У апошнія выходныя гэтай вясны распавядаем пра цёплыя рэлізы беларускіх музыкаў. У сённяшнім выпуску «Гітары Мулявіна» слухаем песню «Грук» выканаўцаў bayski і Wavy Mroy, трэк «Межы», запісаны дуэтам Puaro супольна са спявачкай LEAR, а таксама сінгл «Babylon» ад гурта Intelligency. Чым адметныя (альбо не) гэтыя рэлізы, даведаецеся ў нашым аглядзе.
Даўно ў змроку, але цягнусь да святла
Так спявае малады выканаўца і надзея беларускага хіп-хопу bayski. Cпявае не адзін, бо гэта сумесны трэк з другім, не менш перспектыўным выканаўцам Wavy Mroy. Гледзячы па сацыяльных сетках артыстаў, хлопцы запісалі трэк яшчэ напрыканцы зімы, але былі занятыя сольнымі рэлізамі, так што чарга да гэтай кампазіцыі дайшла толькі цяпер.
Песня «Грук» — гэта амаль класічны plaggnb. Меладычны біт і два рамантыкі, якія месцамі чытаюць, а месцамі спяваюць пра абстрактную дзяўчыну, што ў чарговы раз разбіла сэрца. А можа, нават і пра некалькіх дзяўчын. Прыпеў ад Стаса (ён жа — Wavy Mroy) чапляе з першых нот і заядае ў галаве, а кавалак ад Ігара (сапраўднае імя выканаўца bayski) мякка дапаўняе агульны малюнак песні. Артысты файна адчуваюць сябе ў калабарацыі і спадзяёмся, мы яшчэ не раз пачуем іх сумесныя работы.
Я звыкла, ты звыкнеш
Урываецца ў гэтую цёплую вясну з не менш цёплым трэкам спявачка LEAR. Прытым, не адна, а ў кампаніі з дуэтам Puaro. Калі пра Леру я ўжо пісаў шмат, рэгулярна распавядаючы аб яе меланхалічных рэлізах, то хлопцаў з Puaro — Рому і Артура, узгадваў усяго пару разоў. Выпраўляюся.
Трэк «Межы» гучыць фантастычна. Нездарма Пуаро характарызуюць сябе як «поп для інтэлектуалаў», інструментал гучыць разнапланава, насычана, бадзёра. Lear толькі дадае густоўнасці гэтаму трэку сваім мяккім вакалам. Месцамі інтэнсіўнасці хацелася б больш, але і так гучыць файна. Тэма кахання і расстання цудоўна раскрываецца праз дыялог двух галоўных герояў.
Тыповы сумны дэнс
Кожны раз, калі сутыкаюся з новай музыкай ад гурта Intelligency, не ведаю, як яшчэ яе можна па-новаму раскрыць і апісаць. Усе іх класічныя інструментальныя прыёмы і фішкі ўжо былі рэалізаваны раней, а цяпер хлопцы нібы ходзяць па замкнёнаму колу. Глытком свежага паветра не стаў і сінгл «Babylon».
Усё той жа вакал са словамі, што паўтараюцца, як мантра, змрочная танцавальная атмасфера, доўгія пройгрышы на «патанчыць». Гучыць гэта ўсё марудней з кожным новым сінглам, і мне страшна ўявіць, што было б, калі б гурт вырашыў раптам выпусціць альбом. Пакуль паслухайце і вырашыце для сябе, ці кранае гэтая кампазіцыя самыя цёмныя куточкі вашай душы, альбо гэта проста чарговы звычайны сінгл ад Intelligency.
Хатні Томпсан, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Юрый Стыльскі: «Што рабіць людзям, калі кіраўнік звар’яцеў?»