Аляксей Гайдукевіч разважае аб тым, якую ролю могуць адыгрываць трасянкі для развіцця нацыянальнай самаідэнтыфікацыі народа на прыкладзе Швейцарыі.
У Еўропе бадай толькі ў дзвюх краінах афіцыйныя нацыянальныя мовы маюць статус «уразлівых» па фармулёўцы ЮНЭСКА. Гэта Беларусь і Ірландыя.
У Ірландыі колькасць жыхароў, якія ўжываюць ірландскую, пакуль што не імкнецца да адсоткаў статыстычнай хібы, як гэта адбываецца з беларускай у Беларусі. На зялёнай выспе існуе і актыўна дзейнічае шмат ініцыятываў па пашырэнні выкарыстання нацыянальнай мовы.
Нават на фактычна акупаванай Брытаніяй паўночнай частцы краіны адбываюцца дэманстрацыі школьнікаў з патрабаваннямі павелічэння колькасці навучальных гадзінаў па ірландскай.
У Беларусі хутчэй больш распаўсюджаныя адваротныя працэсы. Усё часцей можна пачуць аб ініцыятывах бацькоў, якія патрабуюць пераводу беларускай на факультатыўнае навучанне ў школах. Па прыкладзе сітуацыі з мовамі нацыянальных меншасцей за ўсходняй мяжой.
Чытайце яшчэ: Ірландскую мову чакае лёс беларускай?
На гэтым фоне сітуацыя ў Швейцарыі хутчэй успрымаецца як падзеі на нейкай іншай планеце.
У краіне фактычна адбываецца паступовая эвалюцыя дыялектаў (швейцарскіх трасянак) нямецкай да статусу моваў.
Можна сказаць, што ў аўтаномных супольнасцях нямецкамоўных кантонаў не проста спынілі працэсы моўна-культурнай уніфікацыі, якім спрыяла эканоміка ўжо 150 год таму і зараз садзейнічае сучаснае інфармацыйнае грамадства. Сітуацыю здолелі разгарнуць да сепарацыі, моўнага адасаблення некалькіх рэгіёнаў.
Дзеля захавання традыцыйных лакальных ідэнтычнасцяў грамадствы, можна сказаць, вярнуліся ў мінуўшчыну. Калі ў становішчы ізаляцыі блізкія раней гаворкі адасабляліся і працягвалі свой шлях да пэўнага моманту без істотных узаемных уплываў.
Чытайце яшчэ: Ці падыходзіць моўная мадэль Швейцарыі для Беларусі?
У Швейцарыі робяць стаўку на трасянкі (дыялекты, змешаныя «простыя» мовы), якія шмат дзе на планеце даўно лічаць атавізмам, які замінае прагрэсу. Насуперак прыхільнікам уніфікаваных і раскладзеных па палічках моваў, швейцарскае грамадства вырашыла пайсці па шляху, на якім дзякуючы моўным міксам і ўзнікаюць разнастайнасць і шматкаляровасць.
Слоўнік Базельскага дыялекту
Рознае стаўленне да трасянкі
Ужыванне «трасянкі» ў Беларусі ад пачатку ўзнікнення гэтага «тэрміна» ўспрымалася і як акцэнт пры маўленні на рускай, і выкарыстанне дыялектызмаў (адметных моўных формаў, словаў і г. д.). І мела выключна адмоўныя канатацыі, характарызавала чалавека, які размаўляў «на трасянцы», як непісьменнага вяскоўца.
Такое стаўленне да мовы характарызуе падыход савецкай эпохі. Калі гісторыю нашага рэгіёна Еўропы разглядалі выключна як імкненне народаў да амаль дакладных падзелаў і межаў па рэлігійных, этнічных і моўных асаблівасцях.
Але ў нямецкамоўнай традыцыі стаўленне да дыялектаў (трасянак) зусім іншае. Не падобнае да прыхільнікаў існавання адной «вялікай мовы» ад Брэста да Уладзівастока. Бо, як не дзіўна, «нямецкі свет» развіваўся зусім адрозна ад большасці еўрапейскіх. Паступова, гарманічна, прымаючы ў сябе асаблівасці рэгіёнаў, змяняючыся, але не адкідаючы лакальных моўных асаблівасцей.
Больш за тое, не толькі ў Швейцарыі, а нават і ў Германіі вельмі рэдка можна сустрэць непаразуменні ў выпадку выкарыстання дыялектаў (трасянкі ў нашым разуменні). Сама назва deutsch (якую перакладаюць як «нямецкі»), на думку навукоўцаў, паходзіць ад санскрыцкага «народ», «згуртаванне людзей». У некаторых жывых алеманскіх дыялектах і дасюль гэта слова захавала першую літару «t».
Слова хутчэй ужывалася для вызначэння супольнасці людзей, якія разумеюць мову, падобную да гаворак большасці германскіх плямёнаў (супрацьпастаўленне лаціны рымлянаў). А слова Нямеччына (Deutschland) у мінулым хутчэй палічылі б за назву арэала рассялення роднасных народаў, а зусім не пэўную тэрыторыю, тым больш абмежаваную сучаснымі межамі ФРГ.
Пазней, у Сярэднявеччы, шматлікія дыялекты і гаворкі ядналіся вакол цэнтраў асобных народаў на тэрыторыях, падзеленых паміж феадаламі. Такім чынам, першымі ад «нямецкага свету» адасобіліся фламандцы і нідэрландцы. Люксембургская атрымала статус асобнай толькі ў 1980-х, дагэтуль яна лічылася міксам старой франкскай (германскай) з раманскай французскай.
У Швейцарыі адной з афіцыйных цяпер лічыцца Schriftdeutsch — стандартызаваная пісьмовая нямецкая, вельмі блізкая да Standardhochdeutsch — афіцыйнай у Германіі. Але, як і на поўнач ад швейцарскай мяжы, гэта мова літаратуры і газетаў, парламентаў, але не паўсядзённая для ўжытку ў сям’і, сацыяльных сувязяў. Так, нават у Германіі, дзе працэсы моўнай уніфікацыі больш сур’ёзна адбіліся на лакальных гаворках, па ўсёй краіне размаўляюць вельмі па-рознаму. Носьбіты некаторых дыялектаў адразу могуць і не зразумець адно аднаго. Трасянка не ўспрымаецца як непісьменнасць, хутчэй праява лакальнага патрыятызму, не з’яўляецца нечым незвычайным. Ніхто не лічыць патрэбным выпраўляць ці прымушаць размаўляць «нармальна».
Агульная назва для безлічы дыялектаў Швейцарыі — Swyiz tiitsch (так пішацца гэтая назва на адным з дыялектаў).
Гэтыя «трасянкі» вельмі далёкія ад стандартнай нямецкай. Настолькі, што турысты з ФРГ могуць увогуле не разумець швейцарцаў. А некаторыя дыялекты не зразумелыя нават жыхарам суседніх швейцарскіх кантонаў.
«У паўсядзённым жыцці сярод шараговых жыхароў нямецкамоўных частак Швейцарыі падчас дыялогаў з незнаёмымі людзьмі пераход на стандартную нямецкую можа ўспрымацца нават як абраза. Здараецца, што да чалавека аўтаматычна звяртаюцца па-нямецку, а не на дыялекце, таму што яго скура іншага колеру ці ён не падобны на мясцовага жыхара».
Трасянкам у Швейцарыі прадказвалі хуткую смерць
Але яшчэ 100 год таму шмат хто ў Еўропе лічыў, што гэтыя дыялекты не вытрымаюць дамінацыі з боку стандартнай нямецкай. А ў Швейцарыі стандартны пісьмовы варыянт вялікай колькасцю насельніцтва пачаў успрымацца як мова навуковых працаў, літаратуры, паказнік пісьменнасці. Станавіўся прыкметай гарадскога жыхара. Тыя, хто карысталіся Standarddeutsch, намагаліся падкрэсліць сваю адрознасць ад «неадукаваных вяскоўцаў», якія блыталіся ў граматыцы і не грэбавалі словамі з трасянкі.
Але ўсё змянілі дзве вайны і рэвалюцыі ў Германіі. Сантымент швейцарцаў да паўночных суседзяў і стандартнай мовы хутка змылі плыні крыві і смерцяў.
Гісторыкі пішуць, што ўжо ў міжваенны перыяд вялікая колькасць швейцарцаў, якія валодалі стандартнай нямецкай, за мяжой між сабой камунікавалі толькі на дыялектах. Каб ніхто не зразумеў, што яны размаўляюць на адным са шматлікіх варыянтаў нямецкай. Замест таго, каб хаваць акцэнт, які робіць нават маўленне на стандартнай нямецкай не зразумелым для немцаў, пазбягаць дыялектных словаў, як гэта было раней, сярод швейцарцаў набралі папулярнасць відавочныя франкізмы і лацінізмы. Нават для «агульных» звычайных нямецкіх словаў ветлівасці пасля 1940-х не знайшлося месца ў швейцарскіх трасянках.
Павага да магутнай Германіі, якая імкнулая да аб’яднання ў адну дзяржаву ўсіх нямецкамоўных, у швейцарскім грамадстве хутка змянілася на традыцыйнае трыманне дыстанцыі. Яшчэ больш умацавалася мясцовая самаарганізацыя не толькі на ўзроўнях кантонаў, але і на лакальных. Якая неаднаразова ў гісторыі дазваляла швейцарцам пераадолець супярэчнасці і часам непрыхаваную нянавісць з мэтай разбудовы і развіцця канфедэрацыі.
Вокладка CD з казкамі на Базыльскім дыялекце
За апошнія дзесяць год у Швецарыі адбываюцца працэсы, якія могуць сведчыць пра магчымае афармленне ў якасці афіцыйных адразу некалькіх моваў. Ініцыятывы такія пакуль маюць лакальны характар і ідуць знізу. Працэсы гэтыя не хуткія, бо патрабуюць у тым ліку стандартызацыі пісьмовых варыянтаў дыялектаў. Для грамадства з разгалінаванай сеткай лакальных ініцыятываў гэта цяжкі пошук кампрамісаў.
А пакуль ва ўсіх нямецкамоўных кантонах расце колькасць публікацый на дыялектах. У краіне назіраецца немалы попыт не толькі на слоўнікі, але і на дзіцячыя кнігі. Як не дзіўна, бацькі маленькіх швейцарцаў не дужа пераймаюцца тым, што дзеці будуць блытацца ў граматыцы і не навучацца правільна пісаць на стандартнай нямецкай, якая пакуль што застаецца адзінай мовай навучання ў сістэмах адукацыі нямецкамоўных кантонаў.
У той жа час ёсць некаторыя сведчанні таго, што менавіта сярод моладзі расце ўжыванне мясцовых трасянак: «Па даных даследаванняў, 83% маладых людзей да 25 год для сацыяльнай камунікацыі (ад размоваў з незнаёмымі ці на працы да мовы ў сацсетках) выкарыстоўваюць дыялекты. Гэты адсотак на 20 пунктаў ніжэй у выпадку людзей, старэйшых за 25 год».
Справа за палітычнай воляй
Нягледзячы на распаўсюджанасць трасянак і наяўнасць ініцыятыўных групаў, фармалізацыя моваў у Еўропе — гэта ў першую чаргу палітычнае рашэнне. Менавіта зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці былі «праведзены» ўмоўныя межы паміж, напрыклад, харвацкай і баснійскай мовамі. Хаця не кожны мовазнаўца адразу можа вызначыць, на якой канкрэтна з гэтых балканскіх моваў вядзецца гутарка.
У Швейцарыі моўныя пытанні вельмі адчувальныя для грамадства, таму пакуль палітыкі намагаюцца дзейнічаць асцярожна.
Шмат гучыць словаў пра неабходнасць улічваць інтарэсы вялікай колькасці мігрантаў, якія ў першую чаргу вывучаюць стандартную пісьмовую ў нямецкамоўных кантонах. Таму наданне афіцыйнага статусу для дыялектаў можа выклікаць для іх нязручнасці.
Напрыклад, у рэгіянальным парламенце Базэля дэпутаты абмяркоўвалі прапанову прадстаўніка партыі SVP Грофліна:
«Скарэктаваць правілы так, каб паседжанні вяліся ў пераважнасці на мясцовым дыялекце. Стэнаграмы і заканадаўчыя акты публікаваліся на Baseldytsch і стандартнай пісьмовай.
Дзеля захавання самабытнасці і падтрымкі грамадскіх моўных ініцыятываў».
Але большасць дэпутатаў пакуль устрымалася ад такіх крокаў, спаслаўшыся на цяжкасці перакладу.
Хаця некалькігод таму, нягледзячы на тое, што афіцыйнай мовай з’яўляецца толькі стандартная, у парламенце дазволілі выступы на дыялектах.
Трасянкі спрыяюць самаарганізацыі
Тым не менш ужо зразумела, што моўная ініцыятыва ўзнялася з лакальных узроўняў на кантанальны. І палітыкі будуць з часам вымушаныя вяртацца да пытанняў дыялектаў. Бо яны абавязаныя адказваць на сацыяльныя запыты з боку грамадства, часткай якога яны самі з’яўляюцца. І якраз самаідэнтыфікуюць сябе ў большасці сваёй праз дыялект з пэўнай тэрыторыяй і супольнасцю.
Як адзначаецца ў працы амерыканскага навукоўца Джэсікі Рор, якая даследавала сферу самаідэнтыфікацыі жыхароў Цюрыха і суседняга кантона Аргаў:
«Той факт, што людзі розных сацыяльных групаў з адной тэрыторыі чуюць адно ад аднаго аднолькавы дыялект, адрозны ад навакольных рэгіёнаў, мае вялікі ўплыў на самаідэнтыфікацыю для нямецкамоўных швейцарцаў. Гэта падкрэслівае дэмакратычнасць і злучанасць розных слаёў грамадства, што адрознівае Швейцарыю, напрыклад, ад Вялікабрытаніі ці Германіі».
Даследчык падкрэслівае, што ў выпадку, калі, напрыклад, жыхары горада з вышэйшай адукацыяй і сельскай мясцовасці паблізу размаўляюць на адным дыялекце, яны ўсведамляюць сябе часткай вялікай самадастатковай грамады, у якую аб’яднаныя прадстаўнікі розных сацыяльных групаў і статусаў.
Такім чынам — ідэнтычнасць «самаўзмацняецца» разуменнем, што яна звязана не толькі з узроўнямі даходаў. «Трасянкі» ў такім выпадку падпітваюць ідэнтычнасці. У сваю чаргу асобныя ідэнтычнасці падтрымліваюць і развіваюць «трасянкі».
Гэтыя працэсы ў грамадствах дазваляюць рэалізаваць натуральнае імкненне групаў чалавечых істотаў да адасаблення ад большасці атачэння ў выпадку ўсведамлення сваёй еднасці як моцнага элемента суіснавання.
У атаесамленні сукупнасці розных артэфактаў, адметнасцей са сваёй групай, чалавек і супольнасці адчуваюць сваю самадастатковасць і годнасць на фоне іншых народаў.
Швейцарцы не асабліва пераймаюцца тым, што недзе нехта дыялекты (трасянкі) называе вульгарнымі, простымі, непісьменнымі. Не толькі геаграфічныя асаблівасці, гістарычныя падзеі (войны, рэвалюцыі) спрычыніліся да таго, што швейцарскія дыялекты нямецкай выявіліся настолькі моцнымі, што маюць усе шанцы эвалюцыянаваць да асобных моваў.
Нават рэаліі інфармацыйнага грамадства і імклівага змяшэння культураў, знікнення дыялектаў і моўных асаблівасцей не ў стане супрацьстаяць самаарганізаванасці нямецкамоўных швейцарцаў і волі масаў, якія могуць штурхнуць фактычна трасянкі (у разуменні большасці жыхароў Беларусі) у сям’ю асобных еўрапейскіх моваў.
І гэта не проста жаданне быць адметнымі, якое прайшло этапы ад сентыменту да Германіі, кардынальнага змянення стаўлення да суседзяў з поўначы, да сённяшняй папулярнасці дыялектаў сярод моладзі. Менавіта ў такім памкненні да будучыні, разнастайнай, згодна з традыцыямі, а не шэрай аднолькавай, і праяўляецца воля народаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org