Пісьменьніца і публіцыстка Яна Вольская склала ўласны рэйтынг самых інстаграмных мейсцаў Менску.
Знакамітыя 11-павярховыя вежы-блізьнюкі з гадзіньнікамі і шпілямі ў стылі сталінскага ампіру. На левай вежы ўсталяваны найвялікшы ў Беларусі гадзіньнік дыямэтрам 3,5 мэтра. Яго стварылі ў Нямеччыне больш за сто гадоў таму і прывезьлі ў Менск у якасьці ваеннага трафея. «Брама» — першая сустракае гасьцей сталіцы на чыгуначным вакзале і ўжо стала своеасаблівай «візытоўкай» гораду. Яна нават трапіла на першую знакамітую 200-рублёвую купюру, замяніўшы на ёй легендарных «зайчыкаў».

Брама Менску. Фота: Планета Беларусь
Пабудавалі комплекс ажно ў 1953 годзе па праекце архітэктара Барыса Рубаненкі. Для Менску, які пастаянна будуецца і перабудоўваецца, «Брама» стала сапраўднай рарытэтнай пярлінай, ахутанай гарадзкімі легендамі, і часьцяком трапляе на фотаздымкі.
Таму «Брама» ўзначальвае мой рэйтынг інстаграмных мейсцаў.
Знакаміты і маляўнічы двор-калодзеж у гістарычным цэнтры Менска, які месьціцца ў квартале паміж вуліцамі Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. На мапах яго можна знайсьці па адрэсе: Рэвалюцыйная, 7 альбо Камсамольская, 11.
Чырвоны дворык. Фота з Пінтэрэсту
Мейсца, схаванае ад чужых вачэй, прыцягальнае сваім тэракотава-чырвоным колерам і адметнае высокімі сценамі і стрыт-артам. Калісьці ў гэтым квартале стаялі даходныя дамы, ювелірныя крамы і гандлёвыя шэрагі, а сёньня гэта прызнаная арт-прастора, запатрабаваная ў фатографаў праз глыбокія і атмасфэрныя кадры.
Чырвоны дворык патрапляе ў рэйтынг інстаграмных мейсцаў і займае пачэснае другое мейсца.
Унікальны гістарычны раён пасьляваеннага Менску, сапраўдны цуд 1945-1949 гг., распрацаваны архітэктарамі пад кіраўніцтвам Міхаіла Асмалоўскага. Будавалі элітны раён савецкія будаўнікі, а таксама нямецкія і італійскія ваеннапалонныя, а кватэры атрымлівалі гэнэралы ды афіцэры Беларускай ваеннай акругі, а таксама прафэсура і зоркі Тэатра опэры і балета. Квартал з арт-элітай неафіцыйна называўся «пасёлкам Лютаровіча» ў гонар Паўла Лютаровіча, тагачаснага старшыні ўпраўленьня па справах мастацтваў, які выбіваў жытло для творчай інтэлігенцыі.
Асмалоўка. Фота з Пінтэрэсту
Тут поўна элементаў клясычнай ды рымскай архітэктуры — эркераў, калёнаў, контрфорсаў і адкрытых галерэяў. Пры забудове раён плянаваўся як горад-сад, і некаторым дрэвам ужо больш за 70 гадоў. Асмалоўку часта параўноўваюць з эўрапейскімі гарадамі і ахвотна фатаграфуюць, менавіта таму яна ўпэўнена трапляе ў рэйтынг інстаграмных мейсцаў Менску.
Гэта, бадай, самы вядомы квартал Менску на беразе Сьвіслачы, які выглядае нібы «музэй пад адкрытым небам». Тут поўна камяністых вузкіх вулак, дахоўкі ды рознакаляровых камяніцаў.
Калісьці тут быў гандлёвы да культурны цэнтр горада і адзін з найбуйнейшых рынкаў — Траецкі кірмаш. У 1809 г. увесь драўляны раён згарэў на вялікім пажары і быў забудаваны наноў ужо спрэс каменнымі дамамі.
Траецкае прадмесьце і Выспа сьлёз. Фота: belarus.travel
Тут, побач з Траецкім прадмесьцем, Выспа сьлёз, тут камяніца Ваньковічаў і старая аптэка, Літаратурны музэй імя Максіма Багдановіча і скульптура «Вечны вандроўнік», прысьвечаная этнографу і мастаку Язэпу Драздовічу. Сувэнірныя лаўкі, мастацкія галерэі і кавярні зь беларускай кухняй.
Траецкае прадмесьце не абыходзяць ані мастакі, ані турысты, і яно таксама заслугоўвае таго, каб трапіць у сьпіс інстаграмных мейсцаў Менска.
Кастрычніцкая, ці па-ранейшаму Ляхаўская вуліца — галоўны арт-квартал і цэнтр крэатыўнага жыцьця ў Менску. Калісьці гэта была прамысловая ўскраіна з цаглянымі заводамі чырвонага колеру. Тут працаваў станкабудаўнічы завод (будучы МЗОР), сьпірытусовы завод (цяперашні «Крышталь») ды гарбарныя мануфактуры. Яны пакінулі вуліцы знакаміты індустрыйны шарм — старыя трамвайныя рэйкі проста пасярод вуліцы, па якіх вазілі грузы.
У 2014-2019 гг. вуліца пераўтварылася ў ляндшафт для беларуска-бразільскага фэстывалю стрыт-арту Vulica Brazil. Менавіта ў гэты час Кастрычніцкая атрымала новае жыцьцё і стала сучаснай гарадзкой прасторай з мураламі, рэйвамі, кавярнямі і галерэямі.
Вуліца Кастрычніцкая. Фота з Пінтэрэсту
Займае пятае мейсца і фіналізуе гэтую сьціплую падборку інстаграмных мейсцаў.
Што б вы дадалі да гэтага сьпісу?
Яна Вольская, Budzma.org