У сённяшнім выпуску арт-праекта «Словы мацней» беларуская пісьменніца Надзея Ясмінска чытае казку «Зялёны апельсін». Гэта гісторыя аб тым, як аднойчы свет перакуліўся дагары нагамі — і ўсё з-за аднаго зялёнага апельсіна!
Паслухаць будзе цікава, як дзеткам, так і дарослым. А лепш за ўсё разам. А пасля праслухоўвання паразважацьнад тым, чаму вычыць гэтая простая і разам з тым глыбокая па сэнсе казка.
Надзея Ясмінска — беларуская пісьменніца, казачніца, аўтарка п’ес. Нарадзілася 4 чэрвеня 1985 года ў Мінску. Пачала пісаць апавяданні ў містычным стылі са старэйшых класаў. Пазней ёй стала цікава пісаць дзіцячыя казкі.
У 2006 годзе Надзея напісала першую п’есу-казку «У адну навагоднюю ноч». П’еса стала лаўрэатам адкрытага рэспубліканскага конкурсу драматургічных твораў для дзяцей і падлеткаў «Дзіцячы свет такі багаты», была апублікаваная ў дзіцячым зборніку. Пазней па п’есе паставілі спектакль.
Па адукацыі Надзея Ясмінска — эканаміст, скончыла БДЭУ па спецыяльнасці «Маркетынг». З 2007 по 2012 год яна амаль не займалася літаратурнай дзейнасцю, а выкладала ва універсітэце. Вярнулася ў літаратурную дзейнасць фэнтэзійным зборнікам вершаў «Зялёныя песні Эрмінтыі». З гэтага часу Надзея актыўна займаецца літаратурай. Найбольш вядомыя кнігі: «Пацеркі і кроплі», «Кнігармонія», «Зефірныя прыкметы», «Воскавы чараўнік», а таксама казкі з цыклу «Хронікі густога лесу». Лаўрэатка Прэміі Цёткі ў дзвюх намінацыях за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў («Сем ружаў», 2015).
Тэкст, які гучаць у відэароліку
ЗЯЛЁНЫ АПЕЛЬСІН
Аднойчы хлопчык запытаўся ў таты:
— Вось чаму апельсіны такія аранжавыя?
— Хм, — задумаўся тата. — Напэўна, таму, што яны бяруць колер ад сонца. Праменьчыкі грэюць апельсін, ён робіцца сакавітым і салодкім. А спачатку плады зялёныя.
— Пакаштаваць бы зялёны...
— Дык ён жа горкі, як цыбуліна. Адкусіш — адразу ж выплюнеш! Хаця аднойчы спелы апельсін узяў і не памяняў колер. Ведаеш, што потым адбылося?
— Не ведаю, раскажы!
— Ну, слухай.
Здарылася гэта ў далёкай паўднёвай краіне. Сонца там свяціла круглы год, а дожджык бываў рэдка, там распускалі хвасты паўліны і гулялі з какосамі малпы. І галоўнае — там раслі апельсіны.
Найперш апельсінавае дрэва расквітала белымі кветкамі. Потым пялёсткі абсыпаліся, і з’яўляліся зялёныя плады. Пад гарачымі промнямі сонца яны перафарбоўваліся ў аранжавы колер. Гэтак адбывалася гадамі, стагоддзямі, нават тысячагоддзямі. Але неяк — вось дзіва! — адзін апельсін на галінцы па-ранейшаму застаўся зялёным.
Іншая садавіна даўно паспела, яе пазрывалi і паклалi ў кошыкі. Толькі да нашага апельсіна ніхто нават не дакрануўся — каму такi патрэбны? Хто ведае: можа, ён захварэў? Пазелянеў ад тугi? Незразумела. Але вось сонца ўстала са сваёй калыскі, працерла вочы і раптам... убачыла зялёны апельсін.
«Так-так, ну і справы! — падумала яно. — Няўжо я нешта прапусціла? Мы ж з апельсінамі заўсёды былі падобнага колеру. Калі гэта новая мода, трэба мяняцца!»
Раз! — і сонца перафарбавалася. Уяўляеш сабе такое? Яго зялёныя прамяні заказыталі дрэвы, кветкі, траву... І тут трава абурылася:
— Што за нахабства! Сонца пазелянела — значыць, гэты колер мне больш не належыць? Добра! Тады я зраблюся жоўтай.
З гэтым не пагадзіўся пясок:
— Як? Трава зжаўцела? І што рабіць пясчынкам? Пустэльня вам не луг... Але ёсць ідэя! І пясок узяў сабе колер марской хвалі. Вось толькі само мора спалохалася:
— Што вы нарабілі! Цяпер складана распазнаць, дзе заканчваецца зямля і пачынаюся я. Гэтак людзям і жывёлам патануць нядоўга. Трэба прымаць меры!
І мора стала... пяшчотна-ружовым, як аблокі на захадзе сонца.
Што ж убачылі людзі, калі прачнуліся і сабраліся працаваць? Яркія зялёныя прамяні сонейка азаралі жоўтую траву, а блакітны пясок лізалі хвалі ружовага мора.
— Во дзівосы! — выгукнулі людзі. — Такога ніколі раней не было. Пэўна што, набліжаецца канец свету!
Яны пачухалі ў патыліцах і вырашылі... кінуць свае справы. Навошта садзіць дрэвы і паліваць кветкі, калі свету хутка прыйдзе канец? Якая карысць будаваць дамы, шыць адзенне, брукаваць дарогі ці пісаць кнігі? Людзі пачалі гультаяваць: цэлымі днямі ляжаць на канапе, чытаць газеты, піць каву... А сады тымчасам зарасталі пустазеллем, сажалкі мутнелі, абсыпаліся дахі. Усё навокал ламалася і пакрывалася пылам.
Хто ведае, колькі б гэта доўжылася, калі б не дожджык. Ён атросся пасля доўгага сну і азірнуўся.
— Нішто сабе! — здзівіўся ён. — Сонца і трава, мора і пясок цяпер не такія, як раней. Можа, і мне змяніцца? Стаць пунсовым ці фіялетавым? Ну ўжо не! Я — дождж, і больш ніхто іншы. А людзі прыдумалі канец свету, каб нічога не рабіць. Зараз як след прамачу гэтых гультаёў!
Не паспеў дожджык дагаварыць, а яго кроплі ўжо напоўніцу хвасталі па зямлі. Яны вымылі дамы, дарогі, сады, дрэвы... і змылі зелень з нашага апельсіна. Аказваецца, нейкі жартаўнік папросту вымалеваў яго фарбай!
Пасля дажджу зноў паказалася сонца і выпадкова зірнула на галінку. Там вісеў звычайны, жоўта-аранжавы апельсін.
— Мода на старое заўсёды вяртаецца! — задаволена сказала яно і стала ранейшым.
Трава вярнула сабе смарагдавы колер, пясок заіскрыўся золатам, а марскія хвалі зноў сталі падобнымі да неба. Людзі выглянулі на вуліцу і вырашылі, што канца свету не будзе. Яны паспяшылі заняцца справамі — а справаў накапілася аж занадта!
Зараз у гэтую гісторыю цяжка паверыць, бо свет такі знаёмы і звыклы. Але аднойчы ён перакуліўся дагары нагамі — і ўсё з-за аднаго зялёнага апельсіна!
Пра арт-праект «Словы мацней»
У межах арт-праекта «Словы мацней» кожную сераду ў 20:00 на нашым ютуб-канале «Будзьма» выходзяць відэаролікі, у якіх сучасныя беларускія аўтары чытаюць свае творы.
Для каго гэты праект?
Для ўсіх, хто згубіўся ў сваім унутраным горадзе, каму не хапае энергіі, каму цяжка знайсці сілы і натхненне, каму баліць; для тых, хто не ведае, як выказаць свае пачуцці; для тых, хто верыць, і хто, ужо перастаў верыць; для тых, хто марыць, каб працягваць марыць; для тых, каму кожны дзень — змаганне, і для тых, хто перастаў ці ніколі не спрабаваў змагацца — усім-усім беларусам у Беларусі і за мяжой абавязкова для праслуховання.
Чаму?
Таму што гэтыя вершы — самы лепшы доказ таго, што словы мацней.
А яшчэ таму, што гэта сапраўднае відовішча — як аўтар чытае свой уласны твор — якое, між іншым, не так і лёгка ўбачыць ужывую ў сучасных умовах.
Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі!
Нагадаем, у першай частцы праекта «Словы мацней» сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чыталі творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.
Для зручнасці мы сабралі ўсе ролікі праекта ў адзін плэйліст. Раім паслухаць.
Глядзіце яшчэ:
Антон Рудак у арт-праекце «Словы мацней»: «Страшна было напачатку да першай бамбардзіроўкі»
Дар'я Бялькевіч у арт-праекце «Словы мацней»: «Радыяцыя самасвядомасці, недарэчнасць і хворая здольнасць»