Прэм’ера-перавыданне спектакля Żywot познаньскага тэатра «Эмігрант» адбудзецца 27 ліпеня ў дворыку Baraku Kultury. У пастаноўцы ўкраінскай рэжысёркі Вольгі Грыгараш узгадваюцца і спалучаюцца абрады і традыцыі трох культур — беларускай, украінскай і польскай. Гэта гісторыя пра перажыванні, якія суправаджаюць жанчын на розных этапах жыцця, піша reform.news.
«Żywot — у славянскіх мовах гэта азначае жывот як частка цела, у той час як першапачатковае значэнне слова — «жыццё». У нашай гісторыі — сімвалам жыцця з’яўляецца жанчына. Ёй належыць прывілей дарыць жыццё, злучаць пакаленні і адкрываць пяшчоту. Жанчына змяняе свет любоўю, клопатам і прыгажосцю, а не фізічнай сілай», — уводзіць у тэму пастаноўкі Тэатр.
У спектаклі ўзнаўляюцца народныя песні і танцы, выкарыстоўваюцца сапраўдныя этнічныя рэчы, ствараюцца рытуалы ініцыяцыі, якіх нам не хапае.
«Хочацца дакрануцца да сваіх каранёў, падзякаваць продкам і адчуць сябе як дома пад абаронай сям’і. Мы хочам сутыкнуцца з незваротнасцю часу і прыняць яе. Пакуль нам ёсць з кім падзяліцца сваімі гісторыямі, дрэва жыцця будзе расці», — адзначае каманда тэатра.
У спектаклі задзейнічаны: Анастасія Радкоўская, Алена Варакса, Наталля Шапавал, Людміла Ерамейчук, Наталля Ахтырская, Юлія Касцючык, Вольга Грыгараш, Любоў Сідарава, Вікторыя Сідарава.
Музыка: Ягор Забелаў, ISTNY, Varhan Folk Group, Jacque de Chiffon.
Тэатр «Эмігрант» — гэта творчая прастора для эмігрантаў з розных краін, створаны ў 2019 годзе ў Познані з вялікай любові да тэатра і вялікай патрэбы праявіць сябе ў чужой краіне.