У новым выпуску на сваім канале Андрэй Хадановіч распавядае пра сучасную ўкраінскую літаратуру ў беларускіх перакладах. Гэта бліц-агляд трох выбітных украінскіх кніг па-беларуску, якія робяцца ў часы вайны важным актам падтрымкі нашага найбліжэйшага суседа.
Астап Слівінскі «Слоўнік вайны»
Аўтар звярнуўся да жанру нон-фікшн. З першых дзён вайны Астап Слівінскі валанцёрыў на львоўскім вакзале. Калі сотні тысяч чалавек хлынулі ад гарачых кропак, шукаючы бяспекі для сябе і сваіх маленькіх дзяцей. Кожны дзень Львоў гудзеў чалавечымі галасамі, якія патрабавалі фіксацыі. Астап стаў гэтыя гісторыі слухаць, і ў адказ на пытанні: «Як вы?», «Як падарожжа?», пачыналіся гісторыі, якія пасля валанцёрскай працы Слівінскі спрабаваў дакладна запісаць, задакументаваць. Паэт з бездакорным паэтычным слыхам знайшоў ключ, які нібыта немастацкія тэксты аб’ядноўваў у правільнае шматгалоссе.
Марыя Маціёс «Салодкая Даруся»
Кніга, якая магла б стаяць на паліцах паміж «Знакам бяды» і «Аблавай» Васіля Быкава і раманам «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец, кніга, калі казаць пра ўзрост пісьменнікаў, прамежкавае неабходнае звяно паміж Быкавым і Вежнавец. Усе пералічаныя кнігі пра тое, што нашым радзімам ніколі не давалі спакою агрэсіўныя суседзі, але разам з тым ёсць штосьці трывожнае і ў нас саміх: нас знішчаюць акупанты, але мы дапамагаем ім знішчаць адно аднаго. Гэта не Сталін напісаў мільёны даносаў на суседзяў, і доблесныя чэкісты, якія стралялі ў патыліцы нашым продкам, насілі як украінскія, так і беларускія прозвішчы.
Зборнік украінскай паэзіі «Пра словы і цішыню між імі»
Украінская ваенная паэзія, якая толькі пачала пісацца пасля 24 лютага 2022 года і перакладацца на беларускую мову, публікавалася на інтэрнэт-старонцы «Taubin». Яе рэдактары стварылі рубрыку «Make poetry no war», дзе салідарныя з Украінай беларускія паэты і паэткі змяшчалі свае перастварэнні. Сёлета вынікам гэтай рубрыкі зрабілася папяровая кніга з назвай «Пра словы і цішыню між імі» — 13 украінскіх паэтаў і паэтак пераствораныя 4 беларускімі перакладчыкамі і перакладчыцамі.