Сяргей Башлыкевіч — лідар гурта «Leibonik», гулец «Што? Дзе? Калі?», інжынер-праграміст і проста харошы чалавек склаў свой топ з пяці беларускіх трэкаў адмыслова для budzma.org.
Фота: Сяргей Башлыкевіч
«Мой спіс песень — не нейкі топ усіх часоў, а песні з вялікім для мяне эмацыйным водгукам, да якіх я так ці інакш час ад часу вяртаюся. Гэта песні-эмоцыі, якія і зараз дазваляюць «зазямліцца» і выключыцца, адначасова і адчуць рух часу, і пакінуць па-за дужкамі ўсе часовыя акалічнасці», — так пракаментаваў Сяргей свой ТОП-5.
1. :B:N: — «Вось такую б»
СБ: Гэтая песня як маё юнацтва — лірычнае, шматнадзейнае, з троху нязграбнай мовай, якое нікуды не спяшаецца і патроху разганяецца само сабой. Яна і ёсць маё юнацтва.
Паслухаць песню можна тут
2. Zet — «Анёл»
СБ: Песня сталення, калі пераехаўшы ў Мінск з ашмянскай цяпліцы, я стаў заўважаць навокал тэнтаклі сапраўднага жыцця. Песня-кпіна, якая пры ўсёй сваёй безнадзейнасці напаўняе энергіяй, як бы даючы час адпачыць перад слэмам наступнай песні-баевіка, больш хуткай, жорсткай і бескампраміснай.
3. Teleport — «Nieman»
СБ: Для мяне гэты «Нёман» нясе вельмі насычаны кактэйль — атмасфера фестываляў «Басовішча», густоўнасць і бязмежнасць музыкі, гарачае лета з фільтрам «сепія», сяброўства і любоў. Песня, якая прыйшла на замену такому любімаму архаічнаму «Нёману» Вайцюшкевіча, канцэнтруючы ўвагу не на мінулым, а на тут і цяпер.
4. Dzieciuki — «Калі над лугам бусел праляцеў»
СБ: Песня напружанага чакання і шчымлівага прадчування бяды, якая зараз выглядае неверагодна прароцкай для свайго 2019 года, калі «было яшчэ нічога невядома». Песня, якая канчаткова зафіксавала ператварэнне «Дзецюкоў» з жанравых панкаў у гурт па-за часам.
Ды і сам адзіны гэты радок «калі над лугам бусел праляцеў» адносіць мяне ў дзяцінства ў тое світанне, калі мне трэба было аднесці дзеду ў поле сняданак.
5. Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra — «Сцяг»
СБ: «Бясконца наша мара аб свабодзе, вядзе нас па зямлі і па вадзе», — такая рэдкая для беларускай музыкі светлая журба, якая напаўняе надзеяй і дапамагае дыхаць на поўныя грудзі.
Нагадваем, што пачуць Сяргея Башлыкевіча можна бліжэйшым часам у Гданьску і ў Вільні на фестывалі Pradmova. Больш падрабязна тут.