Топ-5 шляхецкіх пахавальных капліц, якія варта пабачыць

«Каменныя карункі» альбо «каменны крышталь» — так мясцовыя жыхары называюць Свята-Успенскую царкву ў Сар’і. І нездарма. Храм з’яўляецца сапраўднай архітэктурнай перлінай. Пабудаваны ён быў у якасці пахавальнай капліцы роду Лапацінскіх. Апроч згаданай царквы ў Сар’і, прапануем наведаць капліцу Наркевічаў-Едкаў у «Наваградскіх Афінах», неагатычную «кветку Палесся» Ажэшкаў у Закозелі, капліцу-пахавальню Мілашаў у Ідолце ды капліцу Скірмунтаў у Моладаве. Кожная з іх — сапраўдны твор мастацтва са сваёй адметнай гісторыяй.


Капліца-пахавальня Лапацінскіх. Сар’я, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць.

У адным з найпрыгажэйшых куточкаў на поўначы Беларусі, у вёсцы Сар’я Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці захавалася маляўнічая бажніца, сёння Свята-Успенская царква. Але першапачаткова храм быў узведзены як капліца-пахавальня мясцовых землеўласнікаў — вядомага роду Лапацінскіх. Узведзены будынак з чырвонай цэглы і ў распаўсюджаным на той час стылі — неагатычным.

sarja-kaplica-lapacinskih
Капліца-пахавальня Лапацінскіх. Сар’я. Фота: travelstore.by

Сар’я, вядомая ў пісьмовых крыніцах з 1506 года, была выкуплена Лапацінскімі ў 1753 годзе. У 1850 годзе Ігнат Дамінік Лапацінскі ў памяць аб сваёй каханай жонцы Марыі, якая заўчасна пайшла з жыцця, фундаваў узвядзенне рыма-каталіцкай капліцы, якая вабіць турыстаў у Сар’ю сёння. Праектаваў гэты архітэктурны цуд прускі архітэктар Густаў Шахт. Храм мусіў увасабляць вытанчаную прыгажосць маладой нарачонай Ігната Лапацінскага ды глыбіню ягоных пачуццяў. Мэта паспяхова была выканана ў вытанчаных неагатычных формах.

sarja-memaryjalny-kamen-lapacinskih
Мемарыяльны камень Лапацінскім ля капліцы, Сар’я. Фота: planetabelarus.by

Храм быў асвечаны ў 1857 годзе, але ўжо ў 1865 годзе пасля Студзеньскага паўстання бажніца была канфіскаваная расійскімі ўладамі на карысць праваслаўнай царквы. За саветамі будынак выкарыстоўваўся ў якасці сховішча, пасля — як забаўляльная ўстанова. У 1989 годзе храм быў вернуты каталікам і асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Але ў 1990 годзе расійская праваслаўная царква запрэтэндавала на будынак, і касцёл стаў Свята-Успенскай царквой. Сар’янскі храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік сакральнай архітэктуры рэспубліканскага ўзроўню і з’яўляецца адным з найбольш характэрных прыкладаў неаготыкі ў Беларусі. А месцічы з захапленнем называюць капліцу «каменныя карункі» ці «каменны крышталь».

sarja-kaplica-lapacinskih
Капліца-пахавальня Лапацінскіх. Сар’я. Фота: cdn.belarus.travel

Капліца-пахавальня Мілашаў. Ідолта, Мёрскі раён, Віцебская вобласць

Наступная капліца знаходзіцца адносна недалёка ад папярэдняй, але бліжэйшы мост праз Дзвіну ёсць толькі ў Верхнядзвінску, таму да яе прыйдзецца праехаць каля 60 км. Нас цікавіць колішняе мястэчка, сёння аграгарадок Ідолта, спадчына якога, захаваная па сённяшні дзень, звязана з родам Мілашаў.

kaplica-pahavalnya-milashau-idolta
Капліца-пахавальня Мілашаў, Ідолта. Фота: budzma.org

У 1862 годзе Яўгеніюш Мілаш, тагачасны гаспадар Ідолты, фундаваў узвядзенне тут мураванай каталіцкай капліцы ў стылі ранні класіцызм. У бажніцы ён змясціў парэшткі сваёй жонкі Эміліі, а пазней і сам быў пахаваны ў гэтай каплічцы разам з дзецьмі. Бажніца была разрабавана пасля Другой сусветнай вайны, пахавальны склеп разбураны. Могілкі пры капліцы былі знішчаны, ацалела толькі адно надмагілле ХІХ стагоддзя Конрада Мілаша, верагодна, сына Яўгеніюша Мілаша. Будынак вярнуўся да вернікаў толькі ў 1990 годзе.

kaplica-pahavalnya-milashau-idolta
Капліца-пахавальня Мілашаў, Ідолта. Фота: planetabelarus.by

Капліца-пахавальня Наркевічаў-Ёдкаў. Лапушна, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць

Перамесцімся ў Гродзенскую вобласць у вёску Лапушна, колішні маёнтак роду Наркевічаў-Ёдкаў, які тагачасныя гаспадары амбіцыйна называлі «Наваградскімі Афінамі». Сёння ад былой велічы засталося не шмат. Але капліца, асвечаная ў гонар Святой Тарэзы, якая нас цікавіць, захавалася ў добрым стане.

kaplica-pahavalnya-narkevichau-yodkau-lapushna
Капліца-пахавальня Наркевічаў-Ёдкаў, Лапушна. Фота: holiday.by

Вёска Лапушна вядомая з ХІХ стагоддзя, калі тут уладарыў род Пілецкіх. Да Наркевічаў-Ёдкаў паселішча перайшло праз шлюб дачкі Тэафіліі Пілецкай з Ануфрыем Наркевічам-Ёдкам, а пасля таго, як яна аўдавела, з малодшым братам першага мужа Тамашом Наркевічам-Ёдкам. Пасля Тамаша ў маёнтку гаспадарыў ягоны сын Раман з жонкай Марыяй. Іх адзіная дачка Тарэза памерла ва ўзросце пятнаццаці гадоў у 1898-м. А праз дзесяць гадоў, у 1908-м, на ўзлеску, дзе была пахавана Тарэза, у памяць пра дачку яе бацькі ўзвялі цагляную капліцу ў стылі класіцызм. У гэтай каплічцы знайшлі свой спачын і Раман з Марыяй. Будынак за савецкім часам знаходзіўся ў заняпадзе і быў адноўлены толькі ў 1994 годзе.

kaplica-pahavalnya-narkevichau-yodkau-lapushna
Капліца-пахавальня Наркевічаў-Ёдкаў, Лапушна. Фота: valatsuga.by


Чытайце яшчэ:

Капліца-пахавальня Ажэшкаў. Закозель, Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць

Вёска Закозель з ХVII стагоддзя і да Студзеньскага паўстання належала роду Ажэшкаў. Капліца, якая нас цікавіць, была ўзведзена ў 1839 годзе паводле праекта архітэктара Францішка Гаштольда — аўтара вядомага палаца Пуслоўскіх у Косаве. Паводле задумы архітэктара бажніца мусіла выглядаць сярод суворых палескіх краявідаў як рамантычная кветка ў неагатычным стылі. У майстра гэта выдатна атрымалася, верхняя частка будынка візуальна сапраўды нагадвае своеасаблівую кветку.

kaplica-azhehshkau-zakozel
Капліца-пахавальня Ажэшкаў, Закозель. Фота: tropinki.by

Паводле мясцовай легенды, жонка гаспадара Пятра Ажэшкі, знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка, падчас паўстання Кастуся Каліноўскага хавала ў Закозельскай капліцы ад царскіх карнікаў аднаго з кіраўнікоў паўстання, параненага Рамуальда Траўгута. Пасля здушэння паўстання Пётр Ажэшка быў сасланы, а ягоны маёнтак сканфіскаваны на карысць расійскай дзяржавы. Вядома, і будынак капліцы паціху занепадаў без гаспадароў: паводле загаду царскага ўраду ў 1867 годзе ў капліцы быў знішчаны алтар і забіты ўваход.

kaplica-azhehshkau-zakozel
Капліца-пахавальня Ажэшкаў да рэстаўрацыі, Закозель. Фота: planetabelarus.by

Да нашых дзён капліца дайшла ў выглядзе маляўнічых руінаў сярод парку і сажалак. Але некалькі гадоў таму мясцовыя энтузіясты распачалі актыўнае аднаўленне каплічкі: сёння ўжо скончаныя знешнія рэстаўрацыйныя працы. Падчас рэстаўрацыі ў сутарэннях будынка былі знойдзены шматлікія артэфакты ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: фрагменты дэкору капліцы, слуцкіх паясоў, вопраткі пахаваных, дэталі трунаў і іншыя. Былі выяўлены парэшткі чатырох пахаваных: паводле антрапалагічных аналізаў — усе прадстаўнікі роду Ажэшкаў. Парэшткі перапахавалі каля капліцы. За лёсам будынка і ўсімі падзеямі вакол яго можна сачыць тут. 

kaplica-azhehshkau-zakozel
Капліца-пахавальня Ажэшкаў да рэстаўрацыі, Закозель. Фота: planetabelarus.by

Капліца-пахавальня Скірмунтаў. Моладава, Янаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Пахавальная капліца роду Скірмунтаў у вёсцы Моладава Янаўскага раёна Брэсцкай вобласці была ўзведзена ў 1908 годзе ў стылі неакласіцызм па фундацыі прадстаўніка мясцовага шляхецкага роду «рэфарматараў Палесся», вядомага кампазітара і паэта Генрыха Скірмунта. Над праектам храма працаваў выбітны архітэктар Тадэвуш Раствароўскі.

kaplica-pahavalnya-skirmuntau-moladava
Капліца-пахавальня Скірмунтаў, Моладава. Фота: planetabelarus.by

У Моладаве, хавалі ўсіх прадстаўнікоў роду Скірмунтаў, на якім баку свету тыя б ні паміралі. Месцічы ўзгадваюць, што да Другой сусветнай вайны побач з капліцай было сорак надмагільных склепаў, над кожным з якіх стаяў помнік. Але за савецкім часам, пасля 1939 года, гаспадары Моладава былі закатаваныя, капліца і родавыя склепы побач былі цалкам разрабаваныя. Надмагіллі выкарыстоўваліся месцічамі для будаўніцтва, а да капліцы быў прыбудаваны цялятнік. Сёння храм абнесены рыштаваннямі і ўжо некалькі гадоў чакае рэстаўрацыі, а побач з ім яшчэ можна пабачыць рэшткі разбітых надмагільных пліт.

kaplica-pahavalnya-skirmuntau-moladava
Капліца-пахавальня Скірмунтаў, Моладава. Фота: budzma.org

Язэп Вараніцкі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Вандроўка аднаго дня: едзем у Жылічы — беларускі Версаль на 100 пакояў

Смерць і пахаванне ў шляхецкай традыцыі — Memento mori. Сармат