Топ-5 месцаў, куды варта паехаць у верасні

Надышла восень, аднак яшчэ адчуваецца подых лета. Прапануем скарыстацца цёплым надвор’ем і выправіцца ў вандроўку. Падабралі шэраг месцаў, дзе можна цікава і з карысцю правесці час, даведацца новае пра сваю краіну і яе гісторыю. Ёсць варыянты і для актыўнага адпачынку, і для больш спакойнага, сямейнага.

Аўгустоўскі канал

Ідэя збудаваць на Гродзеншчыне водны канал працягласцю больш за 100 кіламетраў узнікла яшчэ ў XVIII стагоддзі, але будаўніцтва пачалося ў часы Расійскай імперыі. Гідратэхнічнае збудаванне размясцілася на мяжы Беларусі і Польшчы. Канал злучае басейны рэк Віслы і Нёмана, забяспечваючы выхад да Балтыйскага і Чорнага мораў. Аб’ект з’яўляецца кандыдатам у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гэтае месца пасуе аматарам актыўнага адпачынку. Тут можна атрымаць асалоду ідучы воднымі шляхамі на байдарках, для такіх сплаваў распрацаваныя адмысловыя маршруты. Добра развітая інфраструктура для падарожжаў пешшу ці на ровары. Уздоўж канала створаныя шматлікія пляцоўкі для адпачынку ў намёце.

Vandroŭka na bajdarkachВандроўка на байдарках. Крыніца: oblsport.grodno.by

Разынкай аб’екта з’яўляецца шлюз «Дамброўка», праз які ажыццяўляюцца рух цеплаходаў. Гэта ўнікальная магчымасць прайсці праз шлюз, які дазваляе мяняць узровень вады на водным шляху судна.

 Šliuz DambroŭkaШлюз Дамброўка. Крыніца: trofei.by

Прыязджаць на канал восенню асабліва прыемна — летняя спякота саступае месца прахалодзе і няма натоўпаў турыстаў.

Сучасны Аўгустоўскі канал — гэта не толькі турыстычная атракцыя, шэдэўр інжынернага мастацтва свайго часу, але і вельмі рамантычнае месца, звязанае з гераічнай працай, марамі і спадзяваннямі многіх вельмі таленавітых людзей. Найперш знакамітага інжынера Прандзінскага.

Гісторыю канала і яго стваральніка мы распавядалі тут: 

Мары, якія не сталі рэчаіснасцю: гісторыя Аўгустоўскага канала і яго будаўніка

У ваколіцах канала знаходзяцца адноўлены палацавы комплекс Валовічаў у Свяцку і гістарычная сядзіба ў Радзівілках. Тут можна азнаёміцца з гісторыяй рэгіёну і зрабіць унікальныя фотаздымкі.

Palac u Sviacku
 Палац у Свяцку. Крыніца: sviatskipalac.by

Парк жывёл «Дыпрыз»

Калі вы ці вашыя дзеці любіце кантактаваць з жывёламі, то вам у «Дыпрыз», што побач з Баранавічамі. Гэта ўнікальны зааландшафтны парк, дзе можна дакрануцца да прыроды і ўбачыць жывёл у іх натуральным асяроддзі. На тэрыторыі парка жыве ажно 100 відаў розных жывёл і птушак.


  dypryz-2.jpgПарк жывёл "Дыпрыз". Фота: Ганцавіцкі час 

Пухнатыя гадаванцы парка спакойна шпацыруюць па тэрыторыі, актыўна ідуць на кантакт з наведвальнікамі, у прасторных загонах жывуць зубры, які і нават вярблюды. У парку можна карміць і гладзіць яго насельнікаў: страусаў, аленяў, коз і альпака.

Karmliennie alieniaŭ na voĺnym vyhulie
Кармленне аленяў на вольным выгуле. Крыніца: travel.by

Ёсць і месца актыўнаму адпачынку — у парку можна арандаваць ровары. А калі стаміліся — альтанкі, дзіцячыя пляцоўкі, кавярні, што робіць наведванне камфортным для ўсёй сям’і.

А заўтра, 6 верасня, у парку адбудзецца самы пухнаты фестываль Беларусі — «ALPACA FEST 2025».

Актыўнасці фэсту, вядома, разлічаны ў першую чаргу на маленькіх гасцей, але і дарослым будзе цікава. У праграме: віктарына пра альпак, конкурсы і эстафеты з прызамі, дэфіле альпака, шоу поні, зоны малявання і лепкі.

Парк беларускай гісторыі «Вялікае Княства Сула»

У 50 кіламетраў ад Мінска, у радавым маёнтку Ленскіх, аматарам даўніны прадстаўлена магчымасць зазірнуць у мінулае Беларусі з дапамогай інтэрактыву парку. Тут можна адправіцца ў эпоху старажытных культаў, пазнаёміцца з варагамі, убачыць, як жылі шляхта і сяляне.

Histaryčny park «Sula»Гістарычны парк «Сула». Крыніца: zefirtravel.by

Акрамя тэатралізаваных пляцовак, можна наведаць майстар-класы па традыцыйных рамёствах, як ганчарства, ткацтва, бортніцтва. Таксама ёсць магчымасць прадэгуставаць старадаўнія беларускія стравы і напоі.

Сама ж сядзіба Ленскіх па-свойму зачароўвае, а побач з ёю ёсць старадаўнія млын, ганчарня, пякарня, аптэка, яўрэйская крама і хата. А яшчэ на тэрыторыі можна прасачыць адзін з самых старажытных гандлёвых шляхоў «З варагаў у грэкі».

Histaryčny park «Sula»
Крыніца: parksula.by

Кожныя выходныя верасня парк ладзіць гістарычныя імпрэзы, дзе можна даведацца пра вясельныя традыцыі, нацыянальныя стравы, традыцыйныя беларускія святы і міфалогію.

Белавежская пушча

Калі вы аматар прагулак па лесе, то варта завітаць на Брэстчыну ў Белавежскую пушчу. Гэта адзін з найстарэйшых лясных масіваў Еўропы з першароднай прыродай, дзе яшчэ засталіся месцы, некранутыя чалавекам. Тут захаваліся тысячагадовыя дубы і хвоі. Чырвонакніжны скальны дуб можна пабачыць толькі ў гэтым месцы.

Skaĺny dub
 Скальны дуб. Крыніца: cdn2.botanichka.ru

У пушчы мноства рэдкіх відаў прадстаўнікоў флоры і фаўны, занесеных у Чырвоную кнігу, у тым ліку і сімвал Беларусі — зубр. Гэтых волатаў можна спаткаць выпадкова, як у жывой прыродзе, так і ў вальеры на тэрыторыі парку.

Упершыню Белавежская пушча ўзгадваецца як суцэльны лес яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе. Тады яе засялялі плямёны яцвягаў. З часоў Вітаўта, а асабліва пры Жыгімонце Аўгусце ды Баторыі ў Пушчы ладзіліся шыкоўныя паляванні. За часамі Расійскай імперыі тут паляваў Мікалай ІІ, які выдаў загад, каб частка Пушчы захавала выгляд першабытнага лесу.

Чорным часам для Пушчы сталі гады Першай сусветнай. Лічыцца, што немцы вывезлі адтуль столькі драўніны (4,5 млн кубоў), колькі было высечана за ўсю папярэднюю гісторыю... Жорсткая эксплуатацыя не спынілася і пры польскай уладзе, хоць паралельна на частцы тэрыторыі ўжо існаваў запаведнік.

У 1939-м Пушча ўвайшла ў склад БССР. Быў створаны дзяржаўны запаведнік «Белавежская пушча», які ўключаў у сябе не толькі лясны масіў, але і лугавую гаспадарку ды Свіслацкую лясную дачу. Пачынаючы з пасляваеннага часу і да сёння, Белавежская пушча — адзін з найбольш пазнавальных брэндаў Беларусі.

У другой палове дзевятнаццатага стагоддзя на тэрыторыі Белавежскай пушчы быў хутар, а цяпер — музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій.

Muziej narodnaha pobytu i staradaŭnich technalohij Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій. Крыніца: npbp.by

У музеі сабраная калекцыя старадаўняга посуду, адзення, прыладаў працы, якімі карысталіся беларусы яшчэ ў пазамінулым стагоддзі.

Браслаўскія азёры і Браслаў

На Браслаўскіх азёрах, што на Віцебшчыне, варта пабываць дзеля неверагоднай прыроднай прыгажосці, якая ўключае больш за 70 азёр, чыстыя вадаёмы, лясы і пясчаныя пляжы, на якіх размешчаныя шматлікія камфортныя стаянкі для намётаў.

Braslaŭskija azioryБраслаўскія азёры. Крыніца: cdn.belarus.travel

Тут можна заняцца актыўным адпачынкам, такім як плаванне ў крыштальна чыстай вадзе, рыбалка, роварныя ці пешыя прагулкі, пазнаёміцца з рэдкімі відамі жывёл і раслін у аднайменным нацыянальным парку.

У самім Браславе, які з’яўляецца цэнтрам нацыянальнага парку, таксама ёсць што паглядзець.

Паводле даследаванняў археолагаў, паселішча на маляўнічым пагорку, аточаным азёрамі, узнікла яшчэ ў ІХ стагоддзі. А ўпершыню ў пісьмовых крыніцах Браслаў узгадваецца ў 1065 годзе, калі на Замкавай гары ўжо было ўмацаванае паселішча.

У Сярэднявеччы тут месціўся адзін з васьмі замкаў, які бараніў Полацкае княства ад нападаў суседзяў. Браслаў меў важнае стратэгічнае значэнне не толькі ў абароне межаў, але і ў стварэнні аднога з цэнтраў улады ў ваколіцах. І ў познім Сярэднявеччы, і ў Новы час Браслаў не страціў сваёй стратэгічнай ролі значнага абарончага пункта на мяжы з Інфлянцкім ордэнам, Пскоўшчынай, а пазней і з Маскоўскай дзяржавай.

Колішні драўляны замак у Браславе, які ўпершыню згадваецца ў 1514 годзе, мы сёння не пабачым, але Замкавая гара захавалася ў самым сэрцы мястэчка.

Braslaŭskaje zamčyšča
 Браслаўскае замчышча, Дзмітрый Струкаў, 1864

Braslau
Браслаў. Фота: planetabelarus.by

Апроч замчышча, азёрных маляўнічых краявідаў і іншых помнікаў прыроды, у Браславе ёсць і некалькі цікавых архітэктурных аб’ектаў, на якія варта звярнуць увагу. Адзін з іх — касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першыя звесткі пра каталіцкі храм у Браславе датуюцца ХV стагоддзем, калі на Замкавай гары ваявода віленскі і староста браслаўскі Войцех Манівід фундаваў узвядзенне першага драўлянага касцёла пад тытулам Маці Божай. Касцёл не аднойчы цярпеў ад пажараў, апошні раз падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе.

Braslaŭski kasciolБраслаўскі касцёл. Крыніца: planetabelarus.by

Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай касцёл працягваў дзейнічаць, але ўжо не змяшчаў усіх вернікаў, таму ў 1824 годзе ля Замкавай гары быў узведзены новы мураваны храм. Пасля пажару ў 1832 годзе, які знішчыў базылянскі кляштар на выспе возера Неспіш, што за 3 км ад Браслава, у касцёл перанесены абраз Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёр, які захоўваецца і сёння ва ўжо перабудаваным у 1897 годзе ў неараманскім стылі будынку.

У знешнім аздабленні касцёла варта звярнуць увагу на захаваную ад папярэдняга храма «разынкавую муроўку» з больш буйных камянёў, праслоеных дробнымі каменьчыкамі, якія сапраўды нагадваюць разынкі.

Будучы ў Браславе, варта рушыць на Маяк. Гэта найлепшая аглядная кропка ў ваколіцах Браслаўскіх азёр. Яе вышыня каля сарака пяці метраў. Адсюль можна зрабіць прыгожыя здымкі на памяць, пацешыць вока захапляльнымі відамі на навакольную тэрыторыю і азёры.

Падрабязней пра тое, што наведаць у Браславе, мы расказвалі ў асобным артыкуле

Вандруйма разам!

А.К. Budzma.org