Мурал з легендарным князем Полацкай зямлі ў залатых промнях узыходзячага сонца з’явіўся ў Полацку. Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбук Signal project.
«Усяслаў Брачыславіч кіраваў Полацкім княствам у 11 стагоддзі. Ягоная постаць засталася ў летапісах і беларускім фальклоры: гэта той самы князь-ваўкалак, які стаяў ля вытокаў нашай дзяржаўнасці. Містычны і авантурны герой свайго часу, які праз паразы і выгнанні нязменна працягваў гульню па сваіх правілах, ішоў да мэтаў і верыў у поспех», — напісала каманда Signal project.
«А яшчэ менавіта ён распачаў будаўніцтва Сафійскага сабора — сімвала палітычнай самастойнасці нашых земляў
На мурале Усяслава Чарадзея суправаджаюць сокал, воўк і чорны кот. Сокал у народнай традыцыі сімвалізуе сонца, перамогу і уладу. Воўк асацыюецца са свабодай, а кот у беларускім фальклоры звязаны з містычным светам.
Цікава, што Усяслаў Брачыславіч паходзіў з варажскага роду, а менавіта вікінгі прывезлі катоў на нашыя землі з Візантыі», — адзначаюць аўтары праекта.
На карціне герой трымае ў руках чароўную раслінку. Мурал паўстаў у Купальскі перыяд, таму гэта можа быць тая самая Папараць-кветка, якая дае здольнасць разумець мову жывёл і дорыць шчасце.
Аўтарам эскіза выступіла студэнтка 5 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра жывапіса) — Аляксандра Прыма. Па гістарычнай частцы кансультавалі ўдзельнікі рэканструктарскай супольнасці «Полацкі зьвяз».
На фасад карціну перанеслі ўсяго за 5 дзён майстры-пінчукі Яўген Сасюра (Mutus) і Сяргей Рысакоў.