Працяг. Першая частка тут: Стыль як фактар ідэнтычнасці (Частка 1)
Новыя ідэнтычнасці
Менавіта “нацыянальныя“ гатункі рамантызму заклалі асновы нацыянальных сістэмаў ідэнтычнасці, уключна з візуальным шэрагам, міфамі, вобразамі і іншымі вербальнымі і невербальнымі маркёрамі. Аднак у канцы ХІХ стагоддзя, узнікла патрэба зразумець саміх сябе без прыхарошванняў, эмпірычна. Працэсы нацыяўтварэння набылі прагматычны характар, філосафы і палітыкі, замест пошукаў эфемернага “духу” намагаліся вызначыць дамінанты прывязак і вектар развіцця – “нацыянальную ідэю”. Вагу і аўтарытэт набрала этнаграфія – яна вывучае, сістэматызуе і фіксуе традыцыйнае этнічнае (народнае) мастацтва, выяўляе і апісвае прысутныя ў ім стылі і каноны.
Мастацтва болей не імітавала “народны стыль”, а імкнулася асэнсаваць і на аснове яго сутнасных каштоўнасцяў, а не фармальнага падабенства, стварыць адпаведныя свайму часу прадукты. Альбо, свядома адмаўляючы любыя традыцыі, стварала нешта абсалютна новае. Час нацыянальных стылеўтварэнняў, за рэдкімі выключэннямі, скончыўся з пачаткам Другой сусветнай. Устойлівыя вобразы нацыянальнай ідэнтычнасці паўсталі і замацаваліся. У другой палове ХХ стагоддзя нацыянальная ідэнтычнасць “дарастала” актуальным стылем жыцця. Часткай найноўшай ідэнтычнасці сталі вобразы, народжаныя рэкламай, масавай і контркультурай, а таксама модай і масмедыямі.
(с) Міхал Анемпадыстваў
Пад канец ХХ стагоддзя стала зразумела, што сам стыль жыцця таксама можна мадэляваць, прапануючы яго прывабныя імітацыйныя мадэлі. Сёння рэклама, у тым ліку палітычная, усё часцей рэкламуе не сам “тавар”, а яго вобраз, ці нават пэўны стыль жыцця. У выніку мы ўсё часцей выбіраем не “тавар”, а вобразы і стылі, да якіх далучаемся праз набыццё “тавару”. За перайманнем формы, адбываецца перайманне сэнсаў, мяняюцца нашыя сімвалічныя мовы, мы перастаем разумець адно аднаго і сваіх папярэднікаў, культура распадаецца на фрагменты, разбураюцца старыя сістэмы ідэнтычнасцяў, паўстаюць новыя, у выніку чаго мяняецца наша саматоеснасць і мы самі.
Сёння неабавязкова заваёўваць краіну, дастаткова змяніць самаідэнтычнасць яе жыхароў, пасеяўшы тым самым светапоглядны раздрай і няпэўнае бачанне супольнай будучыні, мэтаў і спосабаў іх дасягнення. Раней гэта прыводзіла да асіміляцыі, цяпер усё часцей вядзецца пра паўстанне множных ідэнтычнасцяў і мазаічнай саматоеснасці. “Вайна культураў“ ператвараецца ў сапраўдную вайну новага тыпа – вайну “кансцыентальную”. Тут у нас, на мяжы цывілізацыйнага разлому, колькасць этнакультурных ідэнтычнасцяў зашкальвае: еўрапейцы, літвіны, беларусы, “тожэ” беларусы, савецкія, рускія, “тожэ” рускія, рускія са знакам якасці, рускамоўныя, западнарусы, праваслаўныя людзі, славяне, еўразійцы…
Барацьба за змену ідэнтычнасці – тэма не новая, у розных формах яна вялася заўсёды. У традыцыйным грамадстве такія змены адбываліся павольна – жывая традыцыя была магутным сродкам яе самаабароны, а сродкі ўплыву прымітыўнымі. Мас-медыі і сучасныя сацыятэхналогіі робяць гэта незаўважна, хутка і эфектыўна, у тым ліку ў выглядзе стылістычных інтэрвенцый. Ім можа супрацьстаяць прадуманая, беларусацэнтрычная культурная стратэгія ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, аднак пра гэта сёння можна толькі марыць. Таму рэальнымі сродкамі па-ранейшаму застаюцца натуральнае імкненне да захавання традыцыі, а таксама дзеянні па кантролі гістарычнай, культурнай і стылістычнай верагоднасці – аўтэнтызацыя.
Традыцыя і аўтэнтызацыя
Першы спосаб зразумелы: гэта калі мы абураемся зносу гістарычнай забудовы альбо пілаванню дрэваў. Каб нічога не мяняць, каб заставалася як было. Актуальная гарадская прастора – наша традыцыя, частка нашай саматоеснасці, мы хочам яе захаваць і перадаць нашчадкам такой, якой ведаем, без зменаў. Аднак традыцыя ў сучасным грамадстве не існуе сама па сабе, яна патрабуе падтрымкі і аховы. У сваю чаргу, прысутнасць традыцыі мінімізуе вонкавыя ўплывы, падтрымлівае актуальную ідэнтычнасць і тым самым, як па коле, стымулюе нас саму сябе захоўваць. Можна захоўваць толькі тое, што ёсць.
Другі спосаб – аўтэнтызацыя – больш складаны і больш канфліктны. Аўтэнтызацыя – гэта аспрэчванне. Гэта праверка на “сапраўднасць” і выпраўленне памылак. Мы не захоўваем тое, што ёсць, а даводзім, якім яно павіннае быць альбо якім быць не павіннае. Мы аспрэчваем не сам факт зменаў, а іх характар. Тут мы не такія аднагалосныя, бо нашае бачанне таго, якім гэтае “сапраўднае” павіннае быць, паўстае не так з ведання гістарычнага кантэксту, як з уяўленняў пра гэты кантэкст, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца складнікамі нашай самаідэнтычнасці і звычайна маюць характар перакананняў.
Тут таксама прыгадваецца замкнёнае кола, толькі працуе яно па адваротным прынцыпе: чым болей у культурным полі “несапраўднага”, чужога, чым большая патрэба ў аўтэнтызацыі, тым больш канфліктным будзе яе ажыццяўленне. Эклектычныя стылі спараджаюць такую ж эклектычную самасвядомасць, якая ў сваю чаргу спрыяе паўстанню новых эклектычных стыляў і гэтак далей, па спіралі. Наш светапоглядны раздрай, нават раздрай цывілізацыйны, праяўляецца ў тым ліку ў канфлікце і барацьбе стыляў на абшарах уласнабеларускай культурнай прасторы.
(c) Аляксей Смірноў, photocentra.ru
Гэта добра бачна, калі стаць ля моста праз Свіслач на Нямізе і глянуць у бок Траецкага прадмесця, а потым Высокага Места. Мы ўбачым два розныя гарады, дзве розныя цывілізацыйныя прасторы. Траецкае рэканструявалі пад “Еўропу“, выкарыстоўваючы традыцыйныя для нашых краёў матэрыялы – дахоўку, камень, цэглу. Засяроджваліся на дэталях – вокнах, аканіцах, шыльдах, мове надпісаў. Захоўвалі рэльеф і кшталт прасторы – камерны, закрыты. Прадумвалі агульную каларыстыку. Пры ўсіх недахопах, Траецкае прадмесце нашае, тутэйшае.
Высокае Места зеўрае пусткай – у выніку зносу забудовы ўтварылася нязвыклая для нашых гарадоў адкрытая прастора. На баракальным фасадзе Кафедральнага сабора, былога касцёла бернардынак, мазаіка ў неавізантыйскім стылі; стромкі дах храма на палову абніжаны, дахоўка крытая бляхай, фарбаванай у ярка-зялёны колер. Такія ж зялёныя дахі, характэрныя для “казённых“ будынкаў Расійскай імперыі, з’явіліся і на іншых камяніцах, а яшчэ залатыя цыбуліны, белакаменная разьба, кіёск у псеўдарускім стылі, буда гарадавога, мноства пампезных гранітных лесвіцаў з масіўнымі балясінамі і відавымі пляцоўкамі “ў нікуды“.
Усё гэта болей нагадвае расійскі губернскі горад пасля еўрарамонту, чым колішні Менск Літоўскі – камерны, правінцыйны, еўрапейскі. Такім чынам мяняецца не толькі “дух” горада, але і сама наша гісторыя набывае зусім іншы выгляд. Высокае места ў сваім цяперашнім выглядзе неўзабаве стане часткай нашай мадыфікаванай ідэнтычнасці. Тое самае адбываецца ў Віцебску, Гародні, іншых гарадох Беларусі. Такое адбывалася і раней, але раней нішчылі як бы чужыя, а цяпер з найлепшымі памкненнямі ўпарадкоўваюць як бы свае…
Працяг будзе…
Міхал Анемпадыстаў