«YAUGEN» — сольны акустык-фолк праект у асобе баяніста, клавішніка і вакаліста Яўгена Курыльчыка, вядомага па фолк-гурту «Harmonic Style Project» i поп-кабарэ «Wagon Buffet». Адмыслова для budzma.org Яўген Курыльчык падзяліўся ўласным топам улюбёных беларускіх песень.
Фота: Марына Савіцкая
1. Троіца — «Тры Янгалы»
З гуртом «Троіца» я блізка пазнаёміўся, калі пачаў граць у гурце «Harmonic Style Project» у 2015 — 2016 годзе. Гэтая песня для мяне вельмі глыбокая: пра самое жыццё, самыя пачаткі жыцця. Сама песня напісаная на рэлігійны верш, хаця я чалавек і не асабліва рэлігійны, але ж гэтая песня мяне вельмі кранае, бо змяшчае ў сабе нешта вечнае. Часта слухаю яе, калі патрэбная падтрымка, набрацца моцы духу з нейкіх глыбінных крыніцаў.
2. Серебряная Свадьба — «Я жизнь люблю...»
Уся творчасць Бенькі мне даспадобы, таму цяжка выбраць нейкую пэўную кампазіцыю. «Я жизнь люблю...», пэўна, для мяне дастаткова жыццесцвярджальная. Гумар Святланы Бень, яе такое тэатральнае святло мяне невярагодна натхняюць, таму часта слухаю гэты трэк для ўзняяцца настрою.
3. Зміцер Вайцюшкевіч — «Матуля»
Таксама адна з маіх любымых песень, там яшчэ мой настаўнік па баяне грае партыю, але, вядома, люблю яе не за тое. Маю звязаныя з ёй цёплыя успаміны: як граў яе на Дні Народзінаў маці, калі мы збіраліся ўсёй сям’ёй, сябрамі. Мае для мяне асабістыя сэнсы і блізкасць гэтая песня. Пазнаёміўся з гэтай песняй адносна не так даўно, але запала яна мне ў сэрца надоўга.
4. Leibonik — «Акцівіст»
Таксама цяжка абраць нейкую канкрэтную песню, бо ў маёй падборцы вельмі шмат песень Сяргея Башлыкевіча, яны вельмі ўздымаюць настрой. Таму зараз рандомана абіраю ў свой топ «Актывіста». Вельмі яна мяне заводзіць: стыль музыкі, які я люблю, і такая жартоўная, і пра тое, што без гумару немагчыма глядзець на некаторыя праблемы.
5. Гімн «Магутны Божа» — музыка М. Равенскага, верш Н.Арсенневай
Ведаю гэты твор здаўна: і спяваў яго шмат разоў, і ў хорах, і сам, але, вядома, у час, калі, як і шматлікія беларусы, сябе ўсвядомілі сапраўднымі беларусамі, гэтая песня сыграла вялікую ролю, дапамагла нават некаторыя пачуцці ў сабе адкрыць, якія раней не ўзнікалі, якіх дагэтуль і не ведаў. Новы сусвет беларускі вось гэтая песня ў сабе нясе, для мяне таксама значны.
Яўген Курыльчык зараз пераехаў у Варшаву і стварыў сольны фолькавы праект «YAUGEN», дзе спявае і грае на вялікай колькасці інструментаў: ад гітары да разнастайных этнічных дудак. Яўген ужо меў некалькі выступаў з гэтым праектам у некалькіх гарадох Польшчы.
Яўген стварае ў асноўным уласныя інтэрпрэтацыі народных песень у больш сучасным стылі, дзеліцца, што «дастае магію і шаманізм з народных песень». Зараз музыка актыўна працуе над студыйным запісам альбома народнай музыкі, спадзяецца, што ўжо ў гэтым годзе праца будзе завершана. А адзіны трэк, які пакуль ёсць на стрымінгах, акурат не народны, а напісаны на верш Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне, пазаві..».
ПЖ, budzma.org