Вайбы 1990-х: прыгадваем самую культавую і настальгічную рэкламу на беларускім ТБ

06.08.2026
Пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская прыгадвае самыя яскравыя рэкламныя ролікі, якія выходзілі на беларускім тэлебачанні ў 1990-я.

Дысклэймер: у наступным матэрыяле выкарыстоўваюцца вайбы 1990-х, якія могуць выклікаць востры прыступ настальгіі

Прыбярыце зумэраў ад экранаў.

Мы з вамі вяртаемся ў сьвет беларускага рэклямнага тэлебачаньня.

Як толькі ў 1990-х абрынулася жалезная заслона, на новае пакаленьне зваліліся неймаверныя магчымасьці. Не, натуральна, крымінал, дэфіцыт, наступствы плянавай эканомікі і ўсе асаблівасьці пераходнага перыяду нікуды не падзеліся, але разам зь імі, зусім поруч, йшлі фэнаменальная шчырасьць, сьветлая надзея на лепшую будучыню і свабода. Свабода, якую пілі нагбом разам з «Pepsi», «7up», «Coca-Cola» і «Yupi».

Разам са свабодай з’явіліся незалежнае тэлебачаньне і рэкляма. Дык якая яна, рэкляма на беларускім ТБ у 90-я?

«Ня дай кропельцы ўпасьці!»

Гэта яскравы ўзор беларускай сацыяльнай рэклямы, якую гледачы нават пасьпелі назваць «сацыяльнай драмай» і «амаль сацыяльным трылерам». Рэкляма дэманструе трывожную сцэну, у якой малы кропелька-сын ледзь не зрываецца з самага ўскрайку трубы звычайнага крану ў лазенцы звычайнай беларускай кватэры. У гэты момант у лазенку заходзіць дзіцёнак і моцна закручвае вэнтыль, што дапамае кропельцы ўратавацца. Саспенс сканчаецца хэпі-эндам, і гледачы могуць выдыхаць.

На форумах людзі прызнаваліся, што гэтая рэкляма была спонсарам іхняй трывогі. Невядома, праўда, ці сапраўды гэты яскравы вобраз зьмяняў сьвядомасьць спажыўцоў і матываваў беларусаў эканоміць водныя рэсурсы, але застаецца фактам тое, што гэтая рэкляма шмат каму запомнілася і пакінула моцныя эмацыйныя ўспаміны.

Трэба зазначыць, што сацыяльнай рэклямы ў Беларусі было безьліч гатункаў і яна шчорда лілася з «блакітных экранаў». Рэкляма пра Канстытуцыю, пра падаткі і неабходнасьць іх сплачваць, пра флікеры (вы ж памятаеце, што гэта, праўда?), пра прыродныя рэсурсы (газ, электраэнэргію) і шмат-шмат яшчэ пра што.

«С Рождеством и Новым годом поздравляет фирма «Модум»!»

Гэтыя радкі з рэклямы беларускай касмэтычнай фірмы «Модум» тыя, хто хаця б раз у жыцьці бачыў гэтую рэкляму, абавязкова прасьпяваюць і ўзгадаюць незабыўную мэлёдыю.

Менавіта гэтая песьня, якая з’явілася ў рэклямным роліку ў 1999 годзе, стала адной з самых запамінальных і распазнавальных рэклямаў на беларускім ТБ у 1990-х.

А паколькі ролік паказвалі тэматычна ў пераднавагодні час, то шмат у каго рэкляма асацыюецца з цёплымі ўспамінамі пра дзяцінства, сьнег і падарункі.

Сама фірма «Модум» паўстала ў Менску ў 1995 годзе і спачатку займалася імпартам нямецкіх тавараў. У год заснаваньня «Модум» выпусьціла свой першы шампунь «Мядовы» маркі «Элеганс», а яшчэ праз год запусьціла ўласныя касмэтычныя лінейкі. Дарэчы, менавіта фірме «Модум» належыць знаёмая шмат каму зь дзяцінства зубная паста «32 жемчужины». Якая, дарэчы, нарадзіла ня менш запамінальны рэклямны слоган: «Для улыбки так важны 32 жемчужины».

«Косметики прекрасней нет, Bielita-Вітэкс золотой дуэт, вот и весь секрет»

Яшчэ адзін касмэтычны гігант на беларускім рынку, які паўстаў ажно ў канцы 1980-х і атрымаў афіцыйную рэгістрацыю адразу з італійскімі партнэрамі. Спачатку фірма называлася проста «Беліта» (відаць, ад Беларусь-Італія, мудрагеліць тут ня сталі). Італійскі бок паставіў абсталяваньне і перадаў касмэтычныя формулы, а беларускі забясьпечыў прадпрыемства кадрамі ды плошчамі. У 1990-х на рынак выйшлі шампуні «Крапіва», «Мэліса», «Аер» ды «Шалфей». Але галоўны здабытак, які падарыла кампанія сьвету касмэтыкі — бальзам «Рэвівор», што за часы свайго існаваньня стаў сапраўднай легендай. У 1993-м адкрылася філія кампаніі ў Віцебску, што і спарадзіла другую частку знакамітай назвы «Беліта-Вітэкс».

Дарэчы, пакідаем за кадрам паэтычны шэдэўр тэлевізійнай рэклямы кампаніі пра залаты дуэт, а вось вонкавую рэкляму кампанія выкарыстоўвала напоўніцу. Вы дакладна бачылі ў сталіцы велізарныя білборды з характэрным подпісам.

Reklama «BIELITA VITEKS» u Minsku
Рэклама «BIELITA ВIТЭКС» у Мінску на праспекце Незалежнасці. Фота: leaderoutdoor.by

Лявон Вольскі ў рэкляме аўтазапчастак

Знакаміты музыка сапраўды здымаўся ў рэкляме аўтазапчастак. Гэта малавядомы, але культавы факт зь ягонай біяграфіі.

Ролік быў створаны на замову вядомай беларускай кампаніі «АўтаСпэйс» (AutoSpace). У відэа паўставаў карыкатурны ды іранічны вобраз простага «мужычка-беларуса», які ўздымае тыповыя праблемы аўтааматараў. Словы з рэклямы часова сталі лякальным мэм-артэфактам у 1990-я:

«Запчасці, ё-маё, сам знаеш, пакупаць часта. А фільтры эці, дак ішчо чашчэ нада пакупаць»

У роліку будучы аўтар «Трох чарапахаў» рэклямаваў амартызатары, паветраныя да алейныя фільтры, а таксама іншыя тэхнічныя дэталі да аўтамабіляў.

Дарэчы, аўтамабільныя тэма яшчэ ўсплыве ў творчасьці Лявона Вольскага ў выглядзе песьні, прысьвечанай культавай сярод беларусаў мадэлі аўтамабіля «Пасат-універсал» (2008).

«Velcom — простыя словы»

Першыя рэклямныя ролікі мабільнага апэратара сувязі з’явіліся ў 1999 годзе адначасова з запускам кампаніі. Velcom — гэта «velocity communications» («хуткасная сувязь»), але карыстальнікам вельмі падабалася асацыяцыя з ангельскім «welcome», праз што частка беларусаў называла апэратара «велкОм», а частка — «вЭлкам». Офіс кампаніі доўга жыў на знакамітай Кастрычніцкай плошчы ў Менску, а рэклямныя ролікі заўсёды адрозьніваліся вельмі кранальнымі сюжэтамі і душэўнасьцю.

У кампаніі часта былі запамінальныя слоганы і канцэпты. Сярод найбольш яскравых «velcom. От слов к делу». «GSM — стандарт XXI века», «Калі ты ня ведаеш, што будзе заўтра».
На свой 15-гадовы юбілей кампанія выпусьціла беларускамоўны рэклямны ролік з удзелам Лявона Вольскага і запісам у ягоным выкананьні песьні з «Народнага альбома» — «Простыя словы». Ролік вельмі хутка стаў вірусным, а за песьняй замацаваўся вобраз сапраўдных і шчырых чалавечых стасункаў.

Яна Вольская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org