі пурытанскае ў гэтым пытанні? У Беларусі сёння ёсць даследчыкі, якія займаюцца гэтай тэмай?
УГ: Так, афіцыйнае беларускае мовазнаўства было і застаецца досыць пурытанскім. Але гэтаму ёсць прычыны: аўтарытарныя ўмовы, у якіх існавала і існуе ўсё наша грамадства, устаноўкі маралізму, ідэалізму за савецкім часам, цяперашнія ўстаноўкі запалохвання і адсутнасці акадэмічных ды ўсякіх свабодаў. Усё гэта не спрыяе акадэмічнай смеласці, таму мовазнаўцы не займаліся пэўнымі тэмамі: можа, тэмы і не былі забароненыя, але ўвесь час успрымаліся як нязручныя, праблемныя і падобнае.
Аднак нават у маласпрыяльных умовах беларускае мовазнаўства зрабіла і робіць гіганцкую працу, стварае шэдэўры: напрыклад, 37 тамоў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»! Дарэчы, матэрыялы гэтага слоўніка і іншыя крыніцы таксама былі апрацаваныя мною, у слоўніку зафіксаваная ў тым ліку абразлівая лексіка, уласцівая старабеларускай мове (блядзінства, блядзі сын, курвінага ложа сын і пад.).
Што датычыць вывучэння ўласна нецэнзурнай лексікі, то так, тут назіраецца пэўны пурытанізм, маралізатарства. Спецыяльных даследаванняў у гэтым кірунку не вядзецца, наколькі мне вядома, слоўніка нецэнзурнай лексікі пакуль няма.
Але на пачатку 21 ст. беларускія лексікографы ішлі ў смелым кірунку: напрыклад, у вядомыя «Слоўнік новых слоў беларускай мовы» і «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы» толькі з прычыны недазволу і маралізатарства не ўвайшлі хаця б мінімальна нецэнзурныя словы. Але ўвайшлі аргатызмы, эўфемізмы, прастамоўе, што мае на ўвазе адное: у шуфлядах нашых мовазнаўцаў хаваецца цікавы матэрыял для будучых даследаванняў.
Рыгора Барадуліна з ягоным «Вушацкім словазборам» можна лічыць першым спецыялістам у скаромнай мове
Цікава пазначыць, што ў сучаснай Беларусі першым спецыялістам у скаромнай мове можна лічыць Рыгора Барадуліна з ягоным непаўторным «Вушацкім словазборам» (2013).
А яшчэ дзеля справядлівасці варта ўсё ж прыгадаць аднаго геніяльнага падзабытага беларускага лексікографа, які з’яўляецца для мяне галоўным арыенцірам і крыніцай натхнення — Язэп Ціхінскі (1842-1922?). У ягоным дасюль не выдадзеным Беларуска-польска-расійскім слоўніку (1870-1906) пададзеныя шматлікія вульгарызмы, абразлівая лексіка, шматлікія сінонімы да словаў «дупа», «курва», «курвель» і пад.
І якраз дзякуючы таму, што слоўнік захоўваецца ў рукапісным варыянце, ён данёс да нас аўтэнтычныя нецэнзурныя словы, якія не былі выдаленыя, цэнзураваныя падчас рэдагавання.
Слоўнічак пазаслоўнікавых слоў, складзены Янкам Золакам у 1983 годзе
Вядома, даследнікам беларускай дыяспары было значна прасцей і лягчэй: бо першая невялічкая спроба выдаць слоўнічак нецэнзурнай лексікі датуецца 1983 годам, калі Янка Золак, беларускі паэт у эміграцыі ў ЗША, выдаў «Слоўнічак пазаслоўнікавых слоў».
Яшчэ раней у 1966 годзе беларускі этнограф Адам Варлыга (Язэп Гладкі) выдаў у ЗША зборнік «Прыказкі Лагойшчыны», а ў 1972-м — дадатак да яго. Вядома, што быў яшчэ трэці дадатак «Прыказкі, што не трапілі ў зборнік прыказак Лагойшчыны», у якіх аўтар якраз сабраў брыдкаслоўі. Але ж пэўная сарамлівасць аўтара стрымала і ён не выдаў тады трэці дадатак.
Як бачым, сітуацыя істотна не змянілася — паўнейшы слоўнік нецэнзурнай лексікі выходзіць зноў жа не на радзіме, а ў Лондане.
«НН»: Вы казалі, што частку лексікі сабралі ў экспедыцыях па Віцебшчыне і Мінску ў 2002–2019 гадах. А як выглядаў працэс «выбіцця» аўтэнтычнай нецэнзуршчыны з мясцовых жыхароў?
УГ: Так, значная частка лексікі была сабраная ў экспедыцыях па Віцебшчыне, уключаючы Віцебск, і Мінску з 2002 па 2019 гады. Збор матэрыялу ці «выбіццё» аўтэнтычнай нецэнзуршчыны адбываўся наступным чынам: па-першае, дзякуючы класічнаму першаснаму метаду любога сацыялінгвіста і этнолага — назіранню і слуханню. Я слухаў, назіраў і ўжо на гэтай стадыі без актыўнага ўключэння ў кантакт збіраўся матэрыял.
Мэнспрэдынг, або па-беларуску звычайная «прасушка». Фота: Wikimedia Commons
Так, напрыклад, у Віцебску, Полацку і каля Оршы я зафіксаваў наступныя вульгарызмы і сэксуалізмы: «падрэз» (п’янка, гулянка, оргія), «качалка» (прастытутка), «прасушка» (манера сядзення многіх мужчын у публічным месцы, асабліва ў транспарце — «кавёлы раскярэчыўшы») і г.д.
Па-другое, апусканне, уключэнне ў асяродак, то-бок жывы кантакт: знаходжанне з рэспандэнтамі пэўны працяглы час, рэгулярнае кантактаванне, ліставанне з імі, частае вяртанне ў тую ж самую мясцовасць, калі мяне пачалі ўспрымаць не як чужынца, а як кагосьці вядомага, блізкага. І вось тады людзі больш не акуратнічаюць, не далікатнічаюць, а паводзяць сябе натуральна. Таму натуральна часам усплывае нецэнзуршчына і ейныя адпаведнікі.
Такім чынам я сабраў багаты матэрыял, а таксама спраўдзіў і актуалізаваў старую лексіку, якая часта была вядомая толькі па слоўніках і кнігах, а падчас экспедыцый ейны ўжытак быў пацверджаны: капэрус, трахамуддзе, блядэра і многія іншыя.
Па-трэцяе, мэтанакіраваная размова шляхам інтэрв’ю на тэму лаянкі. Гэта адзіны падыход, калі я сумысля прашу рэспандэнта пагаварыць пра нецэнзурныя словы.
У цэлым жа падчас палявых даследаванняў былі задзейнічаныя ў рознай меры ўсе тры гэтыя падыходы. І цікавы момант: за палявы матэрыял, які я сабраў, у 90-95% я ўдзячны перадусім кабетам, якія лягчэй за мужчын ішлі на кантакт і смела дзяліліся скаромнымі словамі.
У 1918 годзе беларускі яўрэй Змітрок Бядуля выдаў нарыс «Жыды на Беларусі», сёння праз уплыў расійскай мовы слова «жыд» цалкам выкраслена цэнзурай нават з акадэмічных слоўнікаў
«НН»: А якія межы ў адборы слоў, дзе праходзіць тая мяжа паміж цэнзурнай і нецэнзурнай лексікай? Нядаўна да свайго здзіўлення ў акадэмічным слоўніку не адшукаў слова «жыд». Такая цэнзура навуковага выдання вельмі здзіўляе.
УГ: Сапраўды, у сучасным беларускім кантэксце (пазначу, пад уплывам русіфікацыі) склалася дзіўная сітуацыя: у адным моўным стандарце пэўнае слова з’яўляецца літаратурным, а ў іншым моўным стандарце амаль абсцэнным, нецэнзурным. Слова «жыд» — літаратурнае ў тарашкевіцы і цалкам змаргіналізаванае, ссунутае ў вымярэнне абразлівага ў афіцыйнай беларускай мове. На вялікі жаль, чыннік расейскай мовы дасюль усплывае і навязвае свае правілы, традыцыі.
Але што датычыць мяжы паміж нецэнзурным і цэнзурным пластам лексікі, то варта ўлічваць вось што: калі слова шакуе, публічна абражае і адкрыта абурае, то яно з’яўляецца нецэнзурным. Напрыклад: нецэнзурныя словы «манда», «шмоня» шакуюць і абураюць пераважную большасць людзей. Але гэтыя абсцэнізмы маюць больш і менш культурныя, цэнзурныя варыянты: літаратурныя (похва, жаночыя геніталіі), прастамоўна-вульгарныя (пінда, падпуззе, секіль), эўфемізмы (клубок (нітак)).
Усе цэнзурныя варыянты дапушчальныя і нікога не абражаюць і не абураюць. Таму варта дадаць, што мяжа паміж ненарматыўнай ці нецэнзурнай лексікай і нарматыўнымі словамі ляжыць не ў самой мове, а ў розных сітуацыйных сацыяльных кантэкстах: у вузкім коле сяброў нецэнзурныя словы ўспрымаюцца інакш, чым у публічнай сферы, дзе яны могуць шакаваць, пакрыўдзіць і абурыць.
Слова «х**» не русізм, як малюе стэрэатып, а агульнаславянскае і натуральнае для беларускай мовы. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: У слоўнік увайшлі толькі выразна беларускія словы, ці для спрадвечнага «х**» таксама знайшлося месца?
УГ: У слоўнік патрапілі ўсе вядомыя асноўныя беларускія абсцэнізмы, уласцівыя сучаснай беларускай мове і нават беларускай мове 19 ст. (дзякуючы рэканструкцыі на аснове аналізу слоўніка Я. Ціхінскага і вялікага этнаграфічнага матэрыялу). Значнае месца ў слоўніку займаюць дыялектныя варыянты нецэнзурных словаў і вульгарызмаў, якія досыць поўна дапаўняюць агульную карціну.
Важна падкрэсліць, што спрадвечныя «х**», «манда», «курва» — гэта таксама адвечныя беларускія брыдкаслоўі. Я бы так лёгка не аддаваў гэтыя словы суседзям на Захад і Усход. Узгаданыя абсцэнізмы вядомыя з даўняга часу, фіксуюцца ў мове ў старабеларускі перыяд.
Словы «Петр» і «п***а», накрэсленыя на камені каля падмурку старажытнага Сафійскага сабора ў Полацку. Фота: «Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.»
Да ўсяго словы «х**», «манда», «п***а» — не расейскага паходжання, як часта малюе стэрэатып, а ўласцівыя амаль усім славянскім мовам з відавочна індаеўрапейскай этымалогіяй.
Абсцэнізм «курва» таксама вядомы старабеларускай мове, з’яўляецца гістарычным беларускім словам і распаўсюджаным сучасным брыдкаслоўем.
Таму гэтыя словы, якія мы часта памылкова лічым запазычаннямі, з’яўляюцца нашай спадчынай нароўні з такімі выразна беларускімі абсцэнізмамі і вульгарызмамі, як «шмоня», «шманнё», «трахамуддзе» і пад.
З бабром на вуліцы можна паразмаўляць не толькі па-польску, але і па-беларуску — слова «курва» ў нас вядомае з даўніх часоў. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: У слоўнік трапіў і беларускі сэксуальны слэнг, што ён апісвае і наколькі глыбока?
УГ: Сэксуальны слэнг апісвае як сэксуальны акт (шлых, папіханне, язда), плоцевыя органы (шмоня, пятля, гык, струк), а таксама анальна-экскрэмальныя з’явы (абасраны, каб ты ўсраўся!), так і дэманструе шырэй сексуальны багаты, разнастайны і не заўсёды гетэрасексуальны досвед беларусаў.
Дарэчы, Рыгор Барадулін («Дуліна ад Барадуліна») і Янка Золак («Слоўнічак пазаслоўнікавых словаў») у сваіх тэкстах, дзякуючы ўжытым вульгарызмам і сэксуалізмам цудоўна апісалі (і, падаецца, лепей за навукоўцаў) багатую сэксуальную спадчыну і сэксуальны досвед беларусаў («Кожнае дыханне любіць папіханне», «Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі», «Да работанькі — анінютанькі, а да ябатанькі — ах, мае матанькі»). Вядома, гэты досвед мяняецца: сучасны сэксуальны слэнг, тым больш, мясцовых жыхароў, часта мае моцны ўплыў расейскай і ангельскай моваў.
А вось раней, як дэманструюць працы этнографаў, фалькларыстаў, а таксама мае ўласныя экспедыцыі па вёсках Віцебшчыны, ён быў больш беларусацэнтрычным, так бы мовіць. Наогул нам шмат дапамаглі этнографы і фалькларысты, якія раней і хутчэй за мовазнаўцаў апісалі мясцовую нецэнзуршчыну, у прыватнасці эратычна-сэксуальны слэнг. І часцяком якраз не ў простых і брутальных сэксуалізмах перадаваўся сэксуальны досвед беларусаў, а ў эратызаваных эўфемізмах, сабраных этнографамі («Ой ты, мая Домна, Прыйдзі ка мне цёмна. Твая ступа, мой таўкач — Будзем крупы абтаўкаць», «Ай, такую яго маць, Гэнага Міколку, Я хацела яму даць, А ў яго з іголку», «Па хмызняку цягацца» і г.д.).
Дзірка для сэксу ў грамадскай прыбіральні. Аматараў такіх задавальненняў беларусы называлі дзюрасмокамі. Фота: Wikimedia Commons
Як у гістарычнай, так і актуальнай перспектыве нецэнзурная, у тым ліку сэксуальная лексіка апісвае не толькі гетэрасексуальныя, але і гомасэксуальныя ды іншыя практыкі і з’явы: дупу драць (займацца анальным сэксам), дзюрасмок (той, хто займаецца аральным сэксам у публічных прыбіральнях), церці мужыкоў/хлопцаў (шлыхаць, мець за сэксуальных партнёраў мужчын). То-бок у беларускай вульгарнай мове фіксуецца разнастайнасць сэксуальных жаданняў і практыкаў.
Мужападобную жанчыну па-беларуску можна было б называць бабай-гой ці амазонкай. Фота: Wikimedia Commons
А яшчэ варта пазначыць, што ў слоўніках фіксуюцца, а падчас экспедыцыяй актуалізуюцца розныя словы і выразы для азначэння асобаў, якія цалкам не ўпісваюцца ў гетэрацэнтрычны свет: пахлапень, баба-гой, амазонка (пра мужчынападобную жанчыну), да ўсяго баба-гой часта азначае тое, што апісваецца ангельскім стэрэатыпізаваным словам butch, то бок мужападобная лесбійка; курай, паўкурак, дзявун (пра гермафрадыта); дзяўчур (фемінны хлопец) і г.д.
«НН»: Што з таго, што б магло патрапіць у ваш слоўнік, туды не патрапіла?
УГ: Сумысля ў слоўнік не былі ўключаныя многія трасянкавыя вульгарызмы, бо сістэматычна не збіраў іх ды і таму, што вельмі часта яны з’яўляюцца простай калькай з расейскай мовы.
Вядома, слоўнік не прэтэндуе на тое, што ахоплівае ўсе існыя абсцэнізмы беларускай мовы, не. Але была праведзеная вельмі скрупулёзная праца па зборы падобнай лексікі, таму, паўтаруся, асноўны і самы прэзентатыўны лексічны матэрыял у слоўнік увайшоў.
Але ведаю, не ўсе вульгарызмы-рэгіяналізмы сабраныя ў слоўніку з прычыны іх выключна вуснага ўжытку. Часта словы існуюць выключна ў вусным ужытку, а таму яны часта не зафіксаваныя. Таму ахвотна працягну працу па зборы абсцэнізмаў і вульгарызмаў без прапіскі, каб пашпартызаваць іх і ўключыць у будучыя перавыданні.
«НН»: Колькі па выніку слоўнікавых артыкулаў атрымалася?
УГ: У слоўнік увайшло каля 3000 словаў і ўстойлівых выразаў. Акрамя гэтага падаюцца іх стылістычныя характарыстыкі і фіксуюцца выпадкі нестандартнага ўжывання. Як вынікае з назвы, у слоўнік уваходзяць як самі нецэнзурныя ці абсцэнныя словы — брыдкаслоўі, так і іх адпаведнікі: вульгарызмы, сэксуалізмы, эўфемізмы, эратычная лексіка, сэксуальны слэнг і пад.
Важна падаць іх усе разам, суцэльна, бо часта яны разумеюцца лепей якраз у звязцы. Нецэнзурныя адзінкі разам з эўфемістычнымі ды іншымі адпаведнікамі ствараюць своеасаблівае сэнсавае моўнае гняздо: напрыклад, побач з абсцэннымі капэрус, пі***ец падаюцца пераносныя, эўфемістычныя адпаведнікі капут, гамон, капец, юк і пад.
Пісар пакінуў надпіс «Не потреба тут нічого пісат» на аркушы кнігі 1571, але яму апаніравалі «Але мне што пісал — насрат»
«НН»: Як думаеце, дзе і каму такі слоўнік можа спатрэбіцца?
УГ: Хоць гэта і спецыялізаваны слоўнік, першы досыць поўны слоўнік нецэнзурнай лексікі ў беларускім мовазнаўстве, ён, насамрэч, прызначаны не толькі мовазнаўцам. Гэты ўніверсальны слоўнік будзе карысны ўсім, хто працуе са словам: напрыклад, перакладнікам, каб хутчэй і натуральней перадаць каларыт сучаснай маўленчай практыкі, у прыватнасці брыдкаслоўе, якое часта сустракаецца як у жыцці, так і ў мове кніжных герояў.
Слоўнік спатрэбіцца маладым літаратарам, якія пішуць па-беларуску і часта, з прычыны русіфікацыі, проста не ведаюць беларускай скаромнай лексікі. Іх тэксты загучаць натуральней і мацней.
На маю думку, слоўнік мае шанец стаць папулярным выданнем і прыцягнуць увагу ўсіх цікаўных да беларускай мовы: і каб пабачыць, наколькі багатая і разнастайная мова, і каб разбіць уласныя стэрэатыпы аб нібыта слабасці беларускай лаяніны, і каб проста ўзняць сабе настрой і пасмяяцца. Упэўнены, многія прачытаюць слоўнік як прыгодніцкі раман.
Чытайце яшчэ:
Дэкаланізацыя — гэта не тэарэтычны панятак для інтэлектуалаў, гэта рэальнасць, з якой трэба працаваць